Усерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ) пачаў вымяраць рэйтынг даверу да прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна паводле новай мэтодыкі.
ВЦИОМ дапоўніў мэтодыку ацэнкі даверу палітыкам «закрытым пытаньнем», якое прадугледжвае канкрэтныя імёны і прозьвішчы. У гэтым фармаце пра давер Уладзіміру Пуціну заявілі больш за 72 працэнтаў апытаных.
Апублікаваныя ВЦИОМ на мінулым тыдні вынікі апытаньня паводле ранейшай мэтодыкі — адкрытае пытаньне, без указаньня канкрэтных палітыкаў — паказалі зьніжэньне даверу да Пуціна да мінімуму за 13 гадоў — 31,7 адсотка. Пры гэтым 65,8 адсоткаў рэспандэнтаў заявілі, што ў цэлым ўхваляюць дзейнасьць прэзыдэнта.
Разыходжаньне ў лічбах выклікала незадаволенасьць у Крамлі. Прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў папрасіў сацыёлягаў растлумачыць сытуацыю, «як можа падаць ўзровень даверу, але расьці электаральны рэйтынг».
Кіраўнік ВЦИОМ Валерый Фёдараў, камэнтуючы вынікі апытаньня, спачатку заявіў, што прычына нізкага рэйтынгу Пуціна зьвязаная з тым, што насельніцтва ня верыць у паляпшэньне ўзроўню жыцьця. Аднак пазьней ён напісаў, што падае не давер да прэзыдэнта, а частата згадак Пуціна ў сьпісе палітыкаў, каму давяраюць расейцы.
Пасьля гэтага ВЦИОМ дапоўніў мэтодыку апытаньня пра давер палітыкам закрытым пытаньнем.