Расея заблякавала пастаўкі энэргетычнага вугалю ва Ўкраіну празь Беларусь. Гэтую інфармацыю агенцтву БелаПАН пацьвердзілі ў Міністэрстве энэргетыкі й вугальнай прамысловасьці Ўкраіны.
«Так, такая інфармацыя ёсьць, але падрабязнасьцяў няма», — паведаміла прэсавая сакратар міністэрства Ганна Дудка.
Раней пра тое, што з кастрычніка Расея перакрыла беларускі калідор паставак энэргетычнага вугалю ва Ўкраіну, паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку старшыня Незалежнага прафсаюзу гарнякоў і народны дэпутат Украіны Міхаіл Валынец.
Паводле яго даных, штомесяц ва Ўкраіну празь Беларусь пастаўлялася 300–400 тысяч тон расейскага вугалю. Для гэтага адпраўшчыкі падавалі заяўкі на Расейскую чыгунку.
«З 1 кастрычніка ніводная заяўка не пацьвярджаецца. Гэта азначае стварэньне велізарнага дэфіцыту энэргетычнага вугалю ў небясьпечны момант — зімой», — напісаў Валынец.
Інфармацыю аб блякаваньні паставак таксама пацьвердзіў адзін зь беларускіх трэйдэраў. Паводле яго словаў, цяпер Расейская чыгунка проста ня будзе пісаць чыгуначныя накладныя на Беларусь. Такім чынам, на думку суразмоўцы, Расея хоча перакрыць абходныя маршруты паставак.
З чэрвеня адгрузкі расейскага вугалю ва Ўкраіну рабіліся па спэцыяльным дазволе Міністэрства эканамічнага разьвіцьця РФ. З прычыны гэтых абмежаваньняў прамыя пастаўкі моцна ўпалі. Расейскі вугаль пачалі вазіць у абход — празь Беларусь.