12 ліпеня — інаўгурацыя новага прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы. Пра яго перамогу было абвешчана 26 траўня, пасьля другога туру выбараў. Наўседа, банкір і эканаміст паводле адукацыі, стане шостым прэзыдэнтам Літвы.
Што варта ведаць беларусам пра Гітанаса Наўседу?
Можа прапанаваць Беларусі выхад да Балтыйскага мора
Наўседа абяцае не мяняць пазыцыю дзяржавы ў адносінах да Расеі, працягваць падтрымку Ўкраіны і палепшыць дыялёг з Беларусьсю.
Сёлета ў лютым, будучы яшчэ кандыдатам на пост прэзыдэнта, у Віленскім унівэрсытэце Наўседа казаў: «Беларусь ня можа лічыцца дэ-факта незалежнай дзяржавай». Тым ня менш, тады ж ён падкрэсьліў неабходнасьць будаваць канструктыўныя адносіны з Беларусьсю.
Паводле кандыдата, адной з асноваў гэткіх адносін можа быць і геаграфічнае становішча Літвы, і яе магчымасьць прапанаваць выхад да Балтыйскага мора праз Клайпедзкі порт. Зь яго ж словаў, Латвія ўжо разглядала такую прапанову для Беларусі.
Ня лічыць будаўніцтва Астравецкай АЭС трагедыяй
«Беларусь — вельмі важны наш сусед, вельмі важны партнэр, якому надамо вялікую ўвагу. І ў нашых інтарэсах, перш за ўсё, каб на нашай усходняй мяжы быў незалежны, самастойны і эканамічна дзеяздольны партнэр, таму Літва будзе падтрымліваць дыялёг зь Беларусьсю». Наўседа лічыць, што розьніца ў падыходах да некаторых пытаньняў (напрыклад, да будоўлі Астравецкай АЭС і той рызыкі, якую гэта з сабой прыносіць) гэта «не вялікая трагедыя і мы можам гэта абмяркоўваць».
Лукашэнка ў сваім віншаваньні з перамогай Наўседы ў прэзыдэнцкіх выбарах таксама сказаў, што спадзяецца на наладжваньне больш канструктыўных кантактаў у сувязі зь некаторымі пытаньнямі, а таксама запрасіў наваабранага прэзыдэнта ў Беларусь.
Пакуль ігнараваў беларускую апазыцыю
У чэрвені сёлета прадстаўнікі беларускай апазыцыі (Станіслаў Шушкевіч, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец) напісалі адкрыты ліст новаму прэзыдэнту, у якім перасьцераглі ад супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі. «Мы хацелі б і далей разьлічваць на падтрымку і прынцыповую пазыцыю Літвы як дзяржавы, якая вельмі добра разумее спэцыфіку Беларусі» — пісалася у тым лісьце. Прадстаўнікі апазыцыі спадзяюцца, што пазыцыя Літвы ў адносінах да будаўніцтва Астравецкай АЭС не зьменіцца і будзе далей уплываць на стаўленьне Эўразьвязу да гэтай праблемы. Адказу пакуль што не было.
У маладосьці быў у Беларусі — не абышлося бяз бойкі
У школьныя гады будучы прэзыдэнт ня толькі выдатна вучыўся і гуляў у шахматы, але яшчэ і сьпяваў у хоры. Аднойчы для хору арганізавалі экскурсію ў Віцебск, дзе, паводле выданьня lrytas, адбылася бойка паміж маладымі харыстамі і мясцовымі хлопцамі. Як успамінае тагачасны сябра прэзыдэнта Аўдрус Рубяжус, праціўнікаў было ўтрая больш і Гітанас атрымаў у той бойцы найбольшы сіняк пад вокам.
Прэзыдэнтаў-суседзяў на інаўгурацыю не запрасіў
Кошт інаўгурацыі складае 60 тысяч эўра. У адрозьненьні ад ранейшых кіраўнікоў Літвы, наваабраны прэзыдэнт вырашыў ня зваць прадстаўнікоў замежных дзяржаваў, за выключэньнем амбасадараў унутры самой краіны, а таксама літоўскіх амбасадараў з замежжа.
Прадстаўнік камісіі па інаўгурацыі А.Будрыце тлумачыць гэта тым, што прэзыдэнт хоча больш увагі праявіць да народу, а запрашэньне кіраўнікоў замежных краін патрабуе асобных праграмаў для кожнага зь іх. Таму было вырашана ня зваць іх фізычна ўдзельнічаць у мерапрыемстве.
Спэцыфіка гэтай інаўгурацыі яшчэ і ў тым, што ў параўнаньні з інаўгурацыямі мінулых прэзыдэнтаў, было запрошана больш культурных дзеячаў ды «інфлюэнсэраў», чым раней.
Падрыхтаваў Ян Поклад