4 красавіка ў Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў (паводле інфармацыі Зьмітра Дашкевіча). 15 абаронцаў Курапат затрымала міліцыя, а сам мэмарыял ачапілі. Каля 12 гадзіны дня пачалі ставіць мэталічную агароджу мэмарыяла, гэтым займаюцца будаўнікі з Заслаўя.
Хто прыняў рашэньне пра дэмантаж 70 крыжоў, куды іх вывезьлі і што зь імі будзе далей невядома. Дырэктар Бараўлянскага спэцыяльнага лясгасу Аляксандар Мірановіч адмовіўся тлумачыць сытуацыю. «Выдаляюцца незаконна ўстаноўленыя спаруды ў выглядзе крыжоў», — адзінае, што патлумачыў Мірановіч. Пры гэтым не паказаў канкрэтных дакумэнтаў на запыт дэпутатцы Ганны Канапацкай.
У Курапатах зранку 4 красавіка пачалі зносіць крыжы, якія мінулым летам ставіў Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі з боку рэстарацыі «Поедем поедим». Пад'езды да Курапатаў заблякаваныя.
Сьведкі налічылі восем экскаватараў, якія валяць крыжы па ўсім пэрымэтры мэмарыялу, расказаў адзін зь лідэраў абароны Курапатаў, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец.
Ён спрабаваў правесьці відэатрансьляцыю — яму спачатку заміналі «людзі ў цывільным», затым людзі ў форме АМАП без тлумачэньняў запхалі яго ў мікрааўтобус.
Таксама Свабода стала сьведкам затрыманьня актывістаў Дзяніса Ўрбановіча і Ніны Багінскай. Вядома пра затрыманьне прынамсі яшчэ двух актывістаў: Зьмітра Дашкевіча і Піліпа Шаўрова. У сацсетках паведамляюць, што затрыманы актывіст Валер Рабцаў.
Пазьней у міліцыі паведамілі, што ўсяго ў Курапатах затрымана 15 чалавек.
Акрамя будаўнікоў, на месцы працуюць супрацоўнікі кампаніі «Белтэлекам», адзін зь іх сказаў, што яны тут будуць праводзіць сваю лінію.
Актывіст Зьміцер Касьпяровіч паведаміў Свабодзе, што прыехаў у Курапаты, дайшоў ад Крыжа пакутаў да «Галгофы», але там яго сустрэлі міліцыянты і далей не пусьцілі. Ён бачыў тэхніку, супрацоўнікаў у цывільным і будаўнікоў.
Паводле актывіста Зьмітра Дашкевіча, які таксама прыехаў у Курапаты, на 10.30 раніцы было зьнесена каля 70 крыжоў.
«Усё, што мы паставілі — 70 шасьцімэтровых крыжоў — усе зьнесеныя, — расказаў Свабодзе Дашкевіч. — На 10 гадзінаў усё было ўжо зьнесенае. Я думаю, уначы працавалі. Увесь раён ачэплены міліцыяй. Што тут рабіць, невядома. Усё зьнесена».
Каля рэстарацыі «Поедем поедим» таксама шмат будаўнічай тэхнікі, зносяць крыжы. Міліцыянты нікога не пускаюць на тэрыторыю Курапатаў. На заслаўскай трасе стаіць велізарная машына, туды звозяць крыжы і вывозяць іх. На машынах, у якія грузяць дэмантаваныя крыжы, нумары заматаныя анучай (відаць толькі, што яны зарэгістраваныя ў Менскай вобласьці), што зьяўляецца парушэньнем правілаў дарожнага руху.
Дырэктар Бараўлянскага спэцыяльнага лясгасу Аляксандар Мірановіч адмовіўся камэнтаваць Свабодзе прычыны, па якіх узьнікла неабходнасьць прыбіраць крыжы. І параіў зьвярнуцца ў прэс-службу Міністэрства лясной гаспадаркі.
У сваю чаргу, прадстаўніца ведамства Анастасія Дакучаева спаслалася на тое, што тэма «спэцыфічная» і сказала, што неабходна накіраваць адмысловы запыт на імя кіраўніцтва міністэрства. Пазьней Мірановіч у камэнтары дзяржаўнаму агенцтву БЕЛТА сказаў, што ў Курапатах праходзяць плянавыя работы па добраўпарадкаваньні, мантуюцца агароджы, «выдаляюцца незаконна ўстаноўленыя спаруды».
Падпалкоўнік міліцыі зь з менскага райаддзела міліцыі, які не назваў Свабодзе сваё імя, сказаў, што вядуцца будаўнічыя працы, і па ўсе камэнтары параіў зьвяртацца да кіраўніцтва міліцыі.
Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адганяюць журналістаў, якія спрабуюць падысьці бліжэй і зрабіць фота.
Апоўдні ў Курапаты прыехала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. Дырэктар Бараўлянскага спэцыяльнага лясгасу Мірановіч адмовіўся тлумачыць ёй сытуацыю, на ейныя пытаньні адказаў «ну і што», адаслаў дэпутатку ў прэс-цэнтар. Яна спрабавала пагутарыць зь ім — Мірановіч адыходзіў ад яе ў бок лесу.
Прадставіць дакумэнты на работы ён адмовіўся, хоць абавязаны, а будаўнічыя работы без адпаведных дакумэнтаў незаконныя. Канапацкая адзначыла, што «няведаньне законаў не вызваляе ад адказнасьці».
Каардынатарка ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька назвала тое, што адбываецца ў Курапатах, «глябальным злачынствам, якое адбылося на вачах усяго беларускага грамадзтва». Яна падкрэсьліла, што зьдзіўленая тым, «як лёгка чыноўнікі, якія кажуць, што ходзяць у царкву, узялі і выканалі загад» — Шапуцька мяркуе, што загад зьнішчыць крыжы фактычна даў Аляксандар Лукашэнка падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам».
Ніякага грамадзкага абмеркаваньня адносна зносу крыжоў, падкрэсьліла Шапуцька, не было. Былі суды і штрафы за ўсталёўку крыжоў, мусіў быць суд адносна далейшых дзеяньняў з крыжамі, але аб другім Шапуцька ня ведае.
Ці зьвязаныя знос крыжоў і слупкі, якімі, падобна, будаўнікі пазначылі тэрыторыю пад агароджу, невядома. Але побач са слупкамі з боку «Экспабелу» застаюцца стаяць старыя крыжы, усталяваныя да мінулага лета. Шапуцька перакананая, што «і гэтыя зьнясуць».
Курапаты
Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.
У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».
У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.
У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.
Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.
Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.
У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.