Калі я вучылася ў школе, мой аднаклясьнік аднойчы набыў у хлопца зь іншай школы капсулу з нейкім рэчывам накшталт сьлезацечнага газу. Ён разьбіў яе ў прыбіральні побач з клясам, дзе ў нас быў наступны ўрок.
Мабільныя тэлефоны тады былі не ва ўсіх, і агулам мы былі прывучаны, што «дарослым лепш ведаць». Таму калі дыхаць стала балюча, а настаўніца сказала, каб ніхто нават ня ўздумаў уставаць з-за парты і выходзіць з памяшканьня, мы проста засталіся на сваіх месцах.
Ня ведаю, як іншыя бацькі, а мая маці ў той вечар папулярна патлумачыла мне, што пра правіла «дарослым лепш ведаць» трэба забыць. Калі здараецца любая сытуацыя, дзе я адчуваю сябе ў небясьпецы, я павінна па магчымасьці трапіць у бясьпечную прастору і пазваніць ёй ці ў міліцыю (у залежнасьці ад сытуацыі).
Калі дзіця ў школе атрымлівае траўму, дарослыя да апошняга стараюцца не выклікаць хуткую.
Кожны раз, калі я чую, як дарослыя выступаюць за абмежаваньні мабільных тэлефонаў у школе, я згадваю гэтую гісторыю. Таксама згадваю, што, калі дзіця ў школе атрымлівае траўму, дарослыя да апошняга стараюцца не выклікаць хуткую, бо ў іх потым будуць праблемы праз гэты выклік.
Тэлефон — гэта ня толькі інструмэнт для гульняў, чыёй канкурэнцыі так баяцца настаўніцы. Гэта тое, што можа выратаваць у небясьпечнай сытуацыі і дапамагчы тады, калі на дзіця па нейкай прычыне ціснуць (напрыклад, шантажом і пагрозамі прымушаюць уступіць у БРСМ).
Некалькі месяцаў таму вялікі розгалас атрымаў запіс, які з-пад парты зрабіў вучань адной зь менскіх гімназій. На ім выразна чутно, што падлеткаў літаральна заганяюць у БРСМ, бо «адміністрацыі школы патрэбная стопрацэнтная статыстыка, а іначай можа быць адлічэньне з клясы». Тое, што вучань скарыстаўся тэлефонам, магло абурыць толькі людзей, якія хацелі б прыкрыць гэты шантаж і маніпуляцыі.
Тое, што вучань скарыстаўся тэлефонам, магло абурыць толькі людзей, якія хацелі б прыкрыць шантаж і маніпуляцыі.
А сёньня выйшаў загад Міністэрства адукацыі «Аб зацьвярджэньні прыкладнай інструкцыі аб арганізацыі прапускнога рэжыму ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі». Сярод іншага, гэты загад абмяжоўвае выкарыстаньне мабільных тэлефонаў у школах. «Прапануецца абсталяваць навучальныя кабінэты прыстасаваньнямі зь ячэйкамі для часовага захоўваньня сродкаў мабільнай сувязі падчас уроку», — кажа прадстаўнік міністэрства Эдуард Тамільчык.
Стандартны аргумэнт супраць тэлефонаў у школах — гэта тое, што яны нібыта надта адцягваюць увагу дзяцей ад навучальнага працэсу. І, вядома ж, замест таго, каб зрабіць навучаньне цікавейшым, прасьцей забараніць тэлефоны.
Але я ўпэўнена, што рэальная прычына гэтай забароны не мае нічога агульнага з клопатам пра якасьць навучальнага працэсу. Тэлефоны ў вучаніц і вучняў — пагроза для сучаснай беларускай школы, якая дагэтуль зьяўляецца рэпрэсіўнай сыстэмай. Аналізуючы мэханізмы рэалізацыі ўлады, філёзаф Мішэль Фуко ставіў школу ў адзін шэраг з турмой і казармай, і гэтыя паралелі застаюцца актуальнымі і сёньня.
Тэлефоны ў вучаніц і вучняў — пагроза для сучаснай беларускай школы.
Школа абмяжоўвае дзяцей і падпарадкоўвае іх сваім правілам — далёка не заўжды карысным і рацыянальным для саміх дзяцей. Вучаніцы і вучні не заўжды разглядаюцца як суб’екты навучаньня — яны дробныя кавалачкі сыстэмы, якія часам «ламаюцца» і не дазваляюць ёй працаваць паводле пляну. А плян заўжды аднолькавы — даць правільную справаздачу з правільнай статыстыкай.
Сыстэма безнадзейна адстае ад рэальнасьці. Забарона карыстацца тэлефонамі ў 2019 годзе па эфэктыўнасьці і лягічнасьці знаходзіцца прыблізна на адным узроўні з прапановай расказваць падлеткам пра важнасьць захоўваньня цнатлівасьці да шлюбу. Праўда, пакуль у беларускіх школах будуць расказваць пра сьвятасьць цнатлівасьці, брытанскія падлеткі будуць удасканальваць прэзэрватывы, якія зьмяняюць колер пры кантакце з інфэкцыямі. І пакуль нашы вучаніцы і вучні будуць складваць тэлефоны ў ячэйкі перад пачаткам урокаў, дзесьці іншыя людзі будуць працягваць працаваць над тым, каб для званкоў і відэазапісаў больш не былі патрэбныя ні тэлефоны, ні гадзіньнікі, ні разумныя акуляры.
А для настаўніц у мяне кепская навіна: калі дзецям сумна на вашых уроках, яны і без тэлефонаў знойдуць, чым сябе заняць, абы вас не слухаць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.