Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Куды глядзіць дзяржава?» Чаму сьветлагорская лякарня просіць грошай у людзей


Галоўны ўрач Сьветлагорскай раённай лякарні Ігар Таўтын
Галоўны ўрач Сьветлагорскай раённай лякарні Ігар Таўтын

Кіраўніцтва Сьветлагорскай раённай лякарні празь мясцовую газэту папрасіла грамадзян памагчы рублём бясплатнай мэдыцыне. Лекарам і пацыентам патрэбна новае абсталяваньне і аўтамабілі хуткай дапамогі, палатам — рамонт. Ці Сьветлагорская бальніца самая бедная ў Гомельскай вобласьці, альбо галоўны ўрач самы сьмелы, калі агучыў праблему?

Што неабходна Сьветлагорскай лякарні?

  • Апараты ўльтрагукавой дыягностыкі (60 тысяч рублёў). Цяпер у мэдыцынскіх установах гораду ёсьць 5 апаратаў УГД, яны маюць 100% зносу, часта псуюцца. Рамантаваць дорага. Старыя апараты УГД лякарня атрымала ад спонсараў і як «гуманітарку» зь Нямеччыны. Адзін апарат падарылі нафтавікі на Дзень гораду.
  • Рамонт. У першую чаргу — паліклінікі і дзіцячай лякарні. «Дарослая» таксама чакае абнаўленьня. Рамонты палат робяць самі супрацоўнікі гаспадарчым спосабам. На адну палату трэба каля 600-800 рублёў. Палат на паверсе — 20. Усяго паверхаў пяць.
Рамонт у Сьветлагорскай бальніцы
Рамонт у Сьветлагорскай бальніцы

  • Комплекс абсталяваньня для хірургічных апэрацый (250 тысяч рублёў). Цяперашні лякарня атрымала 15 гадоў таму як гуманітарную дапамогу, ён знасіўся.
  • Аўтамабілі «хуткай». На раён ёсьць 13 аўтамабіляў, знос іх — 80%. Некаторыя зь іх свой рэсурс выпрацавалі на 200%. Самы стары ў парку — 15-гадовы «УАЗік».

Пра што яшчэ кіраўніцтва лякарні расказала ў публікацыі

  • Чаму ня робяць рамонт, не закупляюць абсталяваньне? «Адсутнасьць бюджэтных сродкаў на такія расходы».
  • На што выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі? «Абласны бюджэт выдзеліў 150 тысяч на рэанімабіль. 250 тысяч далі на інфарматызацыю, 100 тысяч — на супрацьпажарную сыгналізацыю».
  • Што рабіць? «Мы зьвяртаемся да жыхароў гораду і раёну з просьбай аказаць пасільную фінансавую дапамогу. Для гэтых мэтаў адкрыты дабрачынны рахунак у банку».

«Мы не стаялі на каленях ці з працягнутай рукой»

Галоўны ўрач Сьветлагорскай раённай лякарні Ігар Таўтын пакрыўджаны тым, як людзі ўспрынялі артыкул з просьбай аб дапамозе.

«Мы ў першую чаргу зьвярталі ўвагу на тое, колькі зроблена ў бальніцы, і што яшчэ трэба зрабіць. Выйшла так, што нібыта мы стаім з працягнутай рукой ці на каленях; і нам ніхто не дапамагае, і самі нічога ня робім. Не скажу, што ў нас блага. Але заўсёды хочацца, каб было лепш», — кажа Ігар Таўтын.

Галоўны лекар Ігар Таўтын паказвае апарат УГД
Галоўны лекар Ігар Таўтын паказвае апарат УГД

Дабрачынны рахунак, згаданы ў артыкуле, адкрылі яшчэ ў 2014 годзе — з ініцыятывы мясцовых прадпрымальнікаў. Яны абяцалі дапамагчы лякарні. Галоўны ўрач кажа, што так і не дапамаглі.

Прадпрыемствы і арганізацыі раёну шпіталю дапамагалі. За спонсарскія грошы праходзілі рамонты ў нэўралягічным і хірургічным аддзяленьні. Цяпер рамонт ідзе ў кардыялёгіі.

Паводле Таўтына, у лякарні маецца самы магутны ў вобласьці апарат кампутэрнай тамаграфіі. Яго купілі ў 2012 годзе за кошт бюджэту. Прайсьці дасьледаваньні на КТ прыяжджаюць зь іншых райцэнтраў. Кабінэт працуе 24 гадзіны на суткі.

Былі кітайцы — быў і экспарт мэдыцынскіх паслуг

«Дзяржаўная лякарня ня можа быць канкурэнткай прыватным клінікам. Напрыклад, у Жлобіне ці Гомлі цябе за рукі завядуць, УГД і аналізы зробяць, апэратыўна аддадуць вынікі. У нас жа, у Сьветлагорску, запішыся на платнае УГД — і чакай тыдзень ці два чаргу. Ці гэта нармальна?» — патлумачыў адзін з жыхароў гораду, які працуе ў сыстэме мэдыцыны і добра знаёмы з сытуацыяй.

Сьветлагорская раённая лякарня
Сьветлагорская раённая лякарня

З 2012 году ў Сьветлагорску вялося будаўніцтва новага заводу беленай цэлюлёзы. Прадпрыемства нарабіла шмат клопату мясцовым — смурод, шкодныя выкіды, пагаршэньне здароўя.

Летась кітайцы зьехалі. Завод так і не запушчаны на поўную магутнасьць.

«Але кітайцы былі плюсам для нашай мэдыцыны. Яны як іншаземцы лячыліся платна. Іх было тут некалькі тысяч, здаецца. Быў добры экспарт паслуг. Кітайцы зьехалі — экспарт паслуг пайшоў у мінус», — тлумачыць крыніца з сыстэмы мэдыцыны.

«Хай бы кожны з 67 тысяч насельніцтва даў па два рублі»

У Сьветлагорску мы пагутарылі з пацыентамі лякарні і мінакамі. Усе суразмоўцы гатовыя скінуцца на бальніцу.

«Я паступіў сюды з нэўралягічным захворваньнем. Па лекарах, мэдыцынскай дапамозе, харчаваньні ў мяне пытаньняў няма. Але ў палаце так дзьмула з вокнаў, што я прастыў і да гэтага часу кашляю. Сястрычкі кажуць, што ў аддзяленьні ніводнае акно нармальна не працуе — не зачыняецца, не адчыняецца», — расказаў Уладзімір Мікалаевіч.

Уладзімір Мікалаевіч
Уладзімір Мікалаевіч

Ён гатовы дапамагчы фінансава. «Дзесяць рублёў даў бы. Трэба — значыць трэба. Хай бы вокны новыя паставілі», — лічыць пэнсіянэр.

Малады чалавек Павал згодны дапамагчы ўстанове рублём, калі грошы патрэбны на абсталяваньне.

«Мне тут кожны раз дапамагалі, не адмаўлялі. Асабіста я даў бы на апарат МРТ, якога няма ў нашай бальніцы, і таму трэба ехаць у Мазыр, Гомель ці Жлобін. Ды і рамонт у аддзяленьнях патрэбен», — лічыць Павал.

Павал
Павал

Дзьве маладыя жанчыны-пацыенткі пэсымістычна глядзяць на сытуацыю ў лякарні.

«Наша раённае начальства тут ня лечыцца, яны ў Гомель едуць — там умовы добрыя. А я тут ляжу, як невядома хто, — вакол усё абшарпанае, зламанае», — падзялілася адна з пацыентак.

«Мы дагэтуль жывём у СССР»

Кацярына і Ала гулялі па Сьветлагорску разам з маленькай дачкой і ўнучкай. Яны бываюць у дзіцячай паліклініцы і кажуць, што там «усё жудасна і страшна».

Ала і Кацярына
Ала і Кацярына

«Трэба выдзеліць сродкі зь бюджэту, каб зрабіць рамонт — ну хоць бы дзеткам! Мы на заводзе заўсёды скідваемся на помнікі, суботнікі, Чырвоны Крыж, Дзень гораду — ніхто не адмаўляецца. Дапамаглі б і лякарні. Але куды глядзіць дзяржава? Мы ж плацім падаткі! Дзіця каб нармальна абсьледаваць, трэба везьці ў Гомель ці Жлобін. Сур’ёзныя аналізы зрабіць — урачы накіроўваюць у прыватную лябараторыю», — паскардзілася Ала.

«У якім стагодзьдзі мы жывём? Што засталося ў дзіцячай паліклініцы з Савецкага Саюзу — так яно ўсё і стаіць. Што тычыцца аховы здароўя, мы жывём у СССР», — кажа Кацярына.

Віктар Кудрыцкі
Віктар Кудрыцкі

Інвалід другой групы Віктар Кудрыцкі нядаўна трапіў у траўматалёгію і вельмі ўдзячны ўрачам за дапамогу. «Ну але ўмовы там... Я ж разумею — бюджэтная арганізацыя, у іх праблемы. Дапамагчы лякарні я ня супраць. Але ў нас маленькія пэнсіі. Ёсьць жа дзяржава для нечага», — сказаў Віктар.

«Расейскія „УАЗ“ і „ГАЗелі“ — гэта шыла»

У аўтапарку станцыі хуткай дапамогі 14 аўтамабіляў. Толькі адзін аўтамабіль служыць менш за 5 гадоў, астатнія зношаныя маральна і фізычна. Самы стары зь іх 2004 году. Аўтапарк трымаецца на ўмелых руках кіроўцаў «хуткіх».

Мэханікаў і сьлесараў у штаце няма, кіроўцы самі ўсё рамантуюць.

«Расейскія „УАЗ“ і „ГАЗелі“ з бальнічнага парку — гэта „шыла“ па якасьці. Адсюль частыя паломкі і рамонты. На сэрвіс у нас грошай няма. Ведаю, што наша кіраўніцтва паведамляе ў вобласьць пра патрэбу ў аўтамабілях хуткай дапамогі кожны год. Але там проста „заразаюць“, і ўсё», — расказаў адзін з работнікаў станцыі хуткай дапамогі.

Лякарню чакаюць праверкі

Назаўтра пасьля публікацыі артыкулу ў «Сьветлагорскіх навінах» і перадруку ў нацыянальных СМІ ў лякарню і на станцыю хуткай дапамогі ўжо прыехалі правяральнікі з «вобласьці». У райвыканкаме кажуць, што бальніцу чакаюць праверкі і маніторынгі.

Абраз у Сьветлагорскай раённай бальніцы
Абраз у Сьветлагорскай раённай бальніцы

Гэта публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG