Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве міліцыя затрымала цыганскага барона за збыт наркотыкаў

абноўлена

Цыганская вуліца ў раёне Чапаеўка ў Магілёве
Цыганская вуліца ў раёне Чапаеўка ў Магілёве

Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных справаў затрымалі 48-гадовага мужчыну ў цыганскім раёне Чапаеўка. Яго падазраюць у збыце наркотыкаў і невыкананьні судовага рашэньня аб пазбаўленьні права кіраваньня аўтамабілем.

«Спэцапэрацыя праходзіла пры падтрымцы супрацоўнікаў ДАІ і АМАП», — піша сайт МУС.

У прэс-рэлізе МУС Рамана называюць цыганскім баронам. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі мясцовыя цыганы.

Як стала вядома Свабодзе, Раман сапраўды быў пазбаўлены правоў, і некалькі разоў супрацоўнікі ДАІ спынялі яго за стырном аўтамабіля, за што выносілі яму папярэджаньні.

«Вельмі непрыемна чуць, што такое здарылася, — сказаў Леанід Казіміраў, барон іншага цыганскага раёну ў Магілёве. — Кожны дзень нешта здараецца. Стала цяжка. Людзі ўжо проста стогнуць. Ня ведаем, як абараніць нашых людзей».

Напярэдадні міліцыя атрымала зьвесткі пра датычнасьць падазраванага да сыстэматычнага збыту мэтадону, а таксама іншых наркатычных і псыхатропных рэчываў. Паводле ГУБАЗіК, за адзін дзень Раман ня менш за тры разы прадаў грамадзянам наркотыкі.

На Рамана завялі крымінальную справу за незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў. Паводле ч. 3 арт. 328 падазраванаму пагражае ад 8 да 15 гадоў турмы.

Рамана ўжо затрымлівалі 16 траўня. У размове са Свабодай 19 траўня ён казаў, што яго білі прыкладамі аўтаматаў. Ягоных сыноў таксама затрымлівалі. Малодшага сына зьбівалі на допыце і дамагаліся, каб сябе агаварыў. У міліцыі зьнік ягоны тэлефон.

Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?

  • 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
    22-гадовы Яўген Патаповіч (на фота). З паведамленьня ад яго вынікала, што яго выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. ​Неўзабаве яго знайшлі мёртвым у лесе. ​Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў.
  • 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
  • 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
  • 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
  • 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.​
  • Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
  • 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
  • 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта

Абнаўляецца

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG