Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ідэоляг заклікаў верыць у Бога, а не ў БРСМ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Гэта быў тыповы для Беларусі сход, сымбаль якой — белы бусел. Сход для «птушачкі» і справаздачы наверх. Маўляў, правялі патрыятычную і прафіляктычную працу сярод моладзі. З 9.00 да 13.00 з трыбуны гучалі даклады. Зьмястоўныя, як шаманскі бубен.

«Ды чаго ты паперлася туды?» — абурацца чытачы. «Хто цябе пусьціў на такі сход, каб потым зьдзекавацца?» — спытаюцца яны. Паперціся жыцьцё прымусіла: яно падарыла мне такіх блізкіх людзей, якім прыемна, калі яны выступаюць па паперцы, а я слухаю. Пусьцілі ж на сваю галаву.

Сход быў практычна закрыты, для сваіх. Але я мушу сёньня сядзець тут. Наканаваньне. Праклён. Чатыры гадзіны слухаць во гэта ўсё з сэрыі «Ну вы самі ўсё панімаяця».

У залі сядзелі аб’екты прафіляктыкі і патрыятычнага выхаваньня — моладзь, наша будучыня. Ужо ня кветкі жыцьця, але пакуль і не плады. Завязь. Над ёй і шчыравалі ідэолягі. Твары аб’ектаў прафіляктыкі былі напружаныя, абыякавыя, змрочныя ці надта засяроджаныя. Стабільныя.

Толькі зайшла ў залю — да мяне адразу падскочыў намесьнік па ідэалёгіі. Пазнаёміцца хацеў. «Я ідэоляг», — працягнуў мне мажную руку. «Я — твар беларускай стабільнасьці!», — засьмяяўся ён і глуха паляпаў сябе па жываце. Ён такі... людзі сказалі б, у целе. Я нічога не магу сказаць, бо адразу нехта пакрыўдзіцца. «Людзі глядзяць на мяне і пераконваюцца — у нас усё добра! Прынамсі, ежы хапае», — засьмяяўся зноў ідэоляг.

З дынамікаў гучалі нейкія няскладныя «патрыятычныя» песьні. Пад адну з іх ідэоляг пачаў танчыць. Злавіўшы мой недаўменны позірк, весела адказаў: «Я звальняюся праз 12 дзён! Магу і патанчыць!». Я зьдзівілася. «Не на пэнсію, не! Праз хваробу звальняюся — у мяне цукровы дыябэт! Ды і ідэалёгія, відаць, не маё», — радасна патлумачыў ён. Вось табе і маеш, а яшчэ казаў — твар беларускай стабільнасьці.

Пачаліся даклады. Тэму былі кшталту: «Удасканаленьне сыстэмы выхаваўчай працы сярод моладзі як гарант бясьпекі іншаплянэтных цывілізацый», «Патрыятычнае выхаваньне моладзі — залог стабільнасьці будучага ўраджаю рапсавых культур». Іх чыталі з паперак манатоннымі галасамі. Я бездапаможна азіралася. Здаецца, толькі мне тут было ніякавата. Падобна, толькі мне здавалася, што трапіла ў вар’яцкі дом.

Ідэоляг сядзеў за сталом, пакрытым сынтэтычным абрусам брыдкага карычневага колеру, і круціў у руках асадку. Раз-пораз ён ківаў галавой у такім сэнсе, што «абсалютна слушна, маеце рацыю, таварыш выступоўца». У кожны даклад нехта рупліва ўпісаў цытаты з кіраўніка дзяржавы — на ўсе тэмы. «Як казаў Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, заробак трэба зарабляць (азёры — зарыбляць, кнігі — пісаць, карціны — маляваць, дзяцей — вучыць, мёртвых — хаваць). Ох, калі ўжо, калі той іх абяцаны абед! І нельга ж падняцца і пайсьці — дэмарш нейкі будзе. І выдаць сябе нельга. А здрадзіць сабе яшчэ горш.

Чарговы выступ быў таго самага ідэоляга.

«Ведаеце, прызнаюся вам, як ёсьць: я няправільны ідэоляг. У нас павінна быць БРСМ на першым месцы ў сфэры выхаваньня моладзі. А я так не лічу! Я лічу, што на першым месцы павінна быць вера ў Бога!», — зьнянацку абвясьціў ідэоляг, якому да звальненьня засталося 12 дзён.

«Ого!» — падумала я і азірнулася. Твары аб’ектаў прафіляктыкі і патрыятычнага выхаваньня заставаліся напружанымі, абыякавымі ці надта засяроджанымі.

«Я не магу вам загадаць, але ад усяго сэрца зычу вам усім, каб вы навярнуліся да Бога. Памоліцеся, калі вам будзе цяжка — і з вамі нічога ня станецца, і вам за гэта нічога ня будзе», — раіў ідэоляг.

Наступны даклад быў «Вера ў Бога ў жыцьці маладога пакаленьня». Потым яшчэ праваслаўны сьвятар выступаў. Ён казаў, што моладзь у сацыяльных сетках асуджае сьвятароў за дарагія аўтамабілі і ўсё такое. Насамрэч, сказаў сьвятар, «трэба глыбей глядзець». Ага, ага.

Ідэоляг пасьля яго выступу дадаў, што сёньня сьвята апосталаў Пятра і Паўла. Ён яшчэ і кветкі ўручыў «дамам» — у тым ліку і мне. Павіншаваў з рэлігійным сьвятам. «Мы ўжо раней адсьвяткавалі яго, паводле грыгарыянскага календара», — хацела сказаць я, але прамаўчала.

Потым ідэоляг прапанаваў мне выступіць. «Лепш я прамаўчу», — адбілася я. І падумала: «Калі я загавару на ідэалягічным сходзе — каменьне залямантуе».

«Камяні залямантавалі. Камяні залямантавалі. Хрысьціяне маўчаць, ныюць і скардзяцца, а тым часам ідэолягі прапаведуюць Эвангельле па ўсёй зямлі аж да краю», — бязладна таўкліся думкі ў маёй няшчаснай галаве пасьля таго сходу. Шмат думала.

Прыйшла да змрочнай высновы: апошнія часы прыйшлі. Апошнія часы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG