14 красавіка ў цэнтры Берасьця міліцыя затрымала блогера Аляксандра Кабанава і актывістаў Дзьмітрыя Бекалюка ды Аляксандра Абляка, а таксама яшчэ дваіх удзельнікаў пратэсту.
Як перадае БелаПАН, яны былі затрыманыя на плошчы Леніна, дзе сёньня ў чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу, больш як 200 чалавек. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году.
Кабанаву і Бекалюку інкрымінуюць парушэньне артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
Падчас затрыманьня Бекалюка людзі, якія сабраліся на плошчы, скандавалі «Ганьба».
Таксама праваабаронца Раман Кісьляк паведаміў пра затрыманьне актывісткі Тацяны Фесікавай, якую выклікалі сёньня ў Ленінскі РАУС.
Актывіст Аляксандар Абляк падчас акцыі абвесьціў у мэгафон, што гэта мірны сход і выйсьці на яго людзей вымусілі ўлады, які ня чуюць іх думку супраць працы акумулятарнага завода.
Пасля сустрэчы на плошчы праціўнікі будаўніцтва завода рушылі па цэнтральных вуліцах Пушкінскай і Савецкай да ЦУМа на праспэкце Машэрава. Па дарозе яны скандавалі «Не заводу!».
Падчас шэсьця некалькі супрацоўнікаў АМАПу выхапілі Аляксандра Абляка з цэнтру калёны і пасадзілі яго ў сваю машыну. Таксама быў затрыманы Ягор Кандрацюк, які ішоў побач з Абляком і абурыўся дзеяньнямі АМАПу.
12 красавіка былі зьмешчаныя ў ізалятар часовага ўтрыманьня каля дзесяці праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завод. У Ленінскі РАУС абласнога цэнтра ў якасьці сьведак было выклікана 12 актывістаў. Затрымалі і да суду зьмясцілі ў ІЧУ: Дзьмітрыя Андрасюка, Уладзімера Казлоўскага, Дзяніса Малашанку, Сяргея Сьвірскага, Уладзіслава Абрамовіча, Алега Ярмоленку, Дзям’яна Лепесевіча, Кацярыну Басаргіну, Алега Вялова і праваабаронцу Ўладзімера Вялічкіна.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.