У Курапатах зранку 4 красавіка пачалі зносіць крыжы, паведаміў сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец. Ён пачаў на Facebook відэатрансьляцыю зь месца падзеяў, але не пратрансьляваў і 10 хвілінаў.
«Людзі ў цывільным» спрабавалі выгнаць Севярынца з тэрыторыі мэмарыялу — тлумачылі, што там ідуць «работы», нельга перашкаджаць праезду тэхнікі. Супрацоўнікі АМАПу без тлумачэньняў запхалі Севярынца ў белы мікрааўтобус. За што ён затрыманы, невядома.
Сьведкі налічылі восем экскаватараў, якія валяць крыжы па ўсім пэрымэтры мэмарыялу. Міністэрства культуры ня ведае, што адбываецца.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.