У Францыі праходзіць 20-я акцыя руху «жоўтых камізэлек». За амаль пяць месяцаў штотыднёвых дэманстрацыяў пратэстоўцам удалося дамагчыся адмены павышэньня акцызаў на паліва і іншых саступак ад ураду. Колькасьць удзельнікаў кожную суботу скарачаецца, аднак актыўнасьць пратэстаў не зьніжаецца, адзначае RFI.
Самыя шматлікія акцыі праходзяць у суботу ў Парыжы, Бардо, Ліёне, Марсэлі, Страсбуры. Як паведамляе AFP, некаторыя дэманстранты заклікаюць заблякаваць зброевыя заводы, якія вырабляюць спэцсродкі для разгону дэманстрантаў, напрыклад, шумавыя гранаты.
У гэтую суботу дэманстрацыі цалкам забароненыя ў Авіньёне, Тулюзе, Руане і Сэнт-Эцьене. У Парыжы другую суботу запар забароненыя масавыя акцыі на Элізэйскіх палях. Дадатковыя захады бясьпекі і тэрытарыяльныя абмежаваньні былі ўведзеныя гарадзкімі ўладамі пасьля пагромаў і сутыкненьняў 16 сакавіка.
Прэфэктура паліцыі папярэдзіла прадпрымальнікаў, чые рэстарацыі і крамы знаходзяцца на маршрутах правядзеньня дэманстрацыяў.
Паводле дадзеных французскага міністэрства ўнутраных справаў, ад пачатку акцыяў «жоўтых камізэлек» паліцыя затрымала больш як 8700 чалавек. Іх абвінавачваюць у пашкоджаньні маёмасьці і ўжываньні гвалту ў дачыненьні да паліцыі. Дзьве тысячы чалавек былі прызнаныя вінаватымі ў судах.