Апэляцыйны суд у Гаазе асудзіў на пажыцьцёвае зьняволеньне першага прэзыдэнта Рэспублікі Сэрбскай Радавана Караджыча, паведамляе агенцтва Reuters. Раней 73-гадовы палітык быў асуджаны на 40 гадоў зьняволеньня за генацыд у Срэбраніцы, дзе былі забітыя больш за 8 тысяч мужчын і хлопчыкаў-мусульман, і за іншыя цяжкія злачынствы падчас канфлікту ў Босьніі і Герцагавіне.
Новы прысуд вынесьлі судзьдзі так званага Рэшткавага мэханізму, паколькі Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі, які разглядаў справы аб ваенных злачынствах падчас распаду краіны, спыніў сваю працу ў канцы 2017 года.
Першапачатковы прысуд абскардзіла як абарона Караджыча, якая патрабавала адмяніць абвінаваўчы вэрдыкт 2016 году, так і бок абвінавачваньня, які патрабаваў больш жорсткага пакараньня. Сам Караджыч вінаватым сябе не лічыць.
Сёньня перад будынкам суду ў Гаазе быў усталяваны транспарант з надпісам, які параўноўваў Караджыча з Гітлерам. Аднак яго прыбралі на патрабаваньне паліцыі.
Першапачаткова Караджыча абвінавачвалі ў генацыдзе ня толькі ў Срэбраніцы, але і яшчэ ў сямі населеных пунктах. Аднак гэты пункт абвінавачваньня не ўдалося даказаць у судзе. У той жа час яго прызналі вінаватым у злачынствах супраць чалавечнасьці і парушэньні законаў і звычаяў вядзеньня вайны. А менавіта ў забойствах, дэпартацыях, негуманным стаўленьні і іншых злачынствах супраць басьнійскіх мусульман і харватаў, тэрарызаваньні цывільнага насельніцтва Сараева шляхам артылерыйскіх і снайпэрскіх абстрэлаў і ў захопе міратворчага пэрсаналу ААН у закладнікі.
Караджыча арыштавалі ў 2008 годзе ў Сэрбіі. Яму ўдавалася хавацца ад міжнароднага правасудзьдзя 13 гадоў. Падчас судовага разбору па ягонай справе было прадстаўлена больш за 11 тысяч рэчыўных доказаў, заслуханыя паказаньні амаль 600 сьведак.