У Брусэлі адказалі на папрок прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, што нібыта эўрапейскія краіны недастаткова дапамагаюць Кіеву.
«Падтрымка, якую Эўрапейскі зьвяз Украіне аказваў Украіне на працягу апошніх пяці гадоў, была беспрэцэдэнтнай і пасьлядоўнай», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратаркі кіраўніка Эўрапейскай дыпляматыі Фэдэрыкі Магерыні Маі Кацыянчыч.
«З 2014 году ЭЗ і эўрапейскія фінансавыя інстытуты мабілізавалі звыш € 15 млрд у выглядзе грантаў і пазык для падтрымкі працэсу рэформаў [ва Ўкраіне] з выразнымі ўмовамі для далейшага прагрэсу», — цытуе яе заяву выданьне Politico.
Кацыянчыч дадала, што Брусэль цесна супрацоўнічае з ЗША і іншымі саюзьнікамі «ў падтрымцы Ўкраіны і абароне яе тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Пра недастатковую дапамогу эўрапейскіх краін Украіне Дональд Трамп сказаў напярэдадні 74-й Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку, якая стартавала на гэтым тыдні. Ён зрабіў гэтую заяву ў кантэксьце замарозкі з боку Вашынгтона ваеннай дапамогі Украіне.
«Я прыпыніў выдзяленьне сродкаў, пакуль Эўропа ды іншыя краіны не ўнясуць свой уклад у дапамогу Ўкраіне», — заявіў Трамп.