У Беларусі існуе палітычная замова на дэгераізацыю гістарычных пэрсанажаў, каб увечніць вобраз дзейнага кіраўніка.
Сьцісла
- Кастусь Каліноўскі — адзіны прызнаны беларускі гістарычны дзяяч, які не выклікаў ніякага расколу ў грамадзтве.
- Разгортваецца сьвядомая палітычная кампанія «разьвенчваньня» вобразу Кастуся Каліноўскага.
- Мэта кампаніі — расчысьціць глебу для гераізацыі Аляксандра Лукашэнкі.
- Улады спусьцілі на тармазах сьвяткаваньне 100-годзьдя БССР, бо краіне патрэбен толькі адзін герой.
Каліноўскі — адзіны беларускі нацыянальны герой
Кастусь Каліноўскі быў у пантэоне беларускіх нацыянальных герояў у савецкія часы. Гэта фактычна адзіны дарэвалюцыйны гістарычны пэрсанаж, які тады адназначна трактаваўся са знакам плюс — як лідэр сялянскага паўстаньня. Бо адпавядаў савецкаму канцэпту: рухавіком гісторыі ёсьць клясавая барацьба.
Вуліца Каліноўскага ў Менску — адна зь нямногіх вуліц сталіцы БССР, названых у гонар герояў гісторыі Беларусі да 1917 году. Яму былі прысьвечаныя творы кінэматографу, мастацкай літаратуры (Уладзімер Караткевіч і інш.), жывапісу (Пётра Сергіевіч). І калі пасьля распаду СССР і ўтварэньня незалежнай Беларусі ўзьнікла пытаньне пра заснаваньне ўласных беларускіх узнагародаў, то выбраць патронаў для іх не было складана. У 1995 годзе быў зацьверджаны ордэн Кастуся Каліноўскага.
І, дарэчы, Каліноўскі — ці не адзіны беларускі гістарычны дзяяч, які не выклікаў ніякага расколу ў грамадзтве, палітычнай клясе. Яго прызнавалі і нацыяналісты, і камуністы (бо, як адзначана, ён быў знакавай постацьцю з савецкіх падручнікаў). Сацыялягічныя апытаньні паказвалі, што сярод беларускіх гістарычных дзеячоў большасьць беларусаў называла прозьвішчы Каліноўскага і Машэрава. Фактычна сёньня толькі гэтыя пэрсанажы застаюцца ў гістарычнай памяці, масавай сьвядомасьці грамадзтва.
Палітычная кампанія разьвянчаньня вобразу Каліноўскага
І вось раптам у разгар працэсу так званай «мяккай беларусізацыі», калі нават была часткова рэабілітаваная БНР, улады пачалі разьвенчваць Кастуся Каліноўскага як беларускага нацыянальнага героя. У абноўленым падручніку расейскай літаратуры для VIII клясы напісалі пра «польскае паўстаньне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага (1863–1864)».
Пасьля справядлівага абурэньня грамадзкасьці і гісторыкаў у сьнежні 2018 году Міністэрства адукацыі выступіла з заявай, дзе зноў паўтарыла вэрсію пра «польскае паўстаньне (1863–1864)». Дарэчы, менавіта ў такім выглядзе трактуецца гэтая гістарычная падзея ў расейскіх школьных падручніках.
І вось у бой ўступіла цяжкая артылерыя. У студзені ў «Настаўніцкай газэце» апублікаваны артыкул Ігара Марзалюка, дзе ён пацьвярджае вэрсію Міністэрства адукацыі.
Стала зразумела, што ўсё гэта невыпадкова, што на нашых вачах разгортваецца палітычная кампанія. 17 сакавіка Марзалюк у інтэрвію перадачы «Главный эфир» Першага нацыянальнага каналу, прысьвечанай тэме інфармацыйнай бясьпекі, намякаючы на Каліноўскага, зноў заявіў, што «чалавек, які называе, скажам, праваслаўе „сабачай верай“ (калі ў нас 80% праваслаўных), ці можа такі чалавек быць нацыянальным героем краіны?»
Ігар Марзалюк як афіцыёзны гістарыёграф
Ігар Марзалюк быў калісьці добрым гісторыкам, але стаў дрэнным палітыкам. Ён цяпер прызначаны на ролю афіцыёзнага гістарыёграфа. Як Мікалай Карамзін у Расеі ХІХ стагодзьдзя ці Лаўрэнцій Абэцэдарскі ў БССР, які ў сваіх працах стварыў антыбеларускую гістарычную міталёгію. Каб высновы Ігара Марзалюка былі больш важкімі, яго прызначылі старшынём камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы.
Як вядома, гісторыя — гэта сучасная палітыка, павернутая назад. І роля афіцыёзнага гістарыёграфа палягае ў тым, каб трактаваць мінулае ў патрэбным і выгадным існай уладзе выглядзе. Аляксандар Пушкін іранічна пісаў пра гістарычныя працы Мікалая Карамзіна:
«В его „Истории“ изящность, простота
Доказывают нам, без всякого пристрастья,
Необходимость самовластья
И прелести кнута».
Што азначае гэтая лінія на разьвенчваньне вобразу Кастуся Каліноўскага? Выкажу сваю гіпотэзу. На мой погляд, Ігар Марзалюк выконвае палітычную замову на дэгераізацыю беларускай гісторыі. Гэты працэс пачаўся яшчэ у сярэдзіне 2000-х гадоў. У 2004 годзе Лукашэнка скасаваў ордэн Кастуся Каліноўскага. У 2005 годзе ён прыбраў імёны Францішка Скарыны і Пятра Машэрава з назваў галоўных праспэктаў Менску. Цяпер дайшла справа і да Каліноўскага. Дарэчы, ці вы зьвярнулі ўвагу, што на беларускіх грашах няма партрэтаў знакамітых гістарычных дзеячоў? Гэта даволі рэдкая зьява ў сьвеце.
Палітычная замова
Навоша гэта робіцца? Вы яшчэ не здагадаліся? Бо трэба расчысьціць глебу для іншага героя. Адгадайце з трох разоў яго прозьвішча. Хто яшчэ не здагадаўся, наведайце Музэй сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. Там партрэты толькі аднаго чалавека.
Дзяржаўныя мэдыя ўжо пачалі друкаваць матэрыялы, прысьвечаныя 25-годзьдзю прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Вось гэта будзе сапраўднае ўсенароднае сьвята. Таму трэба прыбраць канкурэнтаў.
У гэтым зьвязку варта прыгадаць, як улады змазалі, зрэдукавалі, спусьцілі на тармазах маштабнае сьвяткаваньне 100-годзьдзя БССР. Ня сталі праводзіць урачыстага пасяджэньня з гэтай нагоды, дзе з асноўным дакладам мусіў бы выступіць кіраўнік дзяржавы. Больш урачыста адзначылі менш значныя даты: 100-годзьдзе ўзброеных сілаў, 100-годзьдзе камсамолу, 100-годзьдзе МЗС. Чаму? Бо ва ўрачыстым дакладзе трэба было б назваць прозьвішчы Чарвякова, Жылуновіча, Мазурава, Машэрава. Дык навошта? Краіне патрэбен толькі адзін герой.
А Каліноўскі — пабочны вынік, неабходная ахвяра гэтай палітычнай кампаніі. Вось Марзалюк і стараецца, прымяраючы лаўры Абэцэдарскага. Але гэта слава Герастрата.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.