Спэктакль Беларускага свабоднага тэатру «Сабакі Эўропы» паводле аднайменнага раману Альгерда Бахарэвіча ў траўні 2020 году будзе паказаны на адной з самых прэстыжных эўрапейскіх тэатральных сцэнаў — культурным цэнтры «Барбікан» у Лёндане. Упершыню ў гісторыі на гэтай сцэне выступіць беларускі калектыў і зь яе прагучыць беларуская мова.
Пра гэта было абвешчана 23 кастрычніка падчас азнаямленьня прэсы і крытыкаў з праграмай цэнтру на 2020 год. У паведамленьні гаворыцца, што ў траўні 2020 году на галоўнай тэатральнай сцэны «Барбікану» адбудзецца сусьветная прэм’ера спэктаклю «Сабакі Эўропы» — «эпічнай фантазіі і палітычнага трылеру пра небясьпекі ігнараваньня моманту, калі пускае свае карані аўтарытарызм».
Кнігу Альгерда Бахарэвіча на мову тэатру пераклалі Марыя Бяльковіч і Мікалай Халезін. Спэктаклі ў «Барбікане» пройдуць 13-16 траўня 2020 году.
Мы пагаварылі пра новую працу Беларускага свабоднага тэатру зь яго мастацкім кіраўніком Мікалаем Халезіным.
— Мікалай, што такое Barbican?
— Barbican — гэта найбуйнейшы ў Эўропе культурны цэнтар, які аб’ядноўвае пад сваім дахам праекты ў сфэры музыкі, тэатру, кіно, літаратуры, выяўленчага мастацтва і адукацыі і мае свае філіялы ня толькі ў Вялікабрытаніі, але і за мяжой. Гэта адна з самых прэстыжных тэатральных сцэн у сьвеце, на якой граюць свае спэктаклі тэатральныя калектывы першай велічыні: ад калектываў Рамэа Кастэлючы і Рабэра Лепажа да Арыяны Мнушкінай і Пітэра Брука. Сярод рэзыдэнтаў Barbican’у — Лёнданскі сымфанічны аркестар, Сымфанічны аркестар Бі-Бі-Сі, Гілдголская тэатральная школа і яшчэ шэраг прызнаных у сьвеце творчых калектываў.
Мы гралі на многіх прэстыжных сцэнах Вялікабрытаніі — Young Vic, Almeida, Шэкспіраўскі тэатар Globe, але заўсёды ставіліся да Barbican’у як да пэўнага арыентыру, да якога трэба прайсьці з гадамі. І мы шчасьлівыя, што гэты час прыйшоў.
— Пра што вашы «Сабакі» скажуць эўрапейскаму, сусьветнаму гледачу?
— Спэктакль «Сабакі Эўропы» паводле раману Альгерда Бахарэвіча — гэта антыўтопія-папярэджаньне для эўрапейскага гледача, якая спрабуе прымусіць яго зразумець, што тыя тэндэнцыі, якія мы назіраем сёньня ў сьвеце, надзвычай небясьпечныя, і могуць прывесьці да яшчэ горшай сытуацыі, чым тая, якую мы назіраем сёньня ў большасьці постсавецкіх краін. Barbican ахарактарызаваў яго як «эпічная фантазія і палітычны трылер пра небясьпекі ігнараваньня моманту, калі аўтарытарызм пускае свае карані».
Гэты раман надзіва падрабязна мадэлюе магчымую будучыню, абапіраючыся на сёньняшнюю рэальнасьць, мы проста ня мелі права прайсьці міма яго. Пры тым, што ўзяцца за інсцэніроўку твору, які ў арыгінале налічвае амаль тысячу старонак — гэта амаль авантура. Мы гэта ўсьведамлялі, калі пачалі працаваць над яго інсцэніроўкай разам з Марыяй Бяльковіч. У выніку гадавой працы атрымалася 50-старонкавая п’еса, над якой мы да гэтага часу працягваем працу, цяпер ужо ў рэжыме пастановачным, калі да працэсу працы над тэкстам далучыліся нашы акторы.
— Беларускі свабодны тэатар, безумоўна, беларускі, але звычайна працуе бязь межаў. Хто і як працаваў у гэтым новым праекце?
— Над гэтым спэктаклем традыцыйна працуе міжнародная творчая група зь вялікай колькасьці краін: Беларусі, Вялікабрытаніі, Украіны, Канады, Даніі, Нямеччыны, Ірляндыі. Але гэтым разам увесь без выключэньня акторскі склад будзе зь Беларусі. Прычым, трое актораў зь дзесяці дэбютуюць у складзе Свабоднага тэатру на вялікай сцэне: двое зь іх — выхаванцы нашай тэатральнай лябараторыі Fortinbras Аляксей Сапрыкін і Раман Шыцько, а трэці — ужо прызнаны ў Беларусі актор і рэжысэр Юры Дзівакоў, які лёгка ўліўся ў нашу трупу.
Падчас прэм’еры на сцэне Barbican, мы правядзем двухдзённы сэмінар у рамках адукацыйнага праекту і спадзяемся, што гэта стане новым досьведам для нашых маладых актораў. Уласна, гэта і адрозьнівае наш тэатар ад большасьці іншых — разьвіцьцё і ўзаемазамяняльнасьць. Нашы «вэтэраны» Марына Юрэвіч і Павел Гарадніцкі у гэтым спэктаклі чакана замацаваліся ня толькі на сваіх акторскіх пазыцыях, але і ў якасьці рэпэтыцыйных рэжысэраў, а Кірыл Калбасьнікаў асвойвае сумежную прафэсію асыстэнта рэжысэра. Дадатковыя пазыцыі на гэткіх маштабных міжнародных праектах даюць творчай групе вельмі моцны штуршок, які, дарэчы, уплывае і на павагу да тэатру ў сусьветнай тэатральнай індустрыі.
— Калі адбудзецца беларуская прэм’ера спэктаклю і чым яе пастаноўка будзе адрозьнівацца ад лёнданскай?
— Беларуская прэм’ера адбудзецца ў Менску ў канцы лютага. Сам драматургічны матэрыял ніяк ня будзе адрозьнівацца ад таго, што мы пакажам у Лёндане, але ў паказах будзе шэраг адрозьненьняў. Яны будуць тычыцца толькі розьніцы ў пастановачных тэхнічных магчымасьцях, бо такая розьніца паміж Barbican і любой беларускай тэатральнай прасторай відавочная.
Што яшчэ важна. У рамане Альгерда закладзеная дуальнасьць, якая неаднаразова праяўляецца ў яго фабуле. І мы вырашылі падтрымаць гэтую ідэю канцэптуальным рашэньнем у арганізацыі працы над спэктаклем. Практычна на ўсіх пастановачных пазыцыях працуюць людзі, якія прадстаўляюць ня проста розныя творчыя погляды, але нават розныя краіны: відэарэжысэры — украінец Раман Любы і ангелец Джош Фаро, кампазытары — нямецкі Сяргей Неўскі і канадзкі Марк Марчык, над сцэнаграфіяй я працую супольна з датчанінам Мікалаем Гарт-Гансэнам.
Нам здаецца, што гэткія альянсы пашыраць наш погляд на матэрыял і нададуць яму ўнікальнае гучанне.