У Гомлі пасьля сьмерці супрацоўніка ДАІ ў Магілёве ціск з боку міліцыі зазналі мясцовыя цыганы. Была затрымана і кіраўніца ўстановы па адаптацыі цыганоў «Рамано дром» («Цыганская дарога») Вольга Нячаева.
«Мае дзяды ваявалі супраць нацыстаў. А як назваць гэтыя дзеяньні міліцыі? Нацызм у мірны час?» — плача шматдзетная маці. У яе з мужам — 8 дзяцей і 13 унукаў.
Па яе словах, ранкам 17 траўня яна пачула, што нехта шкрабае ў дзьверы. Адчыніла.
«Мяне ўціснулі ў сьцяну і ўварваліся ў кватэру. Трое ў міліцэйскай форме. Ніхто не прадставіўся, нічога не тлумачылі. Пайшлі на кватэры, хамілі, пагражалі. Пачалі апытваць 15-гадовую дачку — без майго дазволу. Пыталіся ў яе вагу, рост. У мужа — мянушку. Гэта што ўвогуле такое? Нам забаранялі размаўляць на роднай цыганскай мове», — узгадвае падзеі таго дня Вольга.
«Ты што — надта граматная? Паедзеш у аддзел!»
Яна спрабавала запярэчыць міліцыі, але атрымала ў адказ: «Ты што — надта граматная? Шмат ведаеш? Зараз у аддзел забяром!».
Жанчына патэлефанавала ў «102», каб паскардзіцца на ўварваньне ў жытло невядомых, якія не прадставіліся, не патлумачылі прычын візыту. У дзяжурцы адказалі, што «вам дастаткова, што людзі ў міліцэйскай форме».
Міліцыянт запатрабаваў у Вольгі пашпарт з крыкам: «Дакумэнты на стол!». «Я не пагадзілася — гэта мой пашпарт, прапанавала паглядзець у маіх руках. Тады мне заламалі рукі і забралі яго», — дадае кіраўніца арганізацыі.
«Маглі б і мордай у падлогу вас»
Пасьля пагроз яе забралі ў Цэнтральны РАУС — для «гутаркі». Патрабавалі здаць адбіткі пальцаў. Затым заявілі, што яе тэлефон крадзены.
«Тэлефон на той момант ляжаў у камэры захоўваньня аддзелу міліцыі. Я кажу, што вы ня ведаеце нават маркі тэлефона — ён жа ў камэры, а заяўляеце, што ён крадзены», — кажа Вольга.
У выніку ў яе забралі тэлефон і яшчэ некалькі гадзін «марынавалі».
«Затым прыйшоў той, нахабны, які быў у маёй хаце, і заявіў: „Што, мы сябе некарэктна паводзілі? А маглі б АМАП выклікаць і мордай у падлогу вас!“», — гаворыць жанчына.
Пасьля «гутаркі» ў міліцыі яна пайшла ў пракуратуру і напісала заяву з просьбай правесьці праверку законнасьці дзеяньняў супрацоўнікаў РАУС.
«Дзеяньні міліцыі насілі дыскрымінацыйны характар»
22 траўня Вольга зьвярнулася да праваабаронцаў па дапамогу.
«Мы дапамаглі скласьці заяву на імя начальніка Цэнтральнага РАУС, каб Вользе Нячаевай вярнулі тэлефон, які ў яе незаконна забралі. Заўтра будзем пісаць скаргу на кіраўніцтва РАУС — на дзеяньні іх падначаленых. Іх дзеяньні насілі дыскрымінацыйны характар і выходзілі за прававыя межы. У гутарцы з намі Вольга адзначала, што пасьля сьмерці супрацоўніка ДАІ ў Магілёве атрымала нэгатыўную рэакцыю з боку суседзяў», — сказаў Свабодзе прадстаўнік Гомельскага цэнтру стратэгічнай цяжбы Васіль Палякоў.
Ён лічыць, што такія дзеяньні міліцыі падобныя да апэрацыі па запалохваньні.
Установа адукацыі «Рамано дром» садзейнічае нефармальнай адукацыі дарослых, сацыяльнай адаптацыі рома, прававой адукацыі, працаўладкаваньню, захаваньню і разьвіцьцю культурных традыцый.
Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?
- 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІзнайшлі мёртвым у лесе. Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў. 22-гадовы Яўген Патаповіч (на фота). З паведамленьня ад яго вынікала, што яго выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. Неўзабаве яго
- 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
- 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
- 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
- 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.
- Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
- 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
- 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».