Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марзалюк патлумачыў, чаму «Гісторыю Беларусі» ў ВНУ заменяць на «Гісторыю беларускай дзяржаўнасьці»


Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

Кіраўнік аўтарскага калектыву, які рыхтуе новы падручнік гісторыі для беларускіх унівэрсытэтаў і інстытутаў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Марзалюк распавёў Свабодзе, што новы падручнік хочуць падрыхтаваць ужо ў траўні, каб перадаць наклад у ВНУ Беларусі да новага навучальнага году.

Ва ўнівэрсытэтах Беларусі можа зьявіцца курс гісторыі беларускай дзяржаўнасьці з падручнікамі ад каманды пад кіраўніцтвам дэпутата Марзалюка, паведаміла 16 студзеня БелТА.

Адзін з аўтараў манаграфіі «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці» прафэсар Валянцін Голубеў заявіў, што гісторыю беларускай дзяржаўнасьці будуць выкладаць замест гісторыі Беларусі «з наступнага году, хутчэй за ўсё», — «гэта амаль вырашана». Паводле Голубева, на гэта дадуць нават больш навучальных гадзінаў, чым было на гісторыю Беларусі.

8 тэзаў Марзалюка пра новы падручнік

  1. Паміж «Гісторыяй Беларусі» і «Гісторыяй беларускай дзяржаўнасьці» існуе прынцыповая розьніца.
  2. «Гісторыю Беларусі» выкладаюць у школах. І каб для тых, хто будзе вучыцца далей у ВНУ, не было звычайнага паўтору, там уводзіцца курс «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці».
  3. «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці» — інтэграваная і вышэйшая форма грамадазнаўства. Тут у гістарычнай пераемнасьці паказаныя ўсе найважнейшыя інстытуты дзяржавы і ўлады — як яны ўзьніклі і як яны функцыянуюць сёньня.
  4. У падручніку будуць тры вялікія базавыя блёкі. Гэта ўласна гісторыя беларускай дзяржаўнасьці, дзе паказаная эвалюцыя ўсіх формаў, пачынаючы ад самых старажытных і да сёньняшняй Рэспублікі Беларусь. Другая базавая рэч зьвязаная з гісторыяй заканадаўства і права. І апошні разьдзел можна назваць разьдзелам па беларусазнаўстве, дзе прадстаўленая гісторыя ўсёй беларускай супольнасьці ад этнасу да нацыі.
  5. Істотна павялічваецца колькасьць гадзін, якія адводзяцца на гісторыю. Бо «Гісторыя Беларусі ў кантэксьце эўрапейскіх цывілізацыяў», якая чытаецца цяпер, малая па часе і шмат у чым дублюе веды, якія атрымліваюць у сярэдняй школе.
  6. Апрабацыя падручніка ўжо пачалася. Першыя дзьве лекцыі пра характарыстыку курсу і ягоныя базавыя пастуляты прачытаныя ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь.
  7. У аўтарскі калектыў, акрамя ягонага кіраўніка, уваходзяць такія вядомыя дасьледчыкі, як Аляксандар Каханоўскі, Сяргей Ходнеў, Пётар Брыгадзін, Вадзім Гігін, Дзяніс Дук, а таксама картограф Сьцяпан Цемушаў. Выданьне плянуюць аздобіць мапамі.
  8. Аўтары пішуць свае матэрыялы па-беларуску. Пасьля будзе пераклад на расейскую мову, бо падручнік плянуецца выдаць на дзьвюх дзяржаўных мовах.

Завяршыць працу над тэкстам плянуецца ў траўні, каб да пачатку новага навучальнага году падручнік быў гатовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG