Іншаземцам, якія асуджаюць амэрыканскі імпэрыялізм, але хочуць адпачыць на пясчаных пляжах Маямі або граць у покер у адным з казыно ў Лас-Вегасе, цяпер, верагодна, давядзецца зьмякчыць тон у сваіх паведамленьнях у сацыяльнай сетцы Twitter.
А тым іншаземцам, якія публікуюць на Facebook допісы пра мару пасяліцца аднойчы ў Нью-Ёрку, цяпер давядзецца зьнізіць дэманстрацыю сваёй любові да гэтага гораду, інакш іх будуць падазраваць, што яны хочуць застацца ў Злучаных Штатах назаўжды.
У чым прычына?
Дзярждэпартамэнт ЗША цяпер патрабуе, каб заяўнікі на атрыманьне візаў ЗША давалі спасылкі на свае профілі ў двух дзясятках сацыяльных сетак, у тым ліку Facebook і Twitter.
Правілы, якія ўступілі ў сілу 31 траўня, не патрабуюць ад заяўнікаў перадаваць паролі да сваіх старонак у сацыяльных сетках.
Тым ня менш, юрысты па іміграцыі заявілі, што такія патрабаваньні могуць нанесьці шкоду адкрытаму дыялёгу ў сацыяльных сетках, прымушаючы патэнцыйных мігрантаў ці проста наведнікаў асьцярожна ставіцца да таго, што яны публікуюць і каго яны падтрымліваюць у інтэрнэце.
«Людзі будуць баяцца выказваць свае погляды на палітыку ЗША», — кажа Андрэй Раманенка, рускамоўны адвакат па іміграцыі з Сан-Францыска. — Некаторыя баяцца дадаваць сяброў, якія жывуць у Злучаных Штатах, таму што яны могуць думаць, што вялікая сетка сяброў у Злучаных Штатах можа стаць паказчыкам намераў мігрантаў».
Аб новых правілах абвясьцілі летась, яны зьяўляюцца часткай больш шырокай праграмы прэзыдэнта Дональда Трампа па ўмацаваньні межаў ЗША — гэта было абяцаньне ў кампаніі, якая дапамагла яму перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах у 2016 годзе.
Цяпер большасьць людзей, якія маюць патрэбу ў атрыманьні візы, нават калі яны проста хочуць наведаць сваякоў на працягу некалькіх дзён, абавязаны абменьвацца інфармацыяй аб сваіх сацыяльных сетках у заяўцы на візу.
Правілы не распаўсюджваюцца на людзей з краінаў, якія вызваленыя ад кароткатэрміновых візавых правілаў. Напрыклад, замежныя турысты або бізнэсмэны, якім дазволена наведаць Злучаныя Штаты на працягу 90 дзён бязь візы. Але асобы, якія хочуць атрымаць працоўныя візы, будуць перадаваць, напрыклад, інфармацыю пра свой профіль у LinkedIn.
«Нацыянальная бясьпека зьяўляецца нашым галоўным прыярытэтам пры разглядзе заявак на атрыманьне візаў, і кожны будучы падарожнік і імігрант у Злучаныя Штаты праходзіць сур’ёзную праверку бясьпекі, — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту Свабодзе. — Мы пастаянна працуем над пошукам мэханізмаў для паляпшэньня працэсу праверкі, каб абараніць грамадзян ЗША, падтрымліваючы законныя паездкі ў Злучаныя Штаты».
20 плятформаў
Новыя правілы патрабуюць, каб заяўнікі дзяліліся ідэнтыфікатарамі сацыяльных мэдыяў, якія былі выкарыстаны на працягу апошніх пяці гадоў на наступных плятформах: Ask FM, Douban, Facebook, Flickr, Google+, Instagram, LinkedIn, MySpace, Pinterest, QZone, Reddit, Sina Weibo, Tencent Weibo, Tumblr, Twitter, Twoo, Vine, VKontakte, YouKu і YouTube.
Сярод прыкметных выключэньняў — SnapChat і плятформы знаёмстваў, такія як Tinder. Дзярждэпартамэнт заявіў, што потым дададуць іншыя плятформы, хоць не ўдакладніў, якія.
Заяўнікі з больш чым адным акаўнтам на такіх плятформах, як Facebook, павінны паведаміць пра кожны зь іх.
Заяўнікам, якія ніколі не зарэгістраваліся на якіх-небудзь з гэтых сайтаў, не адмовяць у візе за тое, што яны не запоўнілі пытаньні пра сацсеткі, адзначаюць у Дзярждэпартамэнце.
«Катастрофа»?
Карніг Дукмаджан, адвакат па іміграцыі ў Лёндане, заявіў, што ня верыць, што чыноўнікі па іміграцыі будуць глядзець на акаўнты кожнага заяўніка.
Замест гэтага ён лічыць, што яны будуць выкарыстаныя ў якасьці дадатковага інструмэнту для вывучэньня толькі тых прэтэндэнтаў, якія выклічуць падазрэньні ў іміграцыйных службаў ЗША.
«Мы проста ня ведаем, як яны будуць выкарыстоўваць гэта, нават калі ў іх ёсьць магчымасьць нешта зрабіць з гэтай інфармацыяй», — сказаў Дукмаджан, дадаўшы, што маштабная праверка можа запаволіць тэрміны апрацоўкі візаў.
Раманенка адзначыў, што праверка іміграцыйнымі чыноўнікамі старонак іншаземцаў у сацыяльных сетках можа прывесьці да «катастрофы», у тым ліку і для заяўнікаў, якім забароняць пажыцьцёва ўезд у Злучаныя Штаты празь неадпаведнасьць паміж іхнымі пастамі ў сацыяльных сетках і заяўкамі на атрыманьне візаў.
«Цяжка будзе даказаць, што адсутнасьць згадкі пра нейкую міжнародную паездку або працу ў заяўцы на атрыманьне візы была ненаўмыснай, а не наўмысным скажэньнем, каб дамагчыся іміграцыйных ільготаў», — сказаў Раманенка. Адсутнасьць такой згадкі можна лічыць махлярствам, сказаў ён.
Яшчэ да ўвядзеньня гэтых новых правілаў, ЗША ўжо запатрабавалі больш падрабязную інфармацыю аб кандыдатах на іміграцыйныя і неіміграцыйныя візы, уключаючы гісторыю паездак, інфармацыю пра сямейнікаў, ранейшыя хатнія адрасы, працадаўцаў і адукацыю.
Фатаграфіі таксама зьяўляюцца ключавым элемэнтам працэсу падачы заяўкі: некаторыя віды візаў патрабуюць лічбавыя фатаграфіі, а іншыя — друкаваныя, паведамляецца на сайце Дзярждэпартамэнту.
«Ня варта хвалявацца»?
Дукмаджан заявіў, што, хоць некаторыя кліенты расчараваныя новымі патрабаваньнямі, «ніхто не стаў рэагаваць эмацыянальна і хвалявацца празь іх».
Іншаземцы, якія плянуюць паехаць у Злучаныя Штаты Амэрыкі, паведамілі Радыё Свабода, што новыя патрабаваньні неябудуць перашкаджаць ім падаць заяўку на візу ў будучыні.
«Гэта мяне не турбуе, таму што мне ня трэба нічога хаваць. Я думаю, што мае сябры будуць адчуваць тое ж самае. У любым выпадку, нават калі вы не дасьце інфармацыю пра свае сацыяльныя сеткі, яны ўсё роўна могуць знайсьці яе ў інтэрнэце», — сказала Марыя Гарэлава, жыхарка Сахаліну, які ў гэтым месяцы зьбіраецца ў першую паездку ў ЗША. Візу яна атрымала да ўвядзеньня новых правілаў.
Жыхар Санкт-Пецярбургу Арцём Ціханаў, які некалькі разоў прыяжджаў у ЗША, назваў новыя правілы «непрыемнымі», але сказаў, што будзе прытрымлівацца іх, таму што любіць падарожнічаць па ЗША.
«Гэта ціск на свабоду асабістага жыцьця. Але трэба разумець, што гэта адміністрацыйная палітыка, ня варта пераймацца ёю і доўга думаць пра гэта. Гэта безасабовыя патрабаваньні дзяржаўнай машыны», — сказаў ён. — Што тычыцца мяне, я гатовы мірыцца з гэтым».