Лінкі ўнівэрсальнага доступу

161 абвінавачаны, хованкі, самагубства — трыбунал па былой Югаславіі завяршае працу


У Гаазе 21 сьнежня адбудзецца афіцыйная цырымонія закрыцьця Міжнароднага трыбунала па былой Югаславіі (МТБЮ). Стварэньне гэтай структуры ААН у 1993 годзе многія называлі прарывам у галіне міжнароднага права, але, тым не менш, яго праца часта падвяргалася крытыцы.

Канчатковае прымірэньне на Балканах так і не наступіла, а стварэньне новых падобных трыбуналаў апынулася пад пытаньнем праз высокія выдаткі на правасудзьдзе і спрэчкі сусьветных дзяржаў.

Той факт, што суд стварылі ў разгар вайны, моцна абцяжарыла збор доказаў і ідэнтыфікацыю сьведкаў. Справы абвінавачаных сярэдняга і ніжэйшага ўзроўняў былі перададзеныя ў нацыянальныя суды, а ў Гаазе засяродзіліся на самых цяжкіх злачынствах і перасьледзе палітычных і ваенных лідэраў. Абвінавачваньні прад'явілі 161 чалавеку, дзевяноста зь іх былі асуджаныя. Усе, каго МТБЮ шукаў, рана ці позна апынуліся ў Гаазе.

Многія злачынствы 90-х падрабязна задакумэнтаваныя, але на Балканах асуджаных ваенных злачынцаў нярэдка называюць героямі. Падзеі ваеннага часу, якімі зацікавіліся суды, у інфармацыйнай прасторы і на палітычнай сцэне часта спрабуюць прадставіць, як праяву гераізму і патрыятызму. На падтрымку абвінавачаных вылучаліся прыстойныя грошы зь бюджэтаў краін рэгіёну. Здаралася, што перад вынясеньня прысудаў у Гаазе на бок абвінавачаных адкрыта ўставалі прадстаўнікі вышэйшага палітычнага кіраўніцтва, а самі прысуды ацэньваліся імі як «ганебныя аплявухі» ці аб’яўляліся «злачыннымі».

У некаторых з ваенных злачынцаў зьявілася магчымасьць вярнуцца ў палітыку або заняцца выкладчыцкай працай. Іх прыхільнікі выказваюць ім падтрымку нават у дні смутку і беспакарана пагражаюць сваім апанэнтам расправай. У ваенных злачынцаў бяруць інтэрвію, у якіх тыя яны адмаўляюць факты злачынстваў. Яны пішуць кнігі з кідкім назвамі накшталт «Я абараняў праўду» ці «Сьведчу». Аўтар апошняй зь іх, Біляна Плаўшыч, якая заяўляла ў дзевяностыя гады пра біялягічную несумяшчальнасьць народаў, якія жывуць на Балканах, хацела б бачыць на сваёй надмагільнай пліце эпітафію «Тут спачывае праведніца».

У кіруючых элітаў балканскі краін, якія заявілі пра арыентацыю на Эўропу, і пасьля вайны не здарылася сурʼёзных інтэлектуальных і каштоўнасных зьменаў. У рэгіёне ў апоры на кансэрватыўны нацыяналізм ідзе судовая або палітычная рэабілітацыя ваенных злачынцаў часоў Другой сусьветнай вайны і нядаўніх канфліктаў. Дыскусіі ў тым, як аднавіць давер і прадухіліць новыя зьверствы, сыходзяць на другі плян — разам з пачуцьцямі тых, хто выжыў у расправах і прайшоў праз катаваньні і прыніжэньня ў канцлягерах.

Мясцовыя палітыкі часта кажуць пра неабʼектыўнае правасудзьдзе і спробы навязаць ім пачуцьцё віны. Прысуды трыбуналу кожны раз прыводзяць да ўсплёску эмоцыяў, нязручныя факты спрабуюць адмаўляць, а злачынствы «сваіх» апраўдваюць дзеяньнямі праціўнікаў, распавядае Радыё Свабода прафэсар філязофскага факультэта Сараеўскага ўнівэрсытэта Хусьні Камэбравіч:

— На жаль, бакі ўсё яшчэ не гатовыя прызнаваць свае злачынствы, і шмат хто лічыць сваіх суграмадзянаў героямі. Але як могуць быць героямі тыя, хто забіў дзесяткі тысяч людзей у Срэбраніцы і Прыедары, хто зьдзекаваўся над людзьмі ў лягерах Дрэтэль і Кератэрм, ці расстраляў пяцігадовага Паўла і сямігадовага Пятра ў Коніцэ? Многія не разумеюць, што прызнаньне ўчыненых злачынстваў зьяўляецца перадумовай для наладжваньня нармальнага жыцьця. І да тых часоў, пакуль гэтага не адбудзецца, немагчыма гаварыць аб узаемаразуменьні.

Сэрбскі бок ва ўсіх канфліктах быў значна мацнейшым — і ў Харватыі, і ў Босьніі, і ў Косаве. Ніхто не валодаў такімі магчымасьцямі, як сэрбы, у распараджэньні якіх апынулася практычна ўся тэхніка былой арміі Югаславіі. Ніхто ня зьдзейсьніў такіх злачынстваў, як аблога Вукавару і расстрэлы ў Срэбраніцы.

Зь меркаваньнем пра антысэрбскі характар трыбуналу ня згодныя і шматлікія праваабаронцы на Балканах. Сярод іх Соня Бісерка, якая ўзначальвае Хэльсінкскі камітэт па правах чалавека ў Сэрбіі:

— Гэта прапагандысцкія заявы. Ваенныя злачынствы ня маюць тэрміну даўніны, і многія зь іх яшчэ будуць расьсьледаваныя. Сэрбскі бок часта маніпулюе фактамі, заяўляючы, што Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі — антысэрбскі суд. Але праблема ў тым, што Сэрбія вяла некалькі канфліктаў, і асноўныя злачынствы былі зьдзейсьнены супраць другіх народаў, а акрамя таго, самі сэрбы зьяўляюцца ахвярамі палітыкі Бялграду. Вайна вялася з мэтай стварэньня этнічнай дзяржавы, і адным зь яе наступстваў стала велізарная колькасьць бежанцаў. Многія з іх — сэрбы.

Усе гады Сэрбія пасьлядоўна займалася дыскрэдытацыяй Міжнароднага трыбуналу — праз сьведак, утойваньне дакумэнтаў, адмову выдаваць падазраваных. Гэта пацьвярджае і той факт, што былыя лідэры басьнійскіх сэрбаў Радаван Караджыч і Ратка Младзіч хаваліся ў Сэрбіі больш за 10 гадоў, знаходзячыся пад абаронай дзяржавы, арміі і пэўных колаў. Сама Сэрбія ўсё яшчэ не гатовая прыняць сваю ўласную адказнасьць, што вельмі ўскладняе сытуацыю.

Нягледзячы на велізарныя дыпляматычныя намаганьні і міжнародную фінансавую падтрымку, прымірэньня ў былой Югаславіі так і не адбылося, і праца МТБЮ гэтаму не паспрыяла, кажуць розныя палітычныя экспэрты на Балканах. Суразмоўцы Радыё Свабода мяркуюць, што падобныя чаканьні ў дачыненьні да Міжнароднага трыбунала першапачаткова былі завышанымі, і што ў любым выпадку адсутнасьць палітычнага прагрэсу — не віна тых, хто расьсьледаваў злачынствы. Сыгнал МБТЮ як раз відавочны: рана ці позна правасудзьдзе знаходзіць тых, хто плянуе і зьдзяйсьняе злачынствы, нават калі гэта найвышэйшыя кіраўнікі. А прымірэньне і аднаўленьне адносін — гэта перш за ўсё справа палітычных элітаў і грамадзтваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG