На 15 жніўня прызначаны сход акцыянэраў, які можа скасаваць кантракт паміж Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінатам (ЦКК) і Кітайскай карпарацыяй інжынірынгу САМСЕ, генпадрадчыкам будаўніцтва заводу беленай цэлюлёзы.
Афіцыйныя асобы ЦКК і канцэрну «Беллеспаперпрам» пра прычыны касаваньня кантракту з кітайцамі ня кажуць.
Чаму палітыка прыцягненьня ў Беларусь кітайскіх інвэстыцый цярпіць крах?
Кітайцы быццам бы нашкодзілі, але крымінальнай адказнасьці не панясуць
Кітайcкія будаўнікі, якія ўзводзілі завод беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску, зьехалі ў лютым 2018 году — на кітайскі Новы год — і больш не вярнуліся. Кіраўніцтва карпарацыі САМСЕ цалкам пакінула Сьветлагорск летась у кастрычніку. Днямі на некаторых інтэрнэт-рэсурсах зьявілася інфармацыя, што кітайскіх інвэстараў падазраюць у сабатажы і шкодніцтве: быццам бы, зьяжджаючы, яны забралі ліцэнзійныя ключы з сэрвэраў вытворчасьцяў валакна і цэлюлёзы, выдалілі праграмную лёгіку кіраваньня тэхналягічным абсталяваньнем.
Выданьне Office Life апублікавала копію ліста «Беллеспаперпрама» ў Савет Міністраў. У лісьце паведамляецца, што 17 студзеня 2019 году ў памяшканьні сэрвэрнай у будынку цэнтральнага кіраваньня знайшлі электронную прыладу, не прадугледжаную праектам. Паводле папярэдняй ацэнкі адмыслоўцаў заводу, прылада магла быць выкарыстаная для дыстанцыйнага пашкоджаньня абсталяваньня праз штучнае кароткае замыканьне.
Аднак, па інфармацыі Office Life, і Сьветлагорскі РАУС, і МУС адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы — маўляў, яны ня могуць правесьці праверку, бо ня маюць адмыслоўцаў і тэхнічных магчымасьцяў.
«Беллеспаперпрам»: «У журналістаў наагул няма ніякіх падставаў цікавіцца службовай перапіскай канцэрну»
Прэсавая сакратарка «Беллеспаперпраму» Ружэна Навіцкая не пацьвердзіла і не абвергла, ці быў зварот канцэрну ў МУС і ці быў ліст у Саўмін.
«Вас як сродак масавай інфармацыі ня тычыцца, якія лісты ў „Беллеспаперпраму“ былі, а якія не былі. Гэта наша дзелавая, службовая, унутраная перапіска, а паведамляць, быў ліст ці не, каму мы пішам і пра што, мы не абавязаныя.
Я ня буду камэнтаваць, былі лісты ці не. Вы пабочны чалавек, вас гэта ня тычыцца, у журналістаў наагул няма ніякіх падставаў цікавіцца службовай перапіскай якіх-небудзь арганізацый», — сказала Свабодзе прэс-сакратарка.
Галоўны інжынэр ЦКК: «Гэта ўсё хлусьня».
Галоўны інжынэр Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату Аляксандар Камандзірчык на пытаньне, ці сапраўдны ліст апублікавалі інтэрнэт-выданьні, адказаў Свабодзе, што не чытае сайты Office Life і «Беларускі партызан». Давялося працытаваць фрагмэнт зь меркаванага ліста канцэрну «Беллеспаперпрам» у Савет Міністраў, перадрукаванага інтэрнэт-мэдыямі.
«Калі мы з вамі, незалежна ад пасад і адукаванасьці, зьяўляемся як мінімум карыстальнікамі пэрсанальных кампутараў, мы павінны разумець, што калі забраць нейкі ключ, код, пароль, то працаваць гэтая рэч ня зможа. Завод на сёньняшні дзень у працаздольным стане? Завод працуе. Гэта ўсё, што я магу пракамэнтаваць».
На пытаньне, ці была знойдзеная электронная прылада, якая дыстанцыйна можа пашкодзіць абсталяваньне сэрвэрнай, Камандзірчык адказаў так:
«Я не магу гэта камэнтаваць. Вось ёсьць нейкая прылада, можна сказаць, што гэта цацка, а можна сказаць, што нешта іншае. На любую прыладу павінна быць экспэртнае заключэньне. Калі нейкі хлопчык напісаў у сацсетках і бударажыць сёньня ўсю краіну, паўстае пытаньне — навошта? Ніякай шкоды нам кітайцы не нанесьлі і ніякіх ключоў, кодаў, пароляў яны не забіралі. Магу дакладна сказаць: гэта ўсё хлусьня, хлусяць».
На яшчэ адно пытаньне — ці прыгожа, цывілізавана ЦКК разьвітаўся з кітайскім партнэрам САМСЕ, Аляксандар Камандзірчык адказаў:
«Можна сказаць, што так».
Недазапушчаны завод — рэкардсмэн па надзвычайных здарэньнях
Чыстыя страты Сьветлагорскага ЦКК за 2018 год склалі 206 795 700 рублёў і павялічыліся ў параўнаньні з 2017 годам у 4 разы, пісала мясцовая газэта «Ранак» у рэпартажы са сходу акцыянэраў па выніках году.
Завод пэрыядычна спускае шкодныя адкіды ў раку Бярэзіну. Кітайскія будаўнікі праклалі няякасны кабэль, які даводзіцца мяняць. У сакавіку на адным з карпусоў абваліўся дах. Тынк звонку будынкаў сыплецца.
Ёсьць зьвесткі, што на пачатку ліпеня ў кіслотным цэху заводу моцныя хімічныя апёкі атрымаў рабочы кіслотнага цэху. Пра гэта паведаміла дасьведчаная крыніца, якая прасіла не называць яе.
50-гадовы рабочы пайшоў здымаць кантрольныя прыборы адзін, хоць звычайна гэта робяць двое.
«Ён быў у масцы. Калі ён зьняў прыбор, там быў астаткавы ціск, і кіслата пралілася на нагу. Працаўнік нахіліўся, а тут спрацавала лінія, дала ціск, і ў гэты момант паміж тварам і маскай ударыў струмень. Ён страціў прытомнасьць. Тры дні гэты чалавек знаходзіўся ў рэанімацыйным аддзяленьні Сьветлагорскай бальніцы, потым яго перавялі ў Гомельскі апёкавы цэнтар.
Яму зрабілі некалькі плястычных апэрацый па перасадцы скуры, але на некаторых участках скура не прыжываецца. Інфармацыю хаваюць, як было і з абвалам даху, і зь іншымі надзвычайнымі здарэньнямі», — кажа дасьведчаная крыніца.
Што няшчасны выпадак быў, пацьвердзіў Свабодзе і галоўны інжынэр ЦКК Аляксандар Камандзірчык.
«Калі ён у апёкавым цэнтры, значыць, праўда, што атрымаў апёкі», — прызнаў службовец.
Хто будзе даводзіць завод да ладу, калі кантракт з кітайцамі скасуюць
Калі сход акцыянэраў пастановіць скасаваць кантракт з САМСЕ, працы па запуску заводу будзе выконваць фінская фірма «Andritz Oy» (даччыная кампанія аўстрыйскай «Andritz»). Кіраўніцтва ЦКК ужо езьдзіла ў Фінляндыю, наведала падобны завод па вытворчасьці беленай цэлюлёзы.
«Грамадзкія актывісты на мінулым тыдні хадзілі да старшыні райвыканкаму. Ён кажа, што дырэктар заводу Крук і іншыя зьезьдзілі ў Фінляндыю на аналягічны завод, які знаходзіцца ў цэнтры гораду, працуе добра, няма ніякіх пахаў, людзі не выказваюць незадаволенасьці.
Мы кажам, што той завод будавалі эўрапейцы, а не кітайцы», — сказала грамадзкая актывістка Алена Масьлюкова.
Галоўны інжынэр ЦКК Аляксандар Камандзірчык пра прычыны скасаваньня кантракту з кітайцамі гаварыць адмовіўся. Адказваў вельмі ляканічна, спаслаўшыся на занятасьць і камэрцыйную таямніцу.
«Я юрыдычныя аспэкты не бяруся камэнтаваць», — сказаў ён Свабодзе.
На канкрэтнае пытаньне, калі завод усё ж будзе запушчаны на поўную магутнасьць, выказаў спадзяваньне, што да канца году.
«Завод пабудаваны. Ён гатовы. Ён толькі ня ўведзены ў эксплюатацыю. Зараз вядуцца пусканаладачныя працы. Спадзяюся, што да канца году ён будзе запушчаны».
Кіраўніцтва ЦКК «не выдае сакрэты бізнэс-пляну»
Не адказаў галоўны інжынэр і на пытаньне, хто і якім чынам будзе пагашаць крэдыт. Сёлета гэта 211 мільёнаў даляраў. Раней ЦКК прасіў, каб пагашэньне доўгу перад «Эксімбанкам» Кітаю ў 2019 годзе ажыцьцяўляла не само прадпрыемства, а Міністэрства фінансаў. І прэм’ер-міністар Румас, наведваючы ЦКК у траўні, паабяцаў камбінату адтэрміноўку на 1 год.
«Хто браў крэдыт, той і будзе разьлічвацца. Браў яго Сьветлагорскі ЦКК. На колькі гадоў, як будзем аддаваць — я сакрэты бізнэс-пляну выдаваць ня буду», — сказаў галоўны інжынэр ЦКК Аляксандар Камандзірчык.
Згодна з графікам, расплаціцца з САМСЕ неабходна да студзеня 2023 году: плаціць трэба два разы ў год па 68,62 мільёна даляраў. Кітайскаму генпадрадчыку выплачаны ўжо 761 мільён даляраў.
Завод зноў сьмярдзіць
Зімой жыхары Сьветлагорску скардзіліся на вельмі непрыемны пах, які ідзе, калі завод працуе. Тады гэта прызнаў і намесьнік дырэктара ЦКК па ідэалёгіі Сяргей Гарбачоў.
«На жаль, гэты газ настолькі сьмярдзючы, што мы яго чуем, калі там дзьве малекулы на кубічны мэтар», — прызнаўся Гарбачоў.
На пытаньне Свабоды, ці адчуваецца непрыемны пах цяпер, галоўны інжынэр ЦКК Аляксандар Камандзірчык адказаў, што сытуацыя нармалізавалася.
«Я ўсім вашым калегам кажу: прыяжджайце ў Сьветлагорск, пажывіце тут. Размовы пра пах надуманыя. Я не адмаўляю, што раней пахі былі. На сёньняшні дзень сытуацыя нармалізаваная. Ну, здараецца часам, але я яшчэ раз паўтараю: завод знаходзіцца ў пусканаладцы», — кажа Камандзірчык.
«У нядзелю мы прыйшлі на плошчу карміць галубоў, у горадзе крышачку сьмярдзела. А ў панядзелак нам патэлефанавалі жыхары Якімавай Слабады, побач зь якой завод, і кажуць: вельмі моцна сьмярдзіць. Так што я ня ведаю, чаму Камандзірчыку не сьмярдзіць і ён кажа, што ўсё добра, калі ў Слабадзе канкрэтна сьмярдзіць», — пярэчыць грамадзкая актывістка Алена Масьлюкова.
Кіраўнік ініцыятыўнай групы па кантролі за будаўніцтвам заводу Анатоль Зьмітровіч перакананы, што прычыны непрыемнага паху — у тым, што на экалёгіі зэканомілі. Актывіст працытаваў тлумачальную запіску «Ахова навакольнага асяродзьдзя» да архітэктурнага праекту.
«Прадугледжаныя сыстэмы збору высока- і нізкаканцэнтраваных газаў, якія дрэнна пахнуць. Праектам прадугледжаная магчымасьць поўнага спальваньня сьмярдзючага газу... На ўчастку выпаркі — удасканаленая сыстэма збору сьмярдзючага газу. Цэлая старонка — пра тое, што паху быць не павінна. А калі мы два гады нюхаем шкодны, сьмярдзючы газ — значыць, нешта было недабудавана, значыць, яны зэканомілі на гэтым. Бо калі б будавалі згодна з праектам, паху не было б», — кажа Зьмітровіч.
Гэта ня першы «завалены» праект з кітайцамі
Кітайская экспансія на Беларусь стварае ўсё больш праблем для краіны.
Завод беленай цэлюлёзы пачалі будаваць паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі ад 30.08.2012. Выхад заводу на праектную магутнасьць быў заплянаваны на 2015 год. Вытворчая магутнасьць — 400 тысяч тон беленай цэлюлёзы ў год.
Аднак Сьветлагорскі завод дагэтуль не працуе на поўную магутнасьць. Як не працуе і падобны завод па вытворчасьці мелаваных і немелаваных відаў кардону ў Добрушы, які таксама пачыналі будаваць на ўказ Лукашэнкі кітайцы — кампанія «Сюань Юань». Яго пуск таксама быў заплянаваны на 2015 год. Тэрміны зацягнуліся, і дырэктар Добрускага заводу прасіў у дзяржавы яшчэ 80 мільёнаў даляраў, каб запусьціць завод.
У траўні 2018 году тагачасны прэм’ер Андрэй Кабякоў заявіў, што дамова зь фірмай «Сюань Юань» скасаваная — маўляў, кітайская кампанія ня мела досьведу рэалізацыі такіх буйных праектаў.
Цяпер на чарзе скасаваньне інвэстыцыйнай дамовы з САМСЕ, што будавала Сьветлагорскі завод.
Лукашэнка дазволіў будаваць па кітайскіх стандартах
Кіраўнік ініцыятыўнай групы грамадзян па кантролі за будаўніцтвам заводу беленай цэлюлёзы Анатоль Зьмітровіч лічыць, што калі ЦКК скасуе кантракт з кітайцамі, гэта будзе азначаць, што палітыка Беларусі па кітайскіх інвэстыцыях пацярпела крах.
«Для кітайцаў галоўнае — пабудаваць і асвоіць свае ж інвэстыцыйныя грошы. А ці будзе завод запушчаны — гэта справа апошняя.
Мне падаецца, яны адмыслова маглі пайсьці на канфлікт, таму што цудоўна разумеюць: той дзіцячы канструктар, які яны пабудавалі ў выглядзе каробак заводу — ён незапускальны! Ужо два гады ідзе пробны пуск, і ніяк ня могуць выйсьці на праектную магутнасьць. Як толькі павялічваецца магутнасьць, абсталяваньне выходзіць са строю», — кажа Анатоль Зьмітровіч.
Паводле яго, на заводзе няма бесьперапыннага цыклю вытворчасьці, завод увесь час то спыняюць, то запускаюць.
«А чым часьцей завод спыняюць і запускаюць, тым часьцей адбываюцца максымальныя выкіды шкодных рэчываў — так напісана ў праекце. Гэта як машына зь непрагрэтым рухавіком», — правёў аналёгію кіраўнік ініцыятыўнай групы па кантролі за будаўніцтвам заводу.
Ён лічыць, што асноўная прычына ўсіх непаладак, аварый, праблем — у тым, што ўказ прэзыдэнта дазволіў будаваць завод па кітайскіх стандартах, а не па стандартах будаўнічых нормаў Рэспублікі Беларусь. З агаворкай — «з наступнай адаптацыяй да будаўнічых нормаў Рэспублікі Беларусь».
«Ужо паклалі кабэль па кітайскіх стандартах, а па беларускіх яго трэба мяняць. Трубы працякаюць. Дах абваліўся. Рабочыя ў кіслотным цэху пастаянна атрымліваюць апёкі. Там ужо ўсё абсталяваньне ржавае, паўсюль карозія. За зьмену рабочыя 3–4 пары пальчатак выкарыстоўваюць, таму што кіслата і шчолач разьядаюць іх».
Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтар да кампаніі САМСЕ, але адказу пакуль не атрымала.