Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка на Майдане: «21 красавіка — не падстава для экспэрымэнтаў і жартаў». Таксама ён назваў Зяленскага дэзэрцірам


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка прыехаў на Майдан Незалежнасьці на акцыю сваіх прыхільнікаў «Абарані Ўкраіну».

Настоящее Время ведзе наўпроставую трансьляцию з цэнтру Кіева.

«Так, я не ідэальны. Але мы ня можам перакрэсьліць усе нашы дасягненьні і адмовіцца ад праэўрапейскага курсу, пабудовы моцнай эўрапейскай дзяржавы, члена NATO. Мы разумеем запыт грамадзтва на абнаўленьне палітычнай эліты. Але гэта можна пачаць рабіць на парлямэнцкіх выбарах, там рызыкі не такія небясьпечныя, — прапанаваў Парашэнка, выступаючы перад тымі, хто сабраўся на Майдане. — А 21 красавіка (выбары прэзыдэнта Ўкраіны) — не падстава для экспэрымэнтаў і жартаў, як пяць гадоў прэзыдэнцтва — ня камэдыя. Асабліва з пасадай вярхоўнага галоўнакамандуючага. Інакш можам дажартавацца».

Ён таксама заявіў, што ўкраінцы «могуць супрацьстаяць спробам Крамля зрабіць Украіну сваім сатэлітам і спробам вярнуць яе ў імпэрскае стойла», намякаючы на тое, што менавіта гэта можа адбыцца, калі пераможа Ўладзімір Зяленскі.

«Галоўнае, каб Украіна была Ўкраінай, — падкрэсьліў ён. — А з заяваў майго апанэнта ўсё часьцей прамалёўваецца вобраз Маларосіі. Нам прапануюць, каб украінцы былі зачараваныя тэлевізійнымі шоў і адмовіліся ад сваёй эўрапейскай будучыні, каб яны адмовіліся ад заваёваў мінулых гадоў, якія ўмацавалі наш духоўны фундамэнт».

«Мы ня лічым Зяленскага агентам Крамля. Але Пуцін марыць аб слабым непадрыхтаваным прэзыдэнце Ўкраіны. Пуцін марыць пра хаос і нестабільнасьць. Мы дакладна не дамо яму гэта зрабіць», — заявіў Парашэнка сваім прыхільнікам пра Зяленскага.

Таксама ён падкрэсьліў, што «Зяленскі ўхіляўся ад дэбатаў зь ім так жа, як ён ухіляўся ад службы ў войску». Ён назваў Зяленскага «дэзэрцірам» і спытаў: «Як ён будзе вярхоўным галоўнакамандуючым і будзе глядзець у вочы салдатам»?

Дзеючы прэзыдэнт Украіны таксама заклікаў прыходзіць 21 красавіка на ўчасткі і «прывесьці з сабой мінімум трох чалавек»: «Гэтага будзе дастаткова для нашай перамогі».

*****

Увечары 19 красавіка ў Кіеве на стадыёне «Алімпійскі» пройдуць дэбаты двух кандыдатаў у прэзыдэнты Ўкраіны.

Тэлеканал «Настоящее время» пакажа іх у наўпроставым эфіры з сынхронным перакладам на расейскую мову. Трансьляцыя пачнецца ў 14.00 па беларускім і кіеўскім часе, а самі дэбаты — у 19.00.

У 15:30 украінская служба Радыё Свабода пачне жывую трансьляцыю са стадыёну Алімпійскі" у Кіеве. А 19.00 кандыдаты павінны пачаць сваю дыскусію на НСК «Алімпійскі». Пасьля гэтага ўкраінская Свабода будзе трансьляваць афіцыйныя дэбаты ў студыі Грамадзкага тэлебачаньня.

Гэта першыя вочныя дэбаты двух кандыдатаў у прэзыдэнты. Іх ідэя была выказана адразу пасьля першага тура, у якім Зяленскі набраў 30% галасоў, Парашэнка — 16%. Менавіта Зяленскі запрасіў свайго суперніка на стадыён «Алімпійскі», на што дзеючы прэзыдэнт заўважыў: «Стадыён так стадыён».

Паводле апошняга апытаньня Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялёгіі, у другім туры за Зяленскага прагаласавалі б 48,4% апытаных украінцаў, а за Парашэнку — 17%. Пры гэтым 17,9% апытаных заявілі, што яшчэ не вызначыліся з выбарам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG