Прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько, камэнтуючы Свабодзе сытуацыю вакол зносу крыжоў у Курапатах, сказаў, што надзвычай балюча на такое глядзець, асабліва ў час Вялікага посту.
«Навошта, чаму, для чаго гэта робіцца? — перапытвае ён. — Вельмі шмат пытаньняў узьнікае. Крыж — гэта галоўны сымбаль хрысьціянства, сымбаль збаўленьня чалавецтва. І раптам бачым такое... Да таго ж мітрапаліт неаднаразова казаў: Курапаты — гэта наша Галгофа, а яе без крыжа ўявіць папросту немагчыма».
Паводле Юрыя Санько, таксама ўзьнікаюць пытаньні, што далей будзе з крыжамі і дзе іх зьбіраюцца «складаваць».
Паводле ягоных слоў, неўзабаве Каталіцкі касьцёл мае сфармуляваць і выказаць афіцыйную пазыцыю адносна боку таго, што цяпер адбываецца ў Курапатах.