Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: неўзабаве ў Беларусі будзе новая Канстытуцыя або папраўкі ў дзейнай


Ілюстрацыйнае фота. Лукашэнка прысягае на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь падчас інаўгурацыі. Менск, 6 лістапада 2015 году
Ілюстрацыйнае фота. Лукашэнка прысягае на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь падчас інаўгурацыі. Менск, 6 лістапада 2015 году

Неўзабаве ў Беларусі будзе альбо новая Канстытуцыя, альбо будуць уносіцца зьмены ў дзейную, заявіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў замежных краін, паведамляе БелТА.

Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі думаюць пра новы этап у сувязі са зьменамі, якія «дыктуе само жыцьцё».

«Вельмі паскорыліся працэсы. Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць. Я папрасіў менавіта спэцыялістаў Канстытуцыйнага суду, каб яны ўнесьлі свае прапановы для магчымага ўдасканаленьня нашай Канстытуцыі. А потым мы сядзем і абмяркуем», — сказаў ён.

Лукашэнка падкрэсьліў, што ў Канстытуцыйным судзе Беларусі працуюць «выключныя прафэсіяналы», якія «ведаюць, чаго патрабуе ад нас сёньня народ».

Падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» у сакавіку 2019 году Лукашэнка заявіў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады.

Паводле яго, якраз над гэтым цяпер працуюць «граматныя юрысты» і судзьдзі Канстытуцыйнага суду, але нейкіх вынікаў ён яшчэ не атрымаў. Ламаць выбарчае заканадаўства цяпер, калі маюць адбыцца парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, немэтазгодна, лічыць ён. Але пасьля гэтых кампаній — цалкам магчыма. «Разам будзем думаць, які закон пакінуць нашым дзецям», — сказаў Лукашэнка, адказваючы на пытаньне Свабоды.

Пазьней старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына прапанавала мяняць Канстытуцыю без рэфэрэндумаў.

«Цяпер і трэба нешта мадэрнізаваць у Канстытуцыі, кажа кіраўнік дзяржавы, але паспрабуй правядзі рэфэрэндум, паспрабуй крані Канстытуцыю. Наступствы могуць быць самыя нечаканыя і вельмі складаныя. Таму ўжываць [рэфэрэндум] трэба, але, напэўна, у якасьці кансультацыі, а далей павінен прымаць рашэньне нейкі паўнамоцны орган», — сказала Ярмошына.

Цяперашняя Канстытуцыя дазваляе рабіць зьмены ў некаторых разьдзелах і без рэфэрэндуму (іх павінны ўхваліць дзьве траціны кожнай з палатаў Нацыянальнага сходу). Але выключна праз рэфэрэндум можна мяняць разьдзелы I (Асновы канстытуцыйнага ладу), II (Асоба, грамадзтва, дзяржава), IV (Прэзыдэнт, парлямэнт, урад, суд) і VIII (Дзеяньне Канстытуцыі і парадак яе зьмяненьня). І гэта замацавана ў VIII разьдзеле, які нельга мяняць без рэфэрэндуму — гэта значыць, каб рэалізаваць ідэю Ярмошынай, спатрэбіцца «рэфэрэндум аб рэфэрэндумах».

У красавіку Лукашэнка сказаў, што не хацеў бы аддаць «пераемніку» Канстытуцыю ў цяперашнім выглядзе, і цяпер судзьдзі Канстытуцыйнага суду займаюцца пытаньнямі карэктываў у Асноўны закон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG