Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску 4-гадовы хлопчык спаў у падʼезьдзе. Яго зьбіў і выгнаў з хаты бацька


Ілюстрацыйнае фота Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота Shutterstock

Жыхар Віцебску зьбіў жонку і сына, а пасьля выгнаў дзіця з кватэры. 4-гадовы хлопчык заснуў у чужым дзіцячым вазку, які стаяў на лесьвічнай пляцоўцы, піша Сьледчы камітэт.

Супраць бацькі хлопчыка завялі крымінальную справу за наўмыснае прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня і пакіданьне ў небясьпецы.

Увечары 11 жніўня бацька напіўся і зьбіў жонку. Тая сышла з дому, пакінуўшы дзіця з бацькам. Мужчына піў далей, а пасьля зьбіў сына і выгнаў яго з кватэры.

Паводле афіцыйнай прадстаўніцы СК Юліі Ганчаровай, у 2016 годзе дзіця забралі ад бацькоў, бо прызналі, што хлопчык знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. У 2017 годзе яго вярнулі ў сямʼю.​

Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?

У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.

Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».

У канцэпцыі таго законапраекту:

  • Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
  • Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
  • Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.

Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG