У Магілёве таксісты «Яндэкс.Таксі» абвясьцілі страйк. Яны заяўляюць, што цягам бліжэйшых трох дзён на працу ня выедуць. Забастоўку называюць акцыяй пратэсту: гэтак яны патрабуюць ад наймальнікаў павялічыць тарыфы. Незадаволеныя ўмовамі працы і менскія таксісты «Яндэкса». Яны таксама зладзілі свой пратэст.
Расейскі сэрвіс «Яндэкс.Таксі» працуе ў Беларусі ад лютага 2016 году. У «Яндэксе» заяўляюць, што не зьяўляецца працадаўцамі і наймальнікамі таксістаў, а гэтыя функцыі выконваюць мясцовыя транспартныя кампаніі.
Чаго дамагаюцца таксісты. Сьцісла
- Падняць тарыфы мінімум у паўтара раза.
- Перагледзець умовы працы.
- Усталяваць прамыя адносіны з наймальнікам.
- Каб расейская кампанія зрэагавала на пратэст.
Таксоўцы пра цяперашнія тарыфы
17 лістапада на паркоўцы аднаго з найбуйнейшых у Магілёве гандлёвых цэнтраў «Е-Сіці» сабраліся заявіць пра пачатак акцыі пратэсту больш як 60 таксістаў. Паводле іх, гэта ня першая спроба прыцягнуць увагу наймальніка да ўмоваў працы. Пра ранейшыя пратэставыя сходкі яны пісалі ў сацыяльных сетках.
Паводле пратэстоўцаў, у Магілёве аплата працы таксістаў — адна з самых нізкіх у Беларусі. Першыя тры кілямэтры паездкі абыходзяцца пасажыру ў 2 рублі, за кожны наступны кілямэтар ён плаціць 35 капеек. У іншых абласных цэнтрах кілямэтар каштуе 55–60 капеек.
Магілёўскія таксісты настойваюць: каб зарабіць за месяц больш як 500 рублёў, ім трэба за суткі выканаць 40 заказаў. Тады наймальнік гарантуе выплату суткавага бонусу ў 160 рублёў «бруднымі». Паводле іх, за 8 гадзін выканаць такую норму нерэальна, таму многія працуюць па 12–16 гадзін. За месяц выходзіць 600 рублёў. 15–20 працэнтаў з заробленага «Яндэкс» забірае сабе.
«Калі едуць у таксі чатыры чалавекі, — тлумачаць арытмэтыку тарыфу пратэстоўцы, — то ім паездка выходзіць таньней, чым у грамадзкім транспарце. Адзін квіток у ім — 55 капеек. За тыя ж 2 кілямэтры пасажыры заплацілі б аўтобуснаму парку 2,20 рубля».
Што прапануюць таксісты наймальніку
Пратэстоўцы прапануюць павялічыць тарыфы ў 1,5 раза. Яны лічаць, што за першыя 4 кілямэтры пасажыр мае плаціць 3 рублі. Затым па 60 капеек за кожны наступны кілямэтар.
Сваю пазыцыю данесьці наймальніку таксісты ня могуць, бо ня маюць зь ім сувязі наўпрост. Па іх словах, у горадзе няма і дыспэтчарскай службы, куды можна было б паскардзіцца.
«Мы можам толькі напісаць у службу падтрымкі, — кажуць яны, — але адтуль адпісваюць шаблённа: „Мы пільнуем сытуацыю“ і „Партнэрства павінна быць сумленным“».
Магілёўскія пратэстоўцы: «Яндэкс» баіцца абʼяднаньня кіроўцаў
Агрэгатар «Яндэкс» зьявіўся ў Магілёве 28 траўня 2018 году. Паводле суразмоўцаў, наняцца на працу ў гэтую кампанію нескладана. Дастаткова на пэўны нумар у вайбэры даслаць пасьведчаньне кіроўцы і тэхпашпарт. Пасьля гэтага прыйдзе спасылка на код адмысловага мабільнага прыкладаньня. Спампаваўшы яго, можна таксаваць.
Пратэстоўцы кажуць, што рэгулярна пад брэндам «Яндэкс.Таксі» ў горадзе працуе пад 300 чалавек. Зарэгістравана ж блізу 1 тысячы. Нямала кіроўцаў выяжджаюць на лініі пасьля асноўнай працы, каб падзарабіць.
Таксісты тлумачаць, што многія іхныя калегі на час пратэсту пазьяжджалі з Магілёва ў іншыя гарады і таксуюць там.
Некаторыя з пратэстоўцаў мяркуюць, што «Яндэкс» баіцца абʼяднаньня кіроўцаў. На іхную думку, «пакуль ня выйдзе 90 працэнтаў таксістаў, наймальнік не адчуе праблемы».
Пратэстуюць таксісты і ў Менску
Пратэстуюць супраць нізкіх тарыфаў і менскія таксісты зь «Яндэксу». Яны выказвалі незадаволенасьць 16 лістапада на паркоўцы гіпэрмаркета «Карона». У сталіцы пасажыр плаціць за кілямэтар паездкі 30 капеек.
Як і калегі з Магілёва, менчукі наракаюць, што няма прамой сувязі з наймальнікам. Яны спадзяюцца, што сваім пратэстам зьвернуць увагу кампаніі на праблему і што з тарыфамі будзе знойдзены кампраміс.
Магілёўскія таксісты настойваюць: калі іхны трохдзённы пратэст ня дасьць плёну, то такія акцыі будуць рабіць рэгулярна ў гадзіны найбольшага наплыву пасажыраў. Яны дапускаюць, што бальшыня кіроўцаў сыдзе зь «Яндэкса», бо ніхто ня будзе працаваць па «нізкіх тарыфах».
Што адказвае «Яндэкс»
Свабода зьвярнулася ў прэсавую службу «Яндэкса», каб высьветліць пазыцыю кіраўніцтва кампаніі адносна пратэсту магілёўскіх і менскіх таксістаў. У лісьце было тры пытаньні:
- Ці ведае кіраўніцтва сэрвісу пра пратэсты таксістаў у Магілёве і Менску?
- Ці абгрунтаваныя іхныя патрабаваньні павялічыць тарыфы?
- Ці існуе сувязь наўпрост з таксістамі?
Кіраўніца прэсавай службы расейскай кампаніі Вольга Дземʼянюк адказала, што «Яндэкс.Таксі» ў краіне працуе ў звычайным рэжыме.
«Колькасьць паездак актыўна расьце, павялічваецца колькасьць кіроўцаў на лініі. Таксапаркі-партнэры таксама працуюць як звычайна. Мы пастаянна на сувязі зь імі і заўсёды, у працоўным парадку, абмяркоўваем пытаньні, зьвязаныя з працаю сэрвісу», — гаворыцца ў яе адказе.
Вольга Дземʼянюк удакладняе: «„Яндэкс.Таксі“ — гэта інфармацыйны цэнтар, які не зьяўляецца працадаўцам і наймальнікам. Гэтыя функцыі выконваюць ягоныя партнэры — мясцовыя транспартныя кампаніі».