Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліва на БелАЭС маглі б пастаўляць і амэрыканцы, — намесьніца міністра энэргетыкі ЗША

абноўлена

БелАЭС
БелАЭС

ЗША заклікаюць Літву і Беларусь падтрымліваць дыялёг у пытанні БелАЭС, прычым ЗША нават маглі б пастаўляць для яе паліва. Пра гэта заявіла ў Вільні намесьніца міністра энэргетыкі ЗША Рыта Барануол, перадае delfi.lt.

Абноўлена. Міністар энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч, як перадае Tut.by, сказаў, што «гэтая інфармацыя новая» і ён не гатовы яе камэнтаваць, а таксама параіў дачакацца завозу замоўленага паліва і запуску АЭС.

Яшчэ ўчора прэс-служба ўраду Літвы сьцьвярджала, што Вашынгтон гатовы садзейнічаць Вільні ў блякаваньні экспартных паставак электраэнэргіі, якая будзе вырабляцца на БелАЭС.​ Такая заява была зробленая па выніках сустрэчы прэм’ера Саўлюса Сквярняліса зь міністрам энэргетыкі ЗША Рыкам Пэры, які знаходзіцца зь візытам у Вільні.

Пазьней літоўскае агенцтва BNS паведамла, што міністар энэргетыкі ЗША Рык Пэры заявіў, што наконт БелАЭС у Астраўцы Літве трэба мець зносіны зь Міжнародным агенцтвам атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) і Беларусьсю, а ЗША ня будуць умешвацца ў перамовы аб гэтым пытаньні.

«Ня ў нашых мэтах весьці перамовы аб будаўніцтве атамнай станцыі ў Эўропе, і я б сапраўды пакінуў гэта лідэрам краіны, і ў вядзеньні перамоваў зь беларусамі, і МАГАТЭ», — сказаў Пэры.

Рык Пэры
Рык Пэры

Тым часам яго намесьніца ўгадала агенцтву BNS, што паліва такім рэактарам маглі б пастаўляць і ЗША.

«Я б сказала, што рэактары ВВЭР, падобныя да тых, што ставяцца на БелЭАС, бясьпечна працуюць у сьвеце. У будучыні паліва часткова маглі б пастаўляць і амэрыканскія пастаўшчыкі паліва. Гэта ўжо робіцца на некаторых электрастанцыях у сьвеце», — сказала Барануол.

Урад Літвы сьцьвярджае, што Беларусь будуе сваю станцыю недалёка ад Літвы з парушэньнямі стандартаў бясьпекі, і заклікае блякаваць імпарт электраэнэргіі з гэтай станцыі.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
  • З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
  • У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
  • 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG