Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе шукаць новую беларускую музыку. Спасылкі і ня толькі


Канцэрт гурту «Крамбамбуля», ілюстрацыйнае фота
Канцэрт гурту «Крамбамбуля», ілюстрацыйнае фота

Фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» завяршыў 30-гадовую гісторыю. «Што новага паслухаць?» стала яшчэ цяжэйшым пытаньнем.

Беларускія ўлады фактычна не падтрымліваюць нацыянальнай сцэны (хіба вузкае кола «эстрады»), а часам ацэньваюць мастацкі ўзровень выканаўцаў як занадта нізкі, каб даваць канцэрты. Спэцыяльных сэрвісаў, якія б аўтаматычна зьбіралі ўсю музыку краіны, няма. Але ёсьць некалькі месцаў, дзе гэта робяць уручную.

З пытаньнямі пра тое, дзе шукаць новую беларускую музыку, Свабода зьвярнулася да экспэртаў, якія папулярызуюць гэтую музыку. Вось што яны падказалі.

Гіт-парад TuzinFM

Чарт беларускамоўнай музыкі, раней вядомы як «Тузін гітоў», а цяпер як TuzinFM, мінулай зімой адзначыў 15-годзьдзе. На сайце пастаянна публікуюцца і новыя песьні (якія можна легальна бясплатна спампаваць!), і кліпы, і падборкі музыкі ад вядомых людзей. Там жа можна прагаласаваць у рэгулярным гіт-парадзе за найлепшую песьню, альбом і кліп тыдня. «Тузін» пэрыядычна ладзіць супольныя музычныя праекты, а таксама штогод раздае музычныя прэміі.

Таксама TuzinFM рэгулярна публікуе падборкі беларускамоўнай музыкі на Soundcloud. Напрыклад, так гучаць навінкі пачатку лета — ад рэпу да мэталу ў адным плэй-лісьце.

Перадачы «Белсату»

Заснавальнік і кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін таксама вядзе шоў Belsat Music Live на тэлеканале «Белсат» — туды раз на тыдзень запрашаюць беларускіх (не абавязкова беларускамоўных) музыкаў розных жанраў, якія сьпяваюць проста ў студыі і нярэдка прэзэнтуюць новыя песьні. Бывае нават, «Белсат» здымае цэлыя тэатралізаваныя канцэрты. Каб глядзець перадачу, не абавязкова мець тэлевізар і «талерку»: можна і падпісацца на Youtube-канал.

Таксама на «Белсаце» выходзіць перадача «Відзьмо-невідзьмо», якая зьявілася яшчэ ў 1992 годзе на дзяржаўнай тэлевізіі. Вядоўца Сяргей Філімонаў расказвае ня толькі пра беларускую музыку, але і пра замежны шоў-бізнэс, кіно і поп-культуру.

«У Вялікай Брытанii BBC — моцны прамоўтэр новай брытанскай музыкi, а тут мусiла б гэтым займацца БТ, — разважае Сяргей Філімонаў у камэнтары Свабодзе. — Але iхнае стаўленьне да гэтага зусім ганебнае».

«Эўрарадыё», «Пяршак» ды іншыя сайты

Музычныя сайты зьнікаюць з байнэту: «Музыкальная газета» не абнаўляецца з 2013 году, Ultra-Music.com спыніў дзейнасьць у 2015 годзе, Experty.by — у 2018-м. Тады ж перастаў абнаўляцца Rap.by. З вузкатэматычных застаўся актыўным хіба ByMetal.org.

Пастаянна круціць беларускую музыку сайт Эўрарадыё, у эфір рэгулярна выходзіць музычная перадача «Такога вы ня чулі», зьяўляюцца навіны беларускай сцэны.

А на Радыё Рацыя можна паслухаць перадачу Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» — ня толькі праз радыёпрымач, але і на сайце, і праз Soundcloud.

Пра музыку часам пішуць і Tut.by, і Onliner.by (на другім найчасьцей — журналіст Аляксандар Чарнуха, колішні галоўны рэдактар Ultra-music.com). Акцэнт менавіта на беларускай музыцы робіць праект «Пяршак» інтэрнэт-часопісу 34Mag.

Апошні пазыцыянуе сябе як лічбавы лэйбл. Такіх у Беларусі існуе больш за дзясятак у розных жанрах (Будкін асабліва адзначае электронны лэйбл «Ежевика»), але яны публікуюць музыку толькі «сваіх» артыстаў.

Старонкі «ЎКантакце»

«Музычнае поле ў Беларусі даволі празрыстае: любы больш-менш актыўны і якасны артыст хутка трапляе ў поле зроку праз сацсеткі», — адзначае заснавальнік Experty.by Дзьмітры Безкаравайны.

Найчасьцей беларускія артысты заводзяць старонкі «ЎКантакце», дзе нярэдка публікуюць проста ўсю сваю музыку. Акрамя старонак асобных выканаўцаў ёсьць і шматлікія суполкі. «Бадай, самай моцнай» Будкін называе суполку «Беларуская музыка» , а Чарнуха рэкамэндуе падпісацца на «Belarusian Underground Scene».

«Яндэкс.Музыка»

Шукаць музыку з Заходняй Эўропы і ЗША дапамогаюць сэрвісы кшталту Apple Music, Spotify, YouTube Music і Google Play Music, якія самі падкажуць, што падслухаць, пазнаёміўшыся з густам карыстальніка. Але наўрад ці атрымаецца аўтаматызаваць празь іх пошук беларускай музыкі: яе там вельмі мала, а некаторыя сэрвісы зусім недасяжныя ў Беларусі.

Як адзначае Аляксандар Чарнуха, музычны сэрвіс Bandcamp «робіць крутыя падборкі, але яны не грунтуюцца на геаграфічным прынцыпе», «а Last.fm ужо даўно памёр». З падобных ён рэкамэндуе зьвярнуць увагу на «Яндэкс.Музыку»: там беларускія падборкі робіць колішні журналіст Ultra-Music Мікалай Янкойць.

«Зь „Яндэксам» бяда ў тым, што ён большасьць беларускай музыкі не вылучае як беларускую, — адзначае Сяргей Будкін. — Больш за тое, тэгае яе як расейскую. Сьвежы прыклад — рэліз ад Леры Яскевіч».

Прэміі і шоўкейсы

Можна сачыць за маладымі выканаўцамі і па-даўнейшаму, праз музычныя фэсты і прэміі. Хоць музычных конкурсаў і прэміяў у Беларусі становіцца ўсё менш, той жа TuzinFM штогод называе «Герояў году» і «Адкрыцьцё году».

«Асобна зьвяртаю ўвагу на вынікі адбору на эўрапейскія шоўкейс-фэстывалі, — дадае Дзьмітры Безкаравайны. — Часьцяком эўрапейцы выбіраюць тых, хто ў Беларусі з розных прычынаў невядомы ці ня вельмі актыўны, але пры гэтым заслугоўвае ўвагі».

Шоукейс-фэстываль (ад англ. Showcase — «вітрына») — культурна-забаўляльная падзея, на якой выступаюць таленты-пачаткоўцы, невядомыя шырокай публіцы.

Такія фэстывалі (як, напрыклад, Tallinn Music Week) ладзяцца найперш для бізнэсу, лэйблаў і музычных журналістаў, але і звычайным слухачам туды не закрыты праход. У Беларусі першы падобны фэст, Iskra Showcase Weekend, прайшоў мінулай восеньню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG