Блогер NEХТА апублікаваў ліст, падобны на распараджэньне кіраўніцтва Дэпартамэнту аховы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
Дакумэнт адрасаваны начальніку Менскага гарадзкога дэпартамэнту палкоўніку Юрыю Федарэнку, у ім гаворыцца, што службовым аўтамабілям «ВАЗ» і «Ніва» забаронена днём езьдзіць па горадзе ў час правядзеньня ІІ Эўрапейскіх гульняў з 21 па 30 чэрвеня:
«У мэтах фармаваньня і падтрымкі на высокім узроўні станоўчага іміджу Дэпартамэнта аховы і МУС выключыць знаходжаньне на маршрутах патруляваньня службовых транспартных сродкаў маркі ВАЗ (за выключэньнем аўтамабіляў Largus), а таксама мінімізаваць выкарыстаньне службовых транспартных сродкаў маркі „Шэўрале-Ніва“ ў дзённы час».
Ліст падпісаны намесьнікам начальніка Дэпартамэнту аховы МУС палкоўнікам міліцыі Былінам.
Свабода зьвярнулася па камэнтар з нагоды гэтага дакумэнту ў Дэпартамэнт аховы МУС. Прэсавы сакратар Алена Білая паведаміла, што гэтую інфармацыю дэпартамэнт не камэнтуе.
Беларускія праваахоўнікі ў штодзённай працы карыстаюцца тэхнікай перадусім расейскай вытворчасьці. У якасьці патрульных аўтамабіляў задзейнічаныя ВАЗ-2110, УАЗ-452, УАЗ «Хантер», УАЗ «Патриот», ВАЗ-2131 «Нива», Chevrolet Niva, мікрааўтобусы «Газель» і «Соболь». Зь іншых марак — чэскія Skoda Octavia, нямецкія BMW 3, а таксама ўмоўна беларускія Geely і Samand, якія першапачаткова зтбіралі ў Беларусі зь кітайскіх і іранскіх машынакамплектаў адпаведна.
Самая дарагая зь пералічанага сьпісу — BMW 3, з улікам камплектацыі машына з канвэйру каштуе 30-40 тысяч даляраў.
Новая Skoda Octavia, залежна ад опцый, каштуе ў сярэднім 25 тысяч даляраў.
Пазадарожнік УАЗ «Патриот» у беларускіх дылерскіх сетках прадаецца ў межах 15 тысяч даляраў за новае аўто.
Цана на сэдан Geely ад афіцыйнага дылера ў Менску стартуе ад 12 тысяч даляраў залежна ад начыньня.
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.