Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі звольніў прадстаўніка Ўкраіны на менскіх перамовах па Данбасе празь месяц пасьля прызначэньня


Раман Бясьсьмертны, архіўнае фота
Раман Бясьсьмертны, архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі вызваліў Рамана Бясьсьмертнага ад абавязкаў прадстаўляць Украіну ў Трохбаковай кантактнай групе (ТКГ) па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.

Паседжаньні ТКГ праходзяць у Менску два разы на месяц. Былы амбасадар Украіны ў Менску Раман Бясьсьмертны працаваў у складзе яе палітычнай падгрупы.

Указ аб адхіленьні Бясьсьмертнага Ўладзімір Зяленскі падпісаў 13 жніўня. Прычына звальненьня ў дакумэнце не ўдакладняецца.

Раман Бясьсьмертны скрытыкаваў дзеяньні Ўладзіміра Зяленскага пасьля таго, як 6 жніўня ў выніку парушэньня перамір’я на Данбасе загінулі чацьвёра ўкраінскіх вайскоўцаў. Бясьсьмертны тады заявіў, што пасьля гэтага Ўкраіна мусіла б прыпыніць удзел у менскіх перамовах, паколькі дамоўленасьці аб прыпыненьні агню не выконваюцца.

Экс-амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны даведаўся пра сваё звальненьне са сродкаў масавай інфармацыі:

«Стыль працы Офіса прэзыдэнта: са СМІ даведаўся пра прызначэньне і пра звальненьне з трохбаковай кантактнай групы ў Менску», — напісаў ён у Фэйсбуку.

7 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі на Данбасе ініцыяваў тэлефонную размову з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, каб той паўплываў на незаконныя ўзброеныя фармаваньні так званых «ЛДНР» і пераканаў іх у неабходнасьці выконваць дамоўленасьці аб замірэньні.

«Я тэрмінова патэлефанаваў яму (Пуціну. — РС), сказаў, што гэта не набліжае нас да міру. Я папрасіў яго паўплываць на другі бок, каб яны перасталі забіваць нашых людзей», — сказаў Уладзімір Зяленскі на брыфінгу ў Кіеве пасьля тэрміновай нарады аб сытуацыі на Данбасе — напярэдадні ў выніку абстрэлаў з боку «ЛДНР» загінулі чатыры ўкраінскія вайскоўцы.

Раман Бясьсьмертны двойчы прадстаўляў Украіну ў складзе менскай Трохбаковай кантактнай групы — першы раз ён быў прызначаны папярэднім прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам, а сёлета 9 ліпеня — новаабраным кіраўніком дзяржавы Ўладзімірам Зяленскім. Першы раз Бясьсьмертны пакінуў групу па ўласным жаданьні, бо не падзяляў стратэгію Пятра Парашэнкі на перамовах у Менску. Такім чынам, Бясьсьмертны прабыў у складзе ТКГ крыху больш за месяц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG