Сёньня мінае 85 гадоў з дня нараджэньня Карласа Шэрмана (1934–2005), паэта, эсэіста і перакладніка, які пісаў на гішпанскай, беларускай і расейскай мовах.
Прапануем вам пазнаёміцца з 10 фактамі з жыцьця Карласа Шэрмана.
Нарадзіўся ва Ўругваі
Карлас Шэрман нарадзіўся 25 кастрычніка 1934 году ў сталіцы Ўругваю Монтэвідэо. Ягоны бацька быў выхадцам габрэйскага паходжаньня з Заходняй Беларусі, маці — карэннай жыхаркай Лацінскай Амэрыкі.
Вучыўся і працаваў у Аргентыне
Карлас Шэрман вучыўся на філялягічным факультэце Нацыянальнага інстытуту імя М. Марэна ў Буэнас-Айрэсе, працаваў у аргентынскіх газэтах.
Эміграваў зь сям’ёй у Савецкі Саюз
У 1956 годзе сям’я Шэрманаў, паверыўшы ў савецкую прапаганду пра добрае жыцьцё ў «краіне Саветаў», пераехала ў СССР і пасялілася ў Беларусі.
Працаваў бібліятэкарам у Менску
У Беларусі Карлас Шэрман дасканала авалодаў беларускай мовай і стаў загадчыкам рэдакцыйна-выдавецкага сэктару Фундамэнтальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі.
Вершы пісаў па-гішпанску, эсэ — па-беларуску
Карлас Шэрман — аўтар гішпанскамоўных паэмаў «Дождж у Каралішчавічах» і «Накірункі сьвету» (абедзьве паэмы на беларускую пераклаў Рыгор Барадулін) ды зборніка вершаў «Сны» (пераклад на беларускую Рыгора Барадуліна і Васіля Сёмухі), беларускамоўнай кнігі крытыкі і эсэ «Таямніцы почырку» (1995).
Перакладаў Маркеса на расейскую і беларускую
Карлас Шэрман, які быў асабіста знаёмы з Габрыэлем Гарсія Маркесам, разам зь Віталём Тарасам пераклаў на расейскую мову раман Маркеса «Восень патрыярха» (раман зьявіўся ў 1975 годзе, а пераклад Шэрмана і Тараса — у менскім «Нёмане» ў 1977). На беларускую мову Карлас Шэрман пераклаў аповесьць Маркеса «Неверагодная і смутная гісторыя пра наіўную Эрэндзіру і яе бессардэчную бабулю» і раман «Каханьне падчас халеры».
Да таго ж Карлас Шэрман склаў зборнікі беларускіх перакладаў выбранай лірыкі Фэдэрыка Гарсія Лёркі, Пабла Нэруды, Нікаляса Гільена, Габрыелі Містраль, а таксама анталёгію кубінскай паэзіі.
Перакладаў беларускіх аўтараў на гішпанскую
Дзякуючы Шэрману па-гішпанску загучалі беларускія аўтары Янка Купала, Якуб Колас, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Іван Шамякін, Іван Чыгрынаў.
Суарганізаваў Беларускі ПЭН-цэнтар
У 1989–2001 гг. Карлас Шэрман быў першым віцэ-прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру, стаўшы фактычна адным зь яго заснавальнікаў.
Распрацоўваў Усеагульную дэклярацыю моўных правоў
Працуючы ў Беларускім ПЭН-цэнтры, Карлас Шэрман быў рухавіком распрацоўкі Ўсеагульнай дэкларацыі моўных правоў, якая прыраўноўвае моўныя правы народаў да ўсіх іншых фундамэнтальных правоў.
Памёр у Нарвэгіі
Апошнія гады жыцьця Карлас Шэрман знаходзіўся на лячэньні ў Нарвэгіі, дзе памёр 4 сакавіка 2005 году. Цела было паддадзена крэмацыі, прах перавезьлі ў Беларусь і пахавалі на Паўночных могілках у Менску.