З абнаўленьнем праграмаў Google для смартфонаў у іх зьявіцца функцыя перакладу надпісаў з фота з 60 новых моваў, у ліку якіх і беларуская. На момант публікацыі абнаўленьне даступнае для Google Lens, бліжэйшым часам мае зьявіцца для Google Translate.
Цяпер перакладаць надпісы зь беларускай праз камэру можна на любую з сотні моваў, якія падтрымлівае Google Translate — хоць на зулу, хоць на лаціну. Праўда, пераклад недасканалы.
Напрыклад, надпіс «выконвай хуткасны рэжым», у зразумеласьці якога для расейцаў сумняваўся Аляксандар Лукашэнка, на расейскую перакладаецца як «соблюдать скоростной режим» (мае быць «соблюдай»), а на ангельскую — то «observe speed regime», то «perform high-speed mode» (калі першае яшчэ можна зразумець як «выконвай рэжым хуткасьці», хоць па-ангельску так ня кажуць, то другое значыць «падтрымлівай высакахуткасны рэжым»).
Google абяцае, што пераклад будзе паляпшацца — зь нядаўнім абнаўленьнем увялі тэхналёгію «нэўроннага машыннага перакладу», якая, сьцьвярджае кампанія, зьнізіць долю памылак на 55–85%.