У 2010 годзе Вольга Такарчук была госьцяй міжнароднага кніжнага кірмашу ў Празе. Якраз быў выйшаў чэскі пераклад яе кнігі «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых» (2009), і арганізатары кірмашу арганізавалі ёй сустрэчу з чытачамі.
Мы пайшлі на кірмаш з жонкай, закупілі на польскім стэндзе польскую вэрсію гэтага раману і атрымалі аўтограф ад пісьменьніцы.
Я пры нагодзе запытаў у Вольгі Такарчук, ці ўдаецца ёй жыць зь літаратуры, то бок з ганарараў, якія яна атрымлівае за выданьні сваіх кніг. Ці, можа, яна недзе працуе і мае сталую зарплату, а кніжкі піша ў вольным часе?
Такарчук адказала мне, што займаецца выключна пісаньнем, але выжыць толькі за ганарары ад выдаўцоў было б ёй немагчыма. Тым ня менш, дадала яна, існуюць дадатковыя, хоць і дробныя крыніцы ўтрыманьня для пісьменьніка: сустрэчы з чытачамі, якія аплачваюцца ўстановамі-арганізатарамі; пісьменьніцкія гранты і стыпэндыі; запрашэньні на розныя сэмінары і кніжныя кірмашы, у тым ліку за мяжой, якія таксама аплачваюцца. Карацей, голад ёй не пагражае…
Цяпер, канешне, Вольга Такарчук — двухразовая ляўрэатка польскай літаратурнай прэміі Nike, ляўрэатка леташняга міжнароднага «Букера» і сёньняшняя ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі за 2018 год — можа дазволіць сабе заняцца выключна пісаньнем і ня думаць, як аплаціць жыльлёва-камунальныя рахункі. З чым яе, безумоўна, варта павіншаваць.
Але ў першую чаргу варта павіншаваць яе за некалькі выдатных кніг, заўважаных ня толькі ў Польшчы, але і за мяжою. Згаданую міжнародную прэмію «Букера» яна атрымала за кнігу «Бегуны», якая раней атрымала польскую прэмію Nike (2008). Прэмію Nike атрымаў таксама яе аб’ёмісты раман «Кнігі Якубавы» (2015).
У фармулёўцы Швэдзкай акадэміі Вольга Такарчук атрымала прэмію за «наратыўнае ўяўленьне, якое з энцыкляпэдычнай жарсьцю прадстаўляе перасяганьне межаў як форму жыцьця». Што-колечы гэта ні значыла б, кнігі гэтай пісьменьніцы варта ня толькі паставіць на сваю паліцу, але і пачытаць.
Мне будзе цікава назіраць за афіцыйнай рэакцыяй уладаў Польшчы на прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі Такарчук. Нікому не сакрэт, што пісьменьніца зьяўляецца вельмі вострым крытыкам цяперашняга палітычнага курсу краіны, які ўзяў урад «Права і справядлівасьці».
Чатыры гады таму, пасьля таго, калі яе выказваньне пра Польшчу як пра неталерантную краіну было растыражаванае першым каналам дзяржаўнай тэлевізіі, супроць пісьменьніцы ўзьнялася хваля нянавісных выказваньняў у сацыяльных сетках.
Сярод патрабаваньняў, каб Такарчук выбачылася перад палякамі за «зьнявагу», як пісала Gazeta Wyborcza, трапляліся і заклікі да расправы зь пісьменьніцай (у інтэрнэце быў пададзены яе прыватны адрас) або да выдаленьня яе з Польшчы ды эпітэты кшталту «жыдоўская анучка» і «ўкраінская кур...а».
Вольга Такарчук нарадзілася ў 1962 годзе ў сям’і, якая пасьля вайны перасялілася з Украіны ў Польшчу на гэтак званыя «вернутыя землі» (ziemie odzyskane). На пытаньне пра сваю нацыянальную тоеснасьць і «ўкраінскія карані» пісьменьніца аднойчы адказала ўкраінскаму журналісту:
«Да вайны мой тата жыў з бацькамі каля Залачова на Львоўшчыне. Пасьля яны выехалі ў Польшчу, а калі бацька быў падлеткам, бацькі памерлі. Так парвалася гэтая сувязь. Акрамя таго, бацька быў дзьвюхмоўным — маці была ўкраінкай, а бацька — палякам. Хаця ён быў больш украінскамоўным, таму што яго вучыла маці. Але са мной так здарылася, што на гэтым украінскім баку па бацьку не было ні дзеда, ні бабулі, і ніхто не расказваў пра Галічыну, адкуль яны родам, ні пра Ўкраіну. А з боку маёй маці ў мяне былі і бабуля, і дзед (а яны былі палякамі), і празь іх у мяне ўвайшла пераважна польская традыцыя».
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.