Турынгія стала першай зямлёй у гісторыі Нямеччыны, у якой выбары выйгралі посткамуністы.
Gazeta Wyborcza адзначае, што гэта таксама першая зямля ў Нямеччыне, у якой крайне правая «Альтэрнатыва для Нямеччыны» перамагла хрысьціянскіх дэмакратаў.
Афіцыйныя вынікі выбараў у мясцовы парлямэнт (ляндтаг) у Турынгіі пакуль не абвешчаныя. Gazeta Wyborcza абапіраецца на вынікі эзыт-полу, паводле якога посткамуністы (Die Linke) набралі 29,5% галасоў, «Альтэрнатыва для Нямеччыны» — 24%, хрысьціянскія дэмакраты (CDU) — 22,5%, сацыял-дэмакраты (SPD) — 8,3%, зялёныя — 5,5%.
Пяць гадоў таму выбары ў Турынгіі выйгралі хрысьціянскія дэмакраты, але посткамуністам, якія тады занялі другое месца, удалося стварыць мясцовы ўрад разам з сацыял-дэмакратамі і зялёнымі.
Турынгія — адна зь пяці новых фэдэральных зямель, утвораных на тэрыторыі былой Усходняй Нямеччыны пасьля ўзьяднаньня з Заходняй Нямеччынай. Паводле Deutsche Welle, cамай вялікай праблемай тут зьяўляецца міграцыя моладзі. Маладыя людзі зьяжджаюць за мяжу, перасяляюцца ў іншыя фэдэральныя зямлі або перабіраюцца з вёсак у вялікія гарады Турынгіі. Адначасова колькасьць жыхароў у вялікіх гарадах зямлі (Ена, Эрфурт) у апошнія гады стабільна расьце, а вёскі пусьцеюць. Многія камуны адчуваюць сябе адарванымі ад астатняга сьвету праз адсутнасьць транспартнай інфраструктуры. Ёсьць месцы, дзе ня ходзяць нават аўтобусы.
Deutsche Welle таксама цытуе палітоляга з унівэрсытэту ў Ене, які лічыць, што вялікая папулярнасьць у Турынгіі правапапулісцкай «Альтэрнатывы для Нямеччыны» тлумачыцца перш за ўсё наплывам мігрантаў: «Многія гады жыхары гэтай фэдэральнай зямлі чуюць, што няма грошай на рамонт школ, на паліцэйскія пастарункі, на новыя аўтобусныя маршруты. І раптам у 2015 годзе яны ўбачылі, што аднекуль ўзяліся мільярды эўраў на фінансаваньне захадаў па інтэграцыі мігрантаў. Гэта выклікала незадаволенасьць».