Намесьніца начальніка Ўпраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Натальля Хвір ня ведае, што адбываецца ў Курапатах, і накіравала Свабоду да мясцовых уладаў.
«У кожнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці ёсьць уласьнік, які адказвае за аб’ект, — адказала Натальля Хвір. — Зьвяртайцеся ў Менскі аблвыканкам, райвыканкам. Я ня ведаю, што адбываецца ў Курапатах, на жаль, не была там ні ўчора, ні сёньня. Усе пытаньні да ўласьніка».
На ўдакладняльнае пытаньне, паводле якіх дакумэнтаў, пастановаў адбываецца зьнішчэньне крыжоў, ці зьверне на гэта ўвагу на Мінкульт, адказала так:
«Калі на тэрыторыі Курапатаў ставіліся крыжы, ніхто ў ні ў кога не пытаўся, ці можна іх паставіць. Калі будзе парушэньне заканадаўства, парушэньне пастановы №70 Мінкульту, мы зьвернем увагу».
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.