Вядзецца расьсьледаваньне тэракту ў амэрыканскім штаце Тэхас, у выніку якога 20 чалавек загінулі, 26 былі параненыя. 3 жніўня 20-гадовы зламысьнік адкрыў агонь па наведвальніках гандлёвага цэнтра ў Эль-Паса.
Тэхаскі губэрнатар Грэг Эбат сказаў, што стралок, паводле аналізу яго сацыяльных сетак і шырока распаўсюджанага «маніфэсту», верагодна, зрабіў гэта на аснове расавай нянавісьці і нэгатыўнага стаўленьня да мігрантаў.
Літаральна праз некалькі гадзінаў пасьля нападу ў Тэхасе, у пачатку дня 4 жніўня, адбылася новая атака — у Агаё, дзе ў Дэйтане, прыблізна а першай ночы па мясцовым часе, стралок пачаў страляць па наведвальніках бару. Ён забіў 9 чалавек, 16 чалавек былі параненыя, а потым быў застрэлены паліцыяй.
Па колькасьці забітых і параненых страляніна ў Эль-Паса трапляе ў лік дзесяці самых масавых забойстваў у гісторыі Злучаных Штатаў.