30 гадоў таму 20 лістапада 1989 году была прынятая Канвэнцыя ААН аб правах дзіцяці. Дзеля чаго быў патрэбны гэты міжнародны прававы дакумэнт? Якія правы дзяцей найчасьцей парушаюцца ў Беларусі? І чаму дзецям трэба ведаць пра свае правы? Тлумачыць Андрэй Маханько, заснавальнік і сябра рады міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Разуменьне».
Што такое Канвэнцыя аб правах дзіцяці?
Гэта міжнародны прававы дакумэнт, прысьвечаны шырокаму спэктру правоў дзіцяці, які мае абавязковы характар. Канвэнцыя складаецца з 54 артыкулаў, якія дэтальна падаюць індывідуальныя правы кожнага дзіцяці да дасягненьня ім 18 гадоў. Асноўнае — гэта права на поўнае разьвіцьцё сваіх магчымасьцяў ва ўмовах, свабодных ад голаду і нястачы, жорсткасьці, эксплюатацыі і іншых формаў злоўжываньняў.
Ёсьць Ўсеагульная дэклярацыя аб правах чалавека. Навошта патрэбная асобная Канвэнцыя аб правах дзіцяці?
Дэклярацыя аб правах дзіцяці была прынятая ўсьлед за Дэклярацыяй аб правах чалавека ў 1959 годзе. Але дэклярацыя не абавязвае краіны і ўрады яе выконваць і імплемэнтаваць у нацыянальнае заканадаўства. Да прыняцьця канвэнцыі дзіцячы фонд пры ААН UNICEF працаваў фактычна толькі для дапамогі ў надзвычайных сытуацыях, такіх як ліквідацыя голаду ці наступствы войнаў у гарачых кропках.
Як сьвет дамагаўся прыняцьця канвэнцыі?
Дзьве ўплывовыя праваабарончыя групы актыўна дамагаліся прыняцьця сталага, трывалага дакумэнту дзеля абароны правоў дзяцей. Першая група зьявілася ў Ляйдэнскім унівэрсытэце ў Нідэрляндах, і другая — у Варшаве на чале з Ірэнай Сэндлеравай, якая ратавала дзяцей з варшаўскага гета. Дзьве праваабарончыя групы аб’ядналі вакол сябе розныя сілы, у тым ліку вялікае дзіцячае НДА «Save the children», якоя стала рухавіком для прыняцьця канвэнцыі. Гэтыя групы зь Нідэрляндаў і Польшчы абʼядналіся і пачалі рабіць сумесныя высілкі і захады да ўрадаў розных краінаў, у выніку сфармавалася досыць моцная кааліцыя, якая і запусьціла прыняцьцё Канвэнцыі ААН аб правах дзіцяці.
Ці выконвае Канвэнцыю аб правах дзіцяці Беларусь?
Беларусь была адной зь першых краінаў, якая прыняла і ратыфікавала Канвэнцыю аб правах дзіцяці. З 1 студзеня 1994 году канвэнцыя стала часткай заканадаўства Беларусі ў выглядзе Закону аб правах дзіцяці.
У Беларусі часта так бывае, што прымаюцца вельмі прыгожыя і добрыя заканадаўчыя акты, вельмі спрыяльныя для людзей, але потым яны ня надта актыўна выконваюцца, і ў выніку выпустошваецца іх сутнасьць праз нядбайную правапрымяняльную практыку. Так адбываецца і з Канвэнцыяй аб правах дзіцяці.
Што трэба рабіць, каб Канвэнцыя выконвалася?
Апроч таго, што канвэнцыю неабходна выконваць кожны дзень і прымаць адпаведныя законы, каб кожны артыкул канвэнцыі працаваў, трэба, каб пра яе ведалі і самі дзеці, і спэцыялісты, якія абараняюць правы дзяцей. Курс пра Канвэнцыю аб правах дзіцяці доўгі час трываў у школьнай альбо пазашкольнай факультатыўнай праграме. Дзеці ведалі, што такое Канвэнцыя, што такое закон Беларусі аб правах дзіцяці, наогул ведалі пра свае правы, пра правы чалавека ў дачыненьні да дзяцей. Зараз такога абавязковага курсу ў школьнай і пазашкольнай факультатыўнай праграме няма.
Што такое Альтэрнатыўная справаздача Камітэту ААН па правах дзіцяці
Раз на шэсьць гадоў дзяржава падае ў ААН справаздачу пра выкананьне Канвэнцыі ААН аб правах дзіцяці. Туды ўключаюцца ўсе правы і тое, што робіць дзяржава, каб яны выконваліся. Але дзяржаўная справаздача амаль што заўсёды не ўлічвае пункту гледжаньня няўрадавых арганізацый, грамадзянскай супольнасьці. Таму недзяржаўныя арганізацыі складаюць кааліцыі ды падаюць свае, альтэрнатыўныя справаздачы, якія дапамагаюць Камітэту ААН па правах дзіцяці разумець, што насамрэч адбываецца ў краіне зь дзецьмі ды іхнымі правамі.
Абʼяднаньне «Разуменьне» падавала альтэрнатыўныя справаздачы двойчы ў 2010 ды 2019 гадах, дзе пісала пра сфэру абароны дзяцей ад гвалту. Гэта дапамагло рэалізаваць дзейсны парадак дня ў гэтай тэме ў 2012-2016, 2017-2021 гадах, а таксама — фармаваць тое, што сапраўды патрэбна беларускім дзецям, а не чынавенству, у наступныя 2022-2026 гады.
Якія асноўныя пагрозы і небясьпекі для дзяцей у Беларусі?
- Самая галоўная небясьпека — нізкі ўзровень бацькоўскай адукацыі ў выхаваньні дзяцей. Гэтаму трэба вучыць — эмпатыі і многім практычным рэчам у выхаваньні дзяцей, што можна і што нельга рабіць.
- Другая небясьпека — вельмі распаўсюджаны фізычны гвалт. Дзяцей нельга біць!!! З выкрыцьцём сэксуальнага гвалту ў Беларусі сытуацыя крыху палепшылася. Паводле экспэртаў, выкрываецца прыкладна чвэрць таго, што адбываецца. На самой справе ніхто ня ведае, колькі адбываецца выпадкаў сэксуальнага і фізычнага гвалту, ня кажучы ўжо пра эмацыйны і эканамічны гвалт. Ніякія дасьледаваньні гэтага не паказваюць.
- Трэцяя небясьпека — развод бацькоў. 51% юнакоў і дзяўчат называюць гэта самым балючым перажываньнем у дзяцінстве.
- Чацьвёртая небясьпека — праблема незалежнага суду і пазасудовага адабраньня дзяцей у адпаведнасьці з дэкрэтам 18. Пазасудовае адабраньне дзяцей зь сямʼі не спрыяе ні эмацыйнай стабільнасьці дзяцей, ні найлепшай абароне правоў дзяцей.
Абʼяднаньне «Разуменьне» перакананае, што трэба вяртаць судовы мэханізм адабраньня, а таксама трэба рабіць гэта такім чынам, каб была магчымасьць не аддаваць дзіця адразу ў прытулак, а разьмяшчаць, напрыклад, у пашыранай біялягічнай сямʼі (сямʼя, якая складаецца зь некалькіх пакаленьняў, у якую могуць уваходзяць іншыя сваякі і несваякі, зьвязаныя з дадзенай сямʼёй — РС).
Пра якія свае правы беларускія дзеці ня ведаць?
Сёлета абʼяднаньне «Разуменьне» праводзіла апытаньне сярод дзяцей пра тое, як яны ведаюць свае правы. Больш за палову называюць сваімі правамі псэўдаправы (права есьці бургеры ці права «сядзець» у тэлефоне), якія не тычацца наогул галіны правоў чалавека. Дзеці ведаюць пра права на недатыкальнасьць, ведаюць, што ніхто ня мае права падняць руку на дзіця. Пры гэтым ніхто ня ведае пра права на гульню, пра права на выказваньне ўласных поглядаў ці права на свабоду дзіцячых асацыяцыяў.
Ніхто ня ведае пра так званыя экзатычныя правы як права на выхаваньне абодвума бацькамі, на абарону ад гандлю людзьмі. Права на свабоду дзіцячай асацыяцыі наогул не рэалізуецца ў Беларусі. Такія арганізацыі як піянэры і БРСМ — пазаўчарашні дзень, бо гэтыя ідэалягізаваныя саюзы не спрыяюць разьвіцьцю дзіцяці наогул, і дзеці самі кажуць пра фармальны ўдзел у іх.
Гэтыя правы дзіцяці павінны перастаць быць экзатычнымі, і ў Беларусі павінна быць рэалізаванае кожнае права, запісанае ў Канвэнцыі аб правах дзіцяці, 30-годзьдзе якой мы адзначаем 20 лістапада.