Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як абараніць дзіця, якому Лукашэнка «адкруціў бы галаву»? Матолька даслаў адкрыты ліст прадстаўніку UNICEF


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускі блогер і журналіст Антон Матолька апублікаваў на Facebook ​адкрыты ліст да прадстаўніка Дзіцячага фонду Арганізацыі аб’яднаных нацыяў (UNICEF) у Беларусі Мустафу Сарвару ў сувязі са скандалам вакол «настаўніцы з партай» і камэнтарамі Аляксандра Лукашэнкі.​

У лісьце пераказваюцца падзеі, як настаўніца Людміла Чацьвярткова ўжыла гвалт супраць вучня 4-й клясы і ​пагражала яму («Трэсну, а пасьля паглядзім! Я пайду ў турму, а табе *** [гамон] будзе») і як ​адрэагаваў на гэта Аляксандар Лукашэнка («Я на месцы гэтага настаўніка галаву б адкруціў шчанюку нейкаму»​).

Як нагадваюць у тэксьце, UNICEF дадзены глябальны мандат у абароне правоў усіх дзяцей, у тым ліку ў Беларусі, але фонд пакуль не камэнтаваў гісторыі.

Да UNICEF у лісьце тры пытаньні:

  1. Як беларускі офіс ацэньвае ўжываньне гвалту і пагрозу гвалтам з боку настаўніцы адносна вучня 4 клясу?
  2. Як офіс ацэньвае выказваньне Лукашэнкі адносна канкрэтнага дзіцяці, якое пацярпела ад гвалту ў школе?
  3. Якія захады зьбіраецца прыняць фонд, каб абараніць правы дзіця, якое «стала мішэньню для публічнага булінгу з боку Аляксандра Лукашэнкі, які, сярод іншага, вядомы 25-гадовай практыкай грубых парушэньняў правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь»?

Матолька заклікае падпісантаў адсылаць такія ж звароты да прадстаўніка UNICEF праз сайт беларускага офісу ці на электронную пошту офісу, а таксама прадстаўніку Праграмы разьвіцьця ААН у Беларусі.

Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»

З чаго ўсё пачалося

Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».

Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.

Настаўніцу спачатку звольнілі

Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.

Настаўніца Людміла Чацьвярткова
Настаўніца Людміла Чацьвярткова

На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.

Як адрэагавалі бацькі

Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.

Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.

19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.

Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу

18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.

19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».

Міліцыя распачала праверку

У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG