Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі атрымлівае поўны кантроль над парлямэнтам. Ягоная партыя перамагае ў большасьці акруг


Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў штаб-кватэры партыі "Слуга народа", Кіеў, 21 ліпеня 2019 году
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў штаб-кватэры партыі "Слуга народа", Кіеў, 21 ліпеня 2019 году

Упершыню за ўсю гісторыю незалежнасьці партыя ўлады ва Ўкраіне можа аднаасобна сфармаваць урад. Паводле папярэдніх вынікаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, партыя Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу» атрымлівае пераканаўчую перамогу і паводле партыйных сьпісаў, і ў мажарытарных акругах.

Згодна з дадзенымі пасьля апрацоўкі 46,22 % электронных пратаколаў, партыю Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу» падтрымалі 2 мільёны 565 тысяч 47 выбарнікаў (42,35%), што дазваляе завесьці ў парлямэнт 122 дэпутаты. Яшчэ 124 прадстаўнікі гэтай сілы выбраныя на аднамандатных акругах. Калі гэтыя дадзеныя будуць пацьверджаныя ў афіцыйных выніках, кіроўная партыя зможа самастойна стварыць урадавую кааліцыю, для якой патрэбна ня менш як 226 дэпутатаў.

На другім месцы з падтрымкай 775 тысяч выбарнікаў (12,8%) — партыя кума расейскага прэзыдэнта Віктара Медзьведчука «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё!». Па сутнасьці, толькі ейныя кандыдаты склалі канкурэнцыю мажарытарнікам ад «Слугі народу». Яны перамаглі ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Агулам колькасьць адпаведнай фракцыі ў парлямэнце можа скласьці 43 дэпутаты.

За партыю Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» прагаласавалі 527 тысяч 410 выбарнікаў (8,7%). Палітычная сіла папярэдняга прэзыдэнта папоўніцца толькі адным мажарытарнікам, які перамог у адной акругаў у Львоўскай вобласьці. Папярэдне ў фракцыю «Эўрапейскай салідарнасьці» могуць увайсьці 27 дэпутатаў.

Чацьвёртае месца займае партыя Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына» — яе падтрымалі 487 тысяч 787 грамадзян (8,05 %). Але на мажарытарных акругаў не перамог ніводны яе прадстаўнік. Колькасны склад гэтай фракцыі можа скласьці 25 дэпутатаў.

Партыя ўкраінскага сьпевака Сьвятаслава Вакарчука «Голас» — апошняя, якая пераадолела 5-ціадсоткавы выбарчы бар’ер. За яе прагаласавалі 389 тысяч 489 грамадзян (6,43 %). Яшчэ тры кандыдаты перамаглі на трох мажарытарных акругах у Львоўскай вобласьці. Палітычная сіла можа сфармаваць у парлямэнце фракцыю з 20 дэпутатаў.

Яшчэ шэсьць партый пераадолелі 2-адсоткавы бар’ер і могуць прэтэндаваць на падтрымку сваёй дзейнасьці з дзяржаўнага бюджэту:

  • Радыкальная партыя Алега Ляшка — 231 тысяч 576 грамадзян (3.82 %);
  • Партыя былога кіраўніка СБУ Ігара Сьмяшка «Сіла і гонар» — 227 тысяч 45 грамадзян (3.74 %);
  • Партыя «Апазыцыйны блёк» — 194 тысячы 552 выбарнікаў (3,21 %);
  • Усеўкраінскае аб’яднаньне «Свабода» — 140 тысяч 667 грамадзян (2,32 %);
  • Партыя вядомага блогера Анатоля Шарыя, погляды якога ва Ўкраіне лічаць антыўкраінскімі — 138 тысяч 520 грамадзян (2.28 %);
  • Партыя цяперашняга кіраўніка ўраду «Украінская стратэгія Гройсмана» — 132 тысячы 783 выбарнікі (2,19 %)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG