У Берасьці завяршыўся суд над блогерам Сяргеем Пятрухіным, якога абвінавачвалі ў паклёпе і абразе міліцыянтаў. Судзьдзя Аляксандар Семянчук, які разглядаў справу, пакараў Пятрухіна буйным штрафам.
Суд Ленінскага раёну Берасьця прызнаў вінаватым блогера Сяргея Пятрухіна ў абразе і паклёпе на міліцыянтаў. Вырак — штраф у 9180 беларускіх рублёў (360 базавых велічыняў). Таксама, Пятрухін мусіць выплаціць міліцыянтам 5770 рублёў маральнай кампэнсацыі. Штраф і маральную кампэнсацыю Сяргей Пятрухін павінен сплаціць цягам месяца. Да сплаты ў яго будзе апісаная маёмасьць пад заклад штрафу.
Пятрухін сказаў, што вінаватым сябе ня лічыць, а такі штраф для яго — непад’ёмны.
«Гэтым прысудам паказалі, што могуць рабіць усё што заўгодна, міліцыя тут пануе. Гэта — наступ на свабоду слова. Канешне, для мяне гэта вялікі штраф, далі месяц на сплату. У мяне такіх грошай няма. Будуць прымушаць — буду плаціць па 5 рублёў за месяц», — кажа Пятрухін.
Пры разглядзе справы пракурор патрабаваў для Пятрухіна 2 гады з накіраваньнем на «хімію» і штраф у 2550 беларускіх рублёў (100 базавых велічынь). Апроч таго, міліцыянты Сяргей Ігнацюк, Дзьмітры Якушэвіч, Сяргей Токун і Ігар Галянціч, якія праходзілі пацярпелымі ў справе, хадайнічалі аб спагнаньні зь Пятрухіна агулам 7000 рублёў «за маральныя пакуты». Яны напісалі заяву на Пятрухіна за абразу і паклёп у адным зь ягоных відэаролікаў, пасьля чаго і была распачатая крымінальная справа.
Першае паседжаньне па справе адбылося 9 красавіка, на яго ня здолелі трапіць многія берасьцейцы, якія прыйшлі падтрымаць Пятрухіна, а таксама праваабаронцы. Калі яны прыйшлі, заля суду была запоўненая міліцыянтамі. Большую залю для паседжаньня не прапанавалі, АМАП вывеў з памяшканьня людзей, якім не хапіла крэслаў.
Пятрухін на судзе не прызнаў сваёй віны, ён сьцьвярджае, што ў ягоным роліку няма абразы гэтых канкрэтных міліцыянтаў.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» ды іншыя праваабарончыя арганізацыі прызналі суд над Пятрухіным палітычна матываваным.
Блогер Сяргей Пятрухін вядомы ў Берасьці асьвятленьнем тэмаў карупцыі, скаргаў на міліцыянтаў. Апошні год рэгулярна асьвятляе пратэсты супраць пабудовы акумулятарнага заводу пад Берасьцем.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.