Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Беларусі трапіла ў карупцыйны скандал у Армэніі — СМІ


Амбасада Беларусі ў Армэніі
Амбасада Беларусі ў Армэніі

Армянскае выданьне «Плятформа праверкі фактаў» высьветліла, што Беларусь набыла будынак для сваёй амбасады за суму, якая перавышае рынкавую цану больш як у чатыры разы.

Як адзначае выданьне, беларуская амбасада — адзіная па-за межамі Ерэвану. У 2014 годзе яна пераехала са сталіцы краіны ў вёску Арындж Катайцкай вобласьці, у будынак на заднім участку асабняка лідэра партыі «Квітучая Армэнія» Гагіка Царук’яна.

Зямельны ўчастак і будынак дзяржава Беларусь набыла ў асобы, якая мае сувязі з Царук’янам — у Жэвіка Мкртч’яна, які на той момант узначальваў Армяна-беларускі гандлёвы дом «Ар-Бе». 55% акцый гэтай кампаніі належаць канцэрну Царукяна ТАА «Мульты Груп», астатняя частка — чатыром беларускім кампаніям канцэрну «Белдзяржхарчпрам». То бок урад Беларусі заплаціў грошы за нерухомасьць прадстаўніку зьвязанага зь ім канцэрну.

Паводле выданьня, у траўні 2014 году агульны кадастравы кошт участку і будынкаў быў ацэнены ў 39 мільёнаў армянскіх драмаў (каля 95 тысяч даляраў ЗША). Аднак, у адпаведнасьці з заключанай 24 ліпеня 2014 году дамовай паміж Мкртч’янам і Рэспублікай Беларусьсю, Беларусь набыла нерухомасьць за 2 млн даляраў, што перавышае кадастравы кошт у 20 разоў.

«Плятформа праверкі фактаў» зьвязалася зь незалежным экспэртам, які ацаніў дом і зямлю сама больш у 450 тысяч даляраў. То бок беларускі ўрад набыў амбасаду ў Армэніі як мінімум у 4 разы даражэй за рэальны кошт.

Паводле выданьня, Гагік Царук’ян, з домам якога мяжуе беларуская амбасада, лічыцца сябрам Аляксандра Лукашэнкі: кіраўнік Беларусі неаднаразова сустракаўся зь ім у Армэніі і нават прысутнічаў на асьвячэньні царквы, пабудаванай на грошы алігарха. У верасьні 2013 году Лукашэнка ўзнагародзіў Царук’яна беларускім ордэнам Дружбы народаў, а ў кастрычніку 2016 году Царук’ян падарыў 12-гадоваму сыну Лукашэнкі Мікалаю чатырох белых паўночнаафрыканскіх ільвянятаў.

У 2012 годзе Ерэванскі каньячна-вінна-гарэлачны камбінат «Арарат», які належыць Царук’яну, і дзяржаўнае прадпрыемства «Беларусторг», якое належыць Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта Беларусі, заснавалі ў Менску ТАА «Армянскі Стандарт» з долямі адпаведна 69% і 31%, якое займаецца разьлівам каньяку з Армэніі.

Армянскія журналісты мяркуюць, што гаворка можа ісьці пра «клясычнае адмываньне дзяржаўных грошай».

У амбасадзе Беларусі карэспандэнту Свабоды сказалі, што камэнтаваць сытуацыю ня будуць. Атрымаць камэнтар у МЗС Беларусі на момант выхаду публікацыі нам не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG