Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Штраф 640 эўра матывуе». Як у Эстоніі працуе моўная інспэкцыя


Інфармацыйныя знакі на эстонскай мове
Інфармацыйныя знакі на эстонскай мове

На працягу апошніх 24 гадоў Ільмар Томуск, вядомы ў Эстоніі і за яе межамі дзіцячы пісьменьнік, займае пасаду генэральнага дырэктара дзяржаўнай моўнай інспэкцыі.

Яе стварылі яшчэ ў пачатку 1990-х, незадоўга да таго, як Эстонія абвясьціла незалежнасьць ад Савецкага Саюзу. Фактычна стварэньне інспэкцыі стала адказам Эстоніі на наступствы русыфікацыі, ад якой краіна пацярпела падчас панаваньня савецкай улады.

Моўная інспэкцыя падпарадкоўваецца міністэрству адукацыі і навукі Эстоніі. Прамым абавязкам інспэкцыі ёсьць нагляд за выкананьнем Закону аб мове. Інспэктары маюць права правяраць работнікаў на веданьне эстонскай мовы ў дзяржаўных, грамадзкіх і прыватных установах.

У інтэрвію Радыё Свабода Ільмар Томуск расказаў аб мэтадах працы інспэктараў, штрафы за няведаньне дзяржаўнай мовы і адносіны з расейскамоўным насельніцтвам Эстоніі.

Ільмар Томуск
Ільмар Томуск

Мы абараняем правы тых людзей, якія размаўляюць на эстонскай мове

— Калі канкрэтна і пры якіх абставінах у Эстоніі зьявілася моўная інспэкцыя?

— Моўная інспэкцыя ў Эстоніі зьявілася ў 1991 годзе. Фактычна гэта адбылося яшчэ да абвяшчэньня незалежнасьці Эстоніі. Першы Закон аб мове быў прыняты яшчэ раней — у 1989 годзе, гэта значыць яшчэ ў часы савецкай Эстоніі. Яшчэ ў канцы існаваньня Савецкага Саюзу мы пачалі гучна казаць пра тое, што трэба на дзяржаўным узроўні абараняць эстонскую мову. У 1970-х гадах на ўсёй тэрыторыі Эстоніі адбывалася ўзмоцненая русыфікацыя. А ўжо ў 1980-х вынікам працяглай русыфікацыі стала тое, што эстонская мова пачала зьнікаць з адукацыі, з грамадзкага жыцьця ў цэлым. І ўжо літаральна перад абвяшчэньнем незалежнасьці мы пачалі ўздымаць гэтае пытаньне. Бо Эстонія вельмі маленькая краіна. (Паводле афіцыйных зьвестак, насельніцтва Эстоніі налічвае прыкладна 1 300 000 чалавек. — РС). Колькасьць носьбітаў эстонскай мовы складае каля аднаго мільёна чалавек. Мы лічылі, што мову трэба абараняць.

У 1991 годзе мы стварылі дэпартамэнт мовы пры міністэрстве адукацыі. А з 1998 году гэты орган называецца моўнай інспэкцыяй, мэта якой — абарона эстонскай мовы на дзяржаўным узроўні.

— Як менавіта вы абараняеце эстонскую мову?

— Магчыма, дакладней будзе сказаць, што мы абараняем правы тых людзей, якія размаўляюць на эстонскай мове. То бок чалавек, які гаворыць па-эстонску, усюды мае права патрабаваць, каб зь ім размаўлялі па-эстонску — у міністэрстве, крамах, дзіцячых садках і гэтак далей. На вуліцы, у грамадзкіх месцах, там, дзе ёсьць нейкія надпісы, назвы крамаў, рэкляма, — усё павінна быць на эстонскай мове. Гэта ня значыць, што мы забараняем іншую мову. Другая мова можа быць. Але эстонская мова павінна быць усюды.

Вядома, у нас ёсьць і праблемы. Напрыклад, у крамах ня ўсе прадаўцы ўмеюць размаўляць на эстонскай. Нашы інспэктары іх правяраюць і выстаўляюць наказы: мы патрабуем веданьня мовы. Часам штрафуем.

— Як адбываецца вашая праверка? Напрыклад, калі вы прыходзіце ў краму, вы называецеся? Або дзейнічаеце як таемны пакупнік?

— Мы заўсёды называемся. Гэта абавязкова. Крамы мы правяраем толькі тады, калі атрымліваем скаргу ад спажыўца. Прыходзіць скарга, мы выходзім на праверку. Выпісваем наказ і крыху пазьней правяраем яго выкананьне.

— Гэта значыць, калі я прыходжу ў краму, зьвяртаюся да прадаўца эстонскаю, а ён мне адказвае па-расейску, значыць, я магу зьвярнуцца ў інспэкцыю?

— Можаце. Спачатку, вядома, вы самі можаце папрасіць прадаўца гаварыць з вамі па-эстонску. Калі прадавец скажа, што ён ня ведае эстонскай, тады вы можаце зьвярнуцца са скаргай да нас, і мы праверым.


— Штраф у такім разе атрымае прадавец або крама?

— Мы можам аштрафаваць і прадаўца, і краму. Але калі, скажам, у краме многія прадаўцы не гавораць на дзяржаўнай мове, тады аштрафуем краму. У нас ёсьць такія крамы. Мы іх штрафуем.

— Які памер штрафу?

— Штрафы невысокія. Няведаньне мовы — гэта не крымінальнае парушэньне. Гэта нязначнае парушэньне. Найбольшы штраф, які мы выпісалі, — 640 эўра. Для чалавека гэта шмат, але для арганізацыі — не.

Як бы гэта дзіўна ні гучала, мы маем выпадкі, калі дырэктары расейскамоўных школ ня ведаюць эстонскай мовы. І такі штраф таксама быў выпісаны некалькім дырэктарам школаў.

— Колькі штрафаў вы выпісваеце ў год?

— У год выпісваем да 200 штрафаў па ўсёй краіне. Памер сярэдняга штрафу складае 60-70 эўра. Гэта мо і няшмат, але калі заробак, скажам, 600-700 эўра, тады гэта вялікая сума.

І паверце: штрафы матывуюць. Аднак мы штрафуем не адразу. Спачатку мы выпісваем наказ, дзе даем чалавеку час вывучыць мову — адзін год. Праз год зноў правяраем: калі чалавек усё яшчэ ня ведае мовы, тады будзем штрафаваць. Хаця раней інспэкцыя штрафавала адразу, аднак пасьля мы зьмянілі гэтае правіла і цяпер бачым, што такая сыстэма пакараньняў і заахвочваньняў сябе апраўдвае.

Моўныя курсы бясплатныя

— Калі вы адпраўляеце чалавека вучыць мову, хто плаціць за яго навучаньне?

— Моўныя курсы бясплатныя. Аднак ёсьць такія, дзе трэба спачатку заплаціць за навучаньне, а пасьля таго як чалавек здае экзамэн, дзяржава вяртае яму грошы.

Паводле закону ўсе вулічныя шыльды мусяць мець інфармацыю на эстонскай мове
Паводле закону ўсе вулічныя шыльды мусяць мець інфармацыю на эстонскай мове

— Ці аднолькава аб’ектыўна працуюць інспэктары ва ўсіх рэгіёнах краіны? Бо паўночны ўсход Эстоніі мяжуе з Расеяй. Там шмат расейскамоўнага насельніцтва, напрыклад, у горадзе Нарве больш за 90%. Прыходзіць, напрыклад, інспэктар у тамтэйшую ўстанову, дзе наагул ніхто не размаўляе на эстонскай — і што ён павінен рабіць? Усіх адпраўляць на курсы?

— Значыць, неабходна ўсіх адправіць на курсы. У Эстоніі няма нейкіх асобных рэгіёнаў, дзе дзейнічаюць нейкія іншыя законы. Закон аб мове адзін на ўсю краіну. І ў Таліне і ў Нарве. Так, мы разумеем, у Нарве на эстонскай размаўляе толькі 3% насельніцтва. Як мы можам абараніць іхныя правы? Вернемся да прыкладу з крамай. Калі, напрыклад, мы атрымалі скаргу на краму, прыходзім туды з праверкай, і бачым, што ніхто не размаўляе па-эстонску. Тады мы можам выпісаць наказ, якім абавязваем уладальніка крамы трымаць на зьмене прынамсі аднаго супрацоўніка, які будзе ведаць эстонскую мову. У выпадку, калі наведнік патрабуе ад прадаўца перайсьці на эстонскую, а прадавец яе ня ведае, ён можа паклікаць эстонскамоўнага калегу. Такім чынам мы рэалізуем права чалавека атрымаць паслугу на эстонскай мове.

Вядома, калі мы выпісваем наказ, то ўсьведамляем, што ў Нарве вывучыць мову складаней, бо практыкаваць асабліва няма з кім. Навучаньне патрабуе больш часу, чым звычайна. Гэта можа быць і два гады, і тры, і пяць. Ёсьць такія, якія ўжо 10 гадоў вучаць мову.

Ёсьць у нас адзін дырэктар школы. Упершыню я зь ім сустрэўся ў канцы 1997 году. Уявіце — ён дагэтуль вучыць эстонскую. Ён імкнецца, а мы яго матывуем, часам — штрафамі. На вялікі жаль, гэта нават ня ў Нарве, гэта ў Таліне.

Моўная інспэкцыя ня мае права звальняць людзей​

— Ці можна яго звольніць за няведаньне мовы?

— Навошта? Ён добры дырэктар, гэта па-першае. А па-другое, моўная інспэкцыя ня мае права звальняць людзей. Наша задача матываваць людзей вучыць эстонскую мову.

— Якія яшчэ магчымасьці мае моўная інспэкцыя?

— Мы кантралюем якасьць працы моўных курсаў. Маем права прыйсьці на заняткі і праверыць, у якіх умовах праходзіць навучаньне. Бывае, што навучальны плян або кваліфікацыя настаўніка не адпавядае патрабаваньням. Тады мы можам выпісаць наказ і пасьля зноў прыйсьці з праверкай.

— У Эстонію зараз прыяжджае шмат украінцаў, расейцаў, беларусаў. Многія зь іх добрыя спэцыялісты. Часта яны выбіраюць Эстонію менавіта таму, што тут большасьць разумее расейскую. Такім чынам, людзі спадзяюцца пазьбегнуць значнага моўнага барʼеру. Акрамя таго, многія з прыежджых спэцыялістаў добра валодаюць ангельскай. Ці гэтага дастаткова, каб працягнуць тут карʼеру?

Больш за ўсё скаргаў на няведаньне дзяржаўнай мовы атрымліваюць касіры ў супэрмаркэтах
Больш за ўсё скаргаў на няведаньне дзяржаўнай мовы атрымліваюць касіры ў супэрмаркэтах

​— Не, недастаткова. Я вам прывяду прыклад. Калі вы едзеце ў Кітай і хочаце там стаць дырэктарам школы, вы ж павінны ведаць кітайскую мову. У Эстоніі гэтак жа. Нічога новага.

Расейскамоўныя мо не заўсёды задаволеныя нашымі моўнымі патрабаваньнямі, але яны імкнуцца​

— А ці шмат у Эстоніі такіх, хто прынцыпова ня хоча вучыць эстонскую мову?

— Ёсьць такія, але я не сказаў бы, што іх вельмі шмат. Гадоў 15-20 таму іх было значна больш. Цяпер людзі стараюцца. Эстонія — маленькая краіна, але чамусьці людзі сюды едуць і хочуць тут жыць. Расейскамоўныя мо не заўсёды задаволеныя нашымі моўнымі патрабаваньнямі, але яны імкнуцца. Будзем шчырымі, узровень жыцьця тут вышэйшы, чым у Расеі. З Украіны і Беларусі таксама многія прыяжджаюць, у прыватнасьці лекары. Усе яны спрабуюць вывучыць мову. Некаторыя прыяжджаюць падрыхтаванымі. Нядаўна сюды пераехаў адзін лекар у Расеі. Уявіце, ён пачаў вучыць эстонскую яшчэ да пераезду, прыехаў і адразу здаў экзамэн на ўзровень В2.

— У Эстоніі працуюць як эстонскамоўныя, так і расейскамоўныя школы. Колькі ў вас расейскамоўных школаў і якім чынам там выкладаюць эстонскую?

— Агульнаадукацыйная школа, хоць расейскамоўная, хоць эстонскамоўная, падзеленая на асноўную школу і гімназію. Да 9 клясы гэта асноўная школа. Дзясятая, адзінаццатая, дванаццатая клясы — гэта гімназія.
У расейскамоўных школах да 9 клясы эстонская мова і эстонская літаратура выкладаюцца як асобныя прадметы. А ўсё навучаньне вядзецца на расейскай. Калі студэнт пераходзіць у дзясятую клясу, навучаньне адбываецца паводле прынцыпу 40 на 60. Гэта значыць, што 60% прадметаў выкладаюць на эстонскай, 40% — на расейскай. Такая сыстэма ў Эстоніі працуе яшчэ з 1997 году, калі расейскамоўнага насельніцтва было значна больш, чым цяпер. Цяпер у грамадзтве ідуць дыскусіі аб тым, каб усе школы зрабіць выключна эстонскамоўнымі. Але чалавек заўсёды мае выбар. Можна аддаць дзіця ў эстонскамоўную школу, дзе ўсё навучаньне зь першай і да апошняй клясы адбываецца па-эстонску. Эстонскамоўных школаў прыкладна 75%. Расейскамоўных — 25%.

Курсы эстонскай мовы для пэнсіянэраў у Таліне. Пажылыя людзі мову вучаць для сябе
Курсы эстонскай мовы для пэнсіянэраў у Таліне. Пажылыя людзі мову вучаць для сябе

— У расейскіх СМІ эстонскую моўную інспэкцыю часта называюць рэпрэсіўным органам адносна расейскамоўнага насельніцтва Эстоніі і абвінавачваюць у парушэньнях правоў чалавека...

— Мы не парушаем правоў чалавека. Мы абараняем правы чалавека, які хоча размаўляць на эстонскай. Так, мы матывуем расейскамоўных людзей ведаць эстонскую мову, але гэта не парушэньне правоў чалавека. Пасаду генэральнага дырэктара моўнай інспэкцыі я займаю 24 гады, і за гэты час я ня меў канфліктаў з тымі расейскамоўнымі жыхарамі нашай краіны, якіх мы правяралі на веданьне эстонскай мовы. У 2007 годзе, падчас сурʼёзнага абвастрэньня адносін з Расеяй (у красавіку 2007 года ўлады Эстоніі прынялі рашэньне дэмантаваць манумэнт савецкім воінам і перанесьці яго з цэнтру Таліну на могілкі, што пацягнула масавыя акцыі пратэсту сярод расейскамоўнага насельніцтва і ўвядзеньне санкцыяў з боку Расеі. — РС), мы акурат правяралі на веданьне мовы настаўнікаў і выхавальнікаў дзіцячых садкоў, і адна з нашых расейскамоўных газэт надрукавала пра мяне артыкул.

Ён выйшаў пад загалоўкам «Ільмар Томуск вельмі ветлівы інквізытар». Так, яны сказалі, што я інквізытар, але ўдакладнілі — ветлівы інквізытар. Бывае, што расейскамоўныя грамадзяне запрашаюць нас, кажуць: прыходзьце, праверце, як мы ведаем мову, ці — прыходзьце і дапамажыце нам палепшыць веды эстонскай. У нас добрыя адносіны. Іншая рэч —палітыка. Некаторыя палітыкі імкнуцца выкарыстоўваць наш орган у сваіх мэтах. Але наша праца ня мае нічога супольнага з палітыкай.

Арыгінал інтэрвію на сайце Ўкраінскай службы Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG