Сёньня мінае дакладна 29 гадоў, калі стартавала першае «Басовішча» — Фэстываль музыкі маладой Беларусі ў Гарадку на Беласточчыне. А праз тыдзень адбудзецца апошняе «Басовішча», 30-тае па ліку.
З гэтай нагоды Ян Максімюк вырашыў паставіць сабе самому сем з паловай пытаньняў пра тыя аспэкты фэстывалю, пра якія, як ён лічыць, іншыя не пытаюцца.
— Чаму ты вырашыў зрабіць інтэрвію пра «Басовішча» з самім сабою — настолькі зазнаўся, што думаеш, быццам іншыя ведаюць пра гэты фэстываль менш за цябе ці скажуць пра яго менш цікава за цябе?
— Зусім не. Ніхто ня ведае пра «Басовішча» больш, чым яго арганізатары, а да арганізатараў фэстывалю я ніколі не належаў. Калі адбылося першае «Басовішча» — 13–14 ліпеня 1990 — я ўжо ня быў студэнтам і ў падрыхтоўку фэстывалю ўключыўся літаральна за дзень да яго інаўгурацыі. Малодшыя сябры зь Беларускага аб’яднаньня студэнтаў папрасілі мяне тады пабыць адным зь вядоўцаў фэстывалю — такім мадэратарам (у пары з маёй пазьнейшай кумой, Барбарай Кучыньскай), які перад выступамі выканаўцаў скажа ў мікрафон некалькі словаў да публікі.
Справа тут у іншым. Мне хочацца сказаць не пра сам мэханізм «Басовішча» і яго арганізацыйныя посьпехі ці праколы, у чым я арыентуюся менш за іншых, а пра значэньне фэстывалю ў шырэйшым беларускім кантэксьце. Хочацца выказаць некалькі думак, якіх мае падляскія землякі наагул не выказваюць публічна.
— Калі так, то давай… Толькі не кажы, што фэстываль, які пратрымаўся 29 гадоў, сканчаецца сёлета якраз таму, што ўжо ня мае ніякага значэньня, добра?
— Гэтага я не скажу. «Басовішча», як любы музычны фэстываль летняй парою, мае значэньне для маладых людзей, якім цікава пажыць два-тры дні ў намётах здалёк ад гарадзкога гармідару, паслухаць музыкі, папіць піва, завязаць новыя знаёмствы. Лясок каля Гарадка — вельмі добрае месца для ўсяго гэтага.
Праблема аднак у тым, што цягам гэтых 29 гадоў, калі каля Гарадка два дні ў ліпені гучала беларуская поп- і рок-музыка, няўмольна прападаў беларускі кантэкст на Падляшшы. Наступала хуткая палянізацыя моладзі зь беларускімі каранямі — моўная, культурная, сьветапоглядная. То бок адбывалася на першы погляд парадаксальная рэч — чым вышэйшы быў музычны ўзровень «Басовішча» і чым лепшая была яго арганізацыя, тым менш «беларускім» ён станавіўся. Менш «беларускім» у сэнсе ўплыву на сьветапогляд і жыцьцёвыя паводзіны маладых пакаленьняў патэнцыйных беларусаў.
— Ці не занадта пэсымістычна?
— Ня думаю. Хопіць усьвядоміць сабе толькі адну рэч, пра якую зараз скажу, каб пабачыць гэтую карціну ў такой пэрспэктыве, у якой бачу яе я.
Сярод сучасных студэнтаў у Польшчы няма ўжо болей людзей з дастатковай «беларускай матывацыяй», каб працягваць арганізаваць «Басовішча». Беларускае аб’яднаньне студэнтаў (БАС), якое дало назву і афіцыйную шыльду фэстывалю, як жыцьцяздольная арганізацыя не існуе як мінімум два дзесяцігодзьдзі. Фэстываль у нашым стагодзьдзі ладзіла ня столькі арганізацыя, колькі невялікая сябрына самых заўзятых маладых беларусаў, апошнім часам — дзяцей першых арганізатараў з пачатку 1990-х. І БАС рэальна праіснаваў да сёньня толькі як арганізацыйны камітэт «Басовішча». Таму канец «Басовішча» — гэта насамрэч канец спадзяваньняў, што ў нас на Падляшшы будзе новая беларуская зьмена з унівэрсытэцкімі дыплёмамі…
— А ці былі часы, калі БАС быў больш шматлікім і займаўся яшчэ нечым іншым акрамя «Басовішча»?
— Маладыя ня помняць гэтага часу. Але маё пакаленьне помніць. Калі мы арганізавалі «першы БАС», — у 1981-м і пазьней, пасьля ваеннага становішча ў Польшчы, — мы ацэньвалі патэнцыял беларускага студэнцтва ў Польшчы недзе на тысячу чалавек. Рэальная гэта была ацэнка ці не, я ня ведаю, але скажу табе, што я быў на сустрэчах у Беластоку, дзе зьбіраліся дзьве сотні маладых, гендэрна збалянсаваных беларусаў са студэнцкіх інтэрнатаў. Ты таксама павінен гэта помніць…
Калі БАС урэшце афіцыйна зарэгістравалі пад канец 1980-х, актыўных удзельнікаў беларускага студэнцкага руху прыкметна паменшала, але ўсё яшчэ можна было казаць пра сотню-паўтары патэнцыйных сяброў арганізацыі.
У нашым стагодзьдзі можна было казаць рэальна ўсяго пра адзін-два дзясяткі чалавек, якіх можна было мабілізаваць для беларускай дзейнасьці, і гэтая дзейнасьць абмяжоўвалася ўсяго «Басовішчам».
— Чаму ўсё так здрабнела, можаш патлумачыць?
— Магу, але ад гэтага будзе яшчэ сумней. Таму скажу не пра ўсё, а толькі пра «Басовішча».
Фэстываль узьнік у «зорны час» для Беласточчыны, якая тады на два-тры гады стала, калі можна так сказаць, «пупам» беларускага сусьвету, «акном у Эўропу» для савецкіх беларусаў і «акном у Беларусь» для беларускіх эмігрантаў з-за акіяну. І мы тады паверылі, што для нас магчыма ўключыцца ў агульнабеларускі кантэкст. «Басовішча» было якраз задуманае як адзін з такіх захадаў, які ўключае нашу рэгіянальную беларускасьць у агульнабеларускі кантэкст. Ну бо ж на «Басовішчы» выступалі, побач з нашымі, выканаўцы зь Беларусі, а багацейшыя за нас заакіянскія суродзічы давалі нам грошы, каб бяднейшыя за нас выканаўцы зь Беларусі мелі што есьці ў Гарадку.
Але гэты «зорны час» скончыўся яшчэ да прыходу Аляксандра Лукашэнкі, а пасьля 1994 году дык усе ўвогуле начхалі на нас, і мы засталіся сам-насам са сваім правінцыйным кантэкстам, хоць стараліся не падаваць выгляду і ўсё яшчэ лічылі, што мы важныя для «большай Беларусі» і што яна ўсё яшчэ можа служыць нам апірышчам, калі не матэрыяльным, дык маральным.
Усё гэта ў доўгатэрміновай пэрспэктыве аказалася памылковым і безвыніковым. На «Басовішчы» выступалі штораз іншыя і штораз лепшыя гурты зь Менску, але тое, што яны сьпявалі, было ўжо па-за нашым падляскім кантэкстам. Ну, прынамсі па-за кантэкстам маладых, якія танчылі перад сцэнай і пілі піва ў кустах, але ніякага беларускага мэсыджу на «Басовішчы» ўжо не лавілі…
— Цябе паслухаеш, дык і ў пятлю палезеш. Дык што, сёлета «Басовішча» адгрыміць апошні раз і ўсё для нас скончыцца?
— Cкончыцца ня ўсё. Будзе выходзіць газэта, часопіс, будуць радыё- і тэлеперадачы па-беларуску, але пэрспэктыва абнаўленьня беларускага руху ў сэнсе чалавечых рэсурсаў і ідэй — абнаўленьня падобнага да таго студэнцкага, якое адбылося пад канец 1980-х і на пачатку 1990-х — становіцца вельмі цьмянай…
— Досыць. Скажы нешта аптымістычнае нарэшце…
— Сёлета наш падляскі празаік Міша Андрасюк апублікаваў прыстойны раман, а наша падляская паэтка Зоя Сачко — харошы паэтычны зборнік. Так што рана яшчэ гаварыць пра канец. Старая гвардыя памірае, але не здаецца. Ну, а мая (то бок, твая) жонка ні з таго ні зь сяго ўзяла і апублікавала кнігу ўспамінаў на пачатку гэтага году, і пагражае апублікаваць другую пад яго канец. Ты гэтага чакаў, га? Вось я еду на Падляшша, каб прасьлязіцца на апошнім «Басовішчы» ў Гарадку, але літаральна празь дзень у Гайнаўцы адбудзецца прэм’ера тэатральнага спэктаклю паводле Грабала па-падляску. Так што чакай нечаканага, як той казаў…
— Хто так казаў? Ды ладна, няважна… Калі ты ня супраць, то і я загляну ў тую Гайнаўку.
Усе фатаграфіі зь сямейнага архіву аўтара інтэрвію.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.