Колькасьць пакараньняў сьмерцю ў сьвеце скарацілася у 2018 годзе на траціну, дасягнуўшы самага нізкага паказьніка за апошняе дзесяцігодзьдзе.
У Беларусі колькасць сьмяротных выракаў, наадварот, вырасла. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе арганізацыі Amnesty International.
Як падкрэсьліваецца ў штогадовым дасьледаваньні, колькасьць пакараньняў сьмерцю ў сьвеце скарацілася з 993 у 2017 годзе да 690 летась. Гэта азначае, што робяцца эфэктыўныя крокі дзеля таго, каб пакласьці канец гэтаму «жорсткаму і бесчалавечнаму пакараньню».
Кітай — сусьветны лідэр у сьмяротных прысудах
Нават краіны, дзе найвышэйшая мера заставалася звыклай практыкай, пачынаюць разумець, што гэта не вырашэньне праблемы. У прыватнасьці, адзначаецца ў дакладзе, лік пакараньняў сьмерцю ў Іране зьменшыўся на 50%. У Іраку, Пакістане, Самалі таксама адзначана значнае зніжэньне такіх прысудаў.
У той жа час праваабаронцы адзначылі рост колькасьці пакараньняў сьмерцю ў Беларусі (мінімум 4 прысуды), Сынгапуры (13), ЗША (25), Паўднёвым Судане (7), Японіі (15). Акрамя таго, Тайлянд прывёў у выкананьне сьмяротны прысуд ўпершыню з 2009 году.
Краінай, дзе караюць сьмерцю больш за ўсё, застаецца Кітай. Пры гэтым сапраўдны маштаб невядомы, бо зьвесткі пра гэта зьяўляюцца дзяржаўнай тайнай. Паводле ацэнак Amnesty International, у КНР штогод тысячы кітайцаў асуджаюць на сьмерць. Няма зьвестак і пра КНДР, хоць у Amnesty International заяўляюць, што там людзей працягваюць забіваць у вялікай колькасьці.
Беларусь адзіная ў Эўропе, дзе караюць сьмерцю
У сьпісе краін, дзе у 2018 годзе выканана найбольшая колькасьць сьмяротных прысудаў, таксама ўвайшлі Іран (як мінімум 253), Сырыя (149), Віетнам (85), Ірак (52).
Беларусь застаецца адзінай у Эўропе дзяржавай, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне. Ад пачатку 1990-х у Беларусі расстраляна больш за 400 асуджаных да найвышэйшай меры пакараньня. За ўвесь гэты час памілаваны толькі адзін чалавек.
У 2017 годзе ў Беларусі прывялі ў выкананьне два сьмяротныя прысуды. Летась пакаралі сьмерцю чатырох асуджаных. У студзені 2019-га вынесены чарговы сьмяротны прысуд — расстраляны 36-гадовы бабруйчанін Аляксандар Асіповіч. Паводле праваабаронцаў, у камэры сьмяротнікаў застаюцца Аляксандар Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка.