Візыт Джона Болтана ў Менск можа стаць гістарычным. Найперш як папярэджаньне, што ЗША не пацярпяць новага перадзелу рэгіёну Ўсходняй Эўропы.
Сьцісла
- Апошнім годам інтэнсыфікуюцца камунікацыі між Менскам і Вашынгтонам.
- Менск імкнецца дамагчыся скасаваньня амэрыканскіх санкцыяў.
- З 1990-х гадоў Беларусь цікавіла Вашынгтон толькі з прычыны парушэньняў правоў чалавека. Цяпер геапалітыка зноў вяртае Беларусь у рэчышча амэрыканскай палітыкі.
- Візыт Болтана зьвязаны з пагрозай сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі.
Інфармацыя пра тое, што дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан мае наведаць Менск, прагучала амаль сэнсацыйна. Бо ў Беларусі няма нават амэрыканскага амбасадара.
Хоць апошнім годам камунікацыі паміж Менскам і Вашынгтонам усё больш інтэнсіўныя. У канцы кастрычніка 2018 году Беларусь наведаў памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Уэс Мітчэл. У сакавіку і ліпені 2019 году ў Менску быў намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джордж Кент. Зусім нядаўна, 13–14 жніўня, Беларусь наведала дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША на чале з кангрэсмэнам Майкам Куіглі.
16–18 ліпеня 2019 г. адбыўся візыт у Вашынгтон намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Алега Краўчанкі.
Цікавая інфармацыя зьявілася мінулым тыднем. Дзяржаўная беларуская нафтавая кампанія наняла амэрыканскага лабіста Дэйвіда Генкарэлі, каб дамагчыся поўнага скасаваньня амэрыканскіх санкцыяў, што адкрыла б магчымасьць для Беларусі купляць нафту ў ЗША.
Вазіць нафту з ЗША — гэта ня меншая экзотыка, чым транспартаваць яе з Вэнэсуэлы. То бок ніякага эканамічнага сэнсу ў гэтым нібыта няма. Затое ёсьць сэнс палітычны. Гэта поўнае скасаваньне амэрыканскіх санкцыяў што да Беларусі.
Рэч у тым, што гэтыя санкцыі былі прынятыя ў 2004 годзе Кангрэсам ЗША («Акт аб дэмакратыі ў Беларусі») праз парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. І хоць з 2015 году санкцыі часткова зьнятыя, часткова дзейнічае мараторый на іх стасаваньне, але яны навісаюць над галавой беларускіх уладаў. Прычым адміністрацыя прэзыдэнта Дональда Трампа, для якой тэма правоў чалавека зусім не на першым месцы, ня можа гэтыя санкцыі зусім скасаваць менавіта таму, што яны прынятыя Кангрэсам як закон. І каб скасаваць «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», трэба моцныя лабісцкія высілкі. Вось каб заахвоціць кангрэсмэнаў, і прапанаваны пернік у выглядзе гатоўнасьці купляць амэрыканскую нафту.
Што да візыту дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана, то варта заўважыць, што ён наведае Менск па дарозе з Кіева. То бок беларускі кейс — гэта прыправа да асноўнай стравы.
Цікавая эвалюцыя стаўленьня ЗША да Беларусі. У пачатку 1990-х гадоў Беларусь цікавіла Вашынгтон з гледзішча геапалітыкі. Візыт у Менск прэзыдэнта Злучаных Штатаў Біла Клінтана ў 1994 годзе быў жэстам падтрымкі пазыцыі беларускіх уладаў наконт вываду ядзернай зброі з краіны. Потым, зь сярэдзіны 1990-х гадоў, Беларусь цікавіла Вашынгтон толькі з прычыны парушэньняў правоў чалавека ў ёй.
І вось геапалітыка зноў вяртае Беларусь у рэчышча амэрыканскай палітыкі. Усе экспэрты (напрыклад, мой калега Юры Дракахруст) прыходзяць да высновы, што цяперашні візыт Болтана зьвязаны з імкненьнем Расеі прымусіць Менск да «паглыбленьня інтэграцыі». Гэта асабліва і не хаваецца. Напрыклад, падчас нядаўняга візыту сюды дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША на чале з кангрэсмэнам Майкам Куіглі амбасада Злучаных Штатаў у Менску паведамляла, што яго мэты — «падкрэсьліць прыхільнасьць ЗША падтрымцы сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі».
У ліпені 2019 году падчас наведаньня Менску намесьнікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджам Кентам я меў магчымасьць асабіста коратка пагаварыць зь ім. Яго цікавіла адно: беларуска-расейскія дачыненьні, маштаб пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Масквы. Непрыхаваны ціск Расеі на Беларусь лягічна выклікае занепакоенасьць Вашынгтона.
Дарэчы, Лукашэнка не сустрэўся ані з Джорджам Кентам, ані з кангрэсмэнам Майкам Куіглі. Хоць раней ён прымаў амэрыканскіх палітыкаў падобнага рангу. Думаю, кіраўнік Беларусі адмовіўся ад сустрэчы з тае самае прычыны, зь якой ён ужо два гады адкідае ўсе запрашэньні наведаць дзяржавы Эўразьвязу. Бо ня хоча раздражняць Маскву у момант вельмі вострых беларуска-расейскіх перамоваў.
Яшчэ адзін момант. ЗША выйшлі з Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці і нядаўна выпрабавалі новую ракету, далёкасьць палёту якой выходзіць за межы той дамовы. Пуцін заявіў, што калі такія ракеты зьявяцца ў Эўропе, то Расея дасьць адпаведны адказ. Ня выключана, што разглядаецца варыянт разьмясьціць аналягічныя расейскія ракеты на беларускай тэрыторыі. Магчыма, Болтан хацеў бы празандаваць гэтае пытаньне падчас перамоваў у Менску.
Што да абмеркаваньня лёсу Менскіх пагадненьняў наконт Украіны і ролі Беларусі ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызысу — ня думаю, што гэта моцна цікавіць Болтана. Новы саміт у «нармандзкім фармаце» (Расея, Украіна, Нямеччына, Францыя) пройдзе, паводле заявы Ангелы Мэркель, у Парыжы наступным месяцам. Верагодна, Менскія пагадненьні хутка будуць замененыя альбо моцна дапоўненыя Парыскімі пагадненьнямі.
Але ў кожным разе візыт Джона Болтана ў Менск можа стаць гістарычным. Найперш як папярэджаньне, што ЗША не пацярпяць новага перадзелу рэгіёну Ўсходняй Эўропы.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.