Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля 16 гадоў залежнасьці сын кінуў наркотыкі» — гісторыя пасьля хатняга гвалту


Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock

Восеньню 2018 году Свабода наведала прытулак «Радзіслава» для жанчын, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту. Шэсьць жанчын на ўмовах ананімнасьці пагадзіліся распавесьці свае гісторыі на відэакамэру пры пагашаным сьвятле. Мы вырашылі даведацца, як зьмянілася іх жыцьцё за гэты год.

На сайце Свабоды вы можаце знайсьці гісторыі 44-гадовай Алы, 26-гадовай Натальлі і 24-гадовай Аліны, якія здолелі сысьці ад гвалту і распачаць новае жыцьцё. 38-гадовая Марынай па-ранейшаму жыве з былым мужам і трыма дзецьмі ў адной кватэры. 59-гадовая Валянціна, якая хавалася ў шэлтары ад сына-наркамана, мяркуе, што самае страшнае ў яе жыцьці ўжо ў мінулым.

Гісторыя пятая. З надзеяй

«Я магу цяпер спакойна спаць»

На працягу апошніх 16 гадоў сын Валянціны ўжываў наркотыкі. Былі перапынкі, былі некалькі гадоў турмы, потым усё паўтаралася ізноў. Летась у адчаі жанчына пераехала жыць у прытулак «Радзіслава», бо яна баялася сына, які патрабаваў грошы і тэрарызаваў яе. Жанчына пражыла ў шэлтары два з паловай месяцы. Адсутнасьць маці моцна паўплывала на сына, ён здолеў кінуць наркотыкі і распачаць новае жыцьцё.

— Сыну цяпер 34 гады. Ён адумаўся і перастаў ужываць наркотыкі. Зразумеў, што застанецца адзін, нікому не патрэбны. Паўплывала на яго тое, што я сышла на два месяцы. Грошай у яго не было. Ён ведаў, што калі пойдзе красьці, то яго ізноў пасядзяць, а за краты не хацеў. Ня ведаў, дзе я знаходжуся. Ключы я забрала. Ён залез у кватэру праз фортку на першым паверсе. Холадна было, адзеньня не было цёплага. Дома сядзеў увесь час. Так і адумаўся... Жаніўся, зьехаў ва Ўкраіну. Жыве там зь жонкай, працуе. Усё пакуль добра. Патрэбны час, каб у сына аднавілася здароўе. Яны плянуюць завесьці дзяцей. Мне стала нашмат спакойней жыць.

Валянціна хавала сваю бяду ад знаёмых і калегаў. Гледзячы на яе, ніхто ня мог і здагадацца, якое пекла адбывалася ў яе дома. Цяпер ёй прасьцей гаварыць пра тое, што перажыла.

— Дзякуючы знаходжаньню ў «Радзіславе» я пераадолела псыхалягічны бар’ер. Я была сярод такіх жа жанчын, як і я. Мне дапамагалі добрыя псыхолягі. Я там адышла, адпачыла, стала спакойней. Няма з раніцы да вечара чаканьня нечага дрэннага, як было раней. Я магу спакойна спаць. Гаворым з сынам увесь час, раімся пра розныя рэчы. Ён прасіў прабачэньня ў мяне за ўсё... Цяпер усе залежыць ад яго самога. Яму трэба трымацца. Як бы ня лячылі, калі чалавек сам ня вырашыў на іншы шлях стаць, нічога не дапаможа.

«Я гэта хавала і хаваю ад усіх знаёмых»

Наркотыкі, канфіскаваныя на студэнцкай вечарыне ў Сьцяпянцы, што ў Менску. Ілюстрацыйнае фота.
Наркотыкі, канфіскаваныя на студэнцкай вечарыне ў Сьцяпянцы, што ў Менску. Ілюстрацыйнае фота.

Пражыўшы шмат гадоў побач з сынам-наркаманам, Валянціна перакананая, што антынаркатычнае заканадаўства павінна быць жорсткім.

— Сябры далі яму паспрабаваць, і адразу ўзьнікла залежнасьць. Патрэбныя былі грошы на наркотыкі, таму ён займаўся крадзяжом, сядзеў у турме. Я гэта хавала і хаваю ад усіх знаёмых. Людзі не разумеюць, пакуль самі не сутыкнуцца. Тыя, хто прадаюць наркотыкі, самі іх не ўжываюць. Яны проста нажываюцца. Я разумею бацькоў, чые дзеці сядзяць. Яны ведалі, чым займаліся дзеці... А потым плачуць, што шмат далі?

А нехта кроўю заліваецца ад наркотыкаў. Ня мала ім далі. Калі б адных пакаралі, як належыць, другія б падумалі, ці варта так рабіць. Вельмі шмат залежных ад наркотыкаў у нашым раёне. Некаторыя кінулі, астатнія ці памерлі, ці моцна хворыя да наркотыкаў. Я пагляджу на чалавека і бачу, што ён наркотыкі ўжывае — па твару, па паводзінам, па вачах. Яны чэшуць галаву... Я спачатку ня ведала, а потым адразу стала бачыць. Яны спачатку вельмі вясёлыя, потым змрочныя, а далей ніякія. Адзін аднаго падсаджваюць і ўсё жыцьцё пад адкос...

Валянціна пасябравалі з многімі жанчынамі, якія, як і яна, вымушаныя былі жыць у «Радзіславе».

— Усіх разумела, бо ведала, як гэта цяжка. Я мала сустракала чалавечных людзей. Каб іх было больш, можа, такога б і не было. Куды я не хадзіла, амаль нідзе не было чалавечнасьці. Куды б я не зьвярталася, мне казалі: «Ідзі адсюль, гэта твой крыж». Усе на цябе з пагардай глядзяць. Нібыта ў іх такога ня можа быць. Гэта твой крыж, казалі міліцыянты, нясі да канца, сама вінаватая, сама ня выхавала....

Валянціна ўжо на пэнсіі. Шмат гадоў яна працавала ў гандлі, цяпер падпрацоўвае прыбіральшчыцай.

— Здароўя няма, канечне, але трымаюся. 16 гадоў пражыла з гэтым цяжарам. Мне старэйшы сын казаў: «Мама, як ты не зварʼяцела». А я сябе настройвала на лепшае. Верыла, што ён адумаецца. Так і адбылося. Па натуры ён вельмі добры чалавек. Але наркотыкі кардынальна зьмянялі яго псыхіку. Ён расказаў жонцы пра тое, што зь ім было. Казаў, хай яна вырашыць, ці патрэбны я ёй такі. Распавёў усё яе бацькам, бабулям і дзядулям. Яна яго зразумелі і прынялі. Ён паводзіць сябе абсалютна інакш. Нечым даражыць. Жонка кажа, што ён вельмі стараецца. Я веру, што ўсё будзе добра ў яго...

Неўзабаве на сайце Свабоды апошняя гісторыя цыклю пра хатні гвалт — 41 гадовай Натальлі, у якой пакуль не атрымалася зьмяніць жыцьцё да лепшага.

***

У кастрычніку 2018 году пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар.

Паводле дадзеных МУС, у Беларусі за сем месяцаў 2019 году ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек, 4,5 тысячы хатніх скандалістаў былі прымусова адселеныя ад сям’і. У бліжэйшай пэрспэктыве гаворкі пра падрыхтоўку законапраекту аб процідзеяньні хатняму гвалту не ідзе.

Грамадзкае абʼяднаньне «Радзіслава» было створанае ў 2002 годзе ў горадзе ў Менску жанчынамі, якія пацярпелі ад гвалту, для аказаньня дапамогі іншым жанчынам, якія патрапілі ў такую ж сытуацыю. Цяпер у ім 30 спальных месцаў. Жанчыны могуць жыць у прытулку ад 1 дня да 1 году. Ім бясплатна прадастаўляецца дапамога псыхолягаў, сацыяльных работнікаў, юрыстаў.

Кругласутачны тэлефон экстраннай дапамогі — 8029 610 83 55 email: kartanasiliya@gmail.coм

Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?

У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.

Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».

У канцэпцыі таго законапраекту:

  • Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
  • Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
  • Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.

Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG