Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі інвэстар хоча атрымаць кантроль над расейскімі пастаўкамі дызэлю праз Украіну ў Эўропу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Украінскі трубаправод, да ўладальнікаў якога прыпісваюць кума Пуціна Віктара Медзьведчука, хоча купіць беларуская кампанія. Чаму ўзьнік такі інтарэс і хто стаіць за анансаванай угодай, высьвятляла карэспандэнтка Свабоды.

Беларускае ўнітарнае прадпрыемства «Нафтабітумны завод», якое належыць Мікалаю Вараб’ю, другі раз спрабуе ўвайсьці на ўкраінскі рынак — на гэты раз каб атрымаць доступ да перапампоўкі дызэльнага паліва праз Украіну ў Эўразьвяз.

Размова ідзе пра набыцьцё беларускім заводам, які займаецца вытворчасьцю нафтавых дарожных бітумаў і мазуту, звыш 50 % акцый ўкраінскага прадпрыемства «Прыкарпатзахадтранс». Ва ўласнасьці гэтай кампаніі 780 кілямэтраў прадуктаправоду, які быў пабудаваны ў савецкі час і быў неад’емнаю часткаю трубаправоду «Самара — Заходні кірунак». Цяпер праз гэтую «трубу» расейская кампанія «Роснефть» ажыцьцяўляе трэцюю частку паставак дызэлю ва Ўкраіну і праз Украіну ў Эўразьвяз.

Жаданьне ёсьць, дазволу пакуль няма

Ва Ўкраіне ўсе камэрцыйныя зьдзелкі, якія датычацца перадачы кантрольнага пакету акцый украінскіх кампаній, маюць атрымаць дазвол Антыманапольнага камітэту. Пакет дакумэнтаў аб беларуска-ўкраінскай апэрацыі куплі-продажу быў унесены на разгляд камітэту 14 сакавіка. Але зь нейкіх прычын пытаньне так і не разгледзелі. У Антыманапольным камітэце Ўкраіны пакуль гэтага не камэнтуюць:

«Калі б рашэньне было ўхвалена зь любой рэзалюцыяй — даць дазвол на ўгоду або адмовіць — яно было б апублікаванае».

Летась, у канцы году, «Нафтабітумны завод» накіраваў дакумэнты ў Фонд дзяржаўнай маёмасьці аб жаданьні ўдзельнічаць у конкурсе на прыватызацыю найбуйнейшага ва Ўкраіне энэргетычнага прадпрыемства «Центренерго» (яно пазьней фігуравала ў магчымых пастаўках вугалю зь Беларусі — РС). Але беларускую кампанію выключылі з тэндэру, бо праваахоўныя органы высьветлілі, што яе канчатковым бэнэфіцыярным уладальнікам «зьяўляецца асоба, якая адначасова заснавала і кантралюе кампаніі, зарэгістраваныя на тэрыторыі Расеі».

Але наўрад ці гэтая «расейская» гісторыя беларускага прадпрыемства можа стаць перашкодай для набыцьця кампаніі «Прыкарпатзахадтранс» — яна ня ёсьць дзяржаўнаю.

Як украінская дзяржава страціла кантроль над трубой

Украіна больш як 10 гадоў адстойвала ў судах права на гэты трубаправод. Але ў 2015 годзе, згодна з судовым рашэньнем, ён быў выведзены зь дзяржаўнай уласнасьці і перададзены ў кіраваньне расейскай кампаніі «Транснефть». Скарыстаўшыся момантам, расейцы з дазволу таго ж Антыманапольнага камітэту Ўкраіны хутка прадалі яго швайцарскай кампаніі International Trading Partners AG.

А праз год пасьля гэтай зьдзелкі «Прыкарпатзахадтранс» ужо ўдзельнічаў у тэндэрах Міністэрства абароны Ўкраіны на пастаўкі дызэльнага паліва. У 2016 годзе яны паставілі нафтапрадукты ўкраінскаму войску на амаль 400 мільёнаў грыўняў (на той момант 16 мільёнаў даляраў у эквіваленце). Але з таго часу кампанія ня ўдзельнічае ў тэндэрных закупках, якія ажыцьцяўляюцца за бюджэтныя рэсурсы.

З 2017 году «Прыкарпатзахадтранс» мае дамову зь дзяржаўнай расейскай кампаніяй «Роснефть» аб пастаўках ад 30 да 50 мільёнаў тон дызпаліва да 30 чэрвеня 2028 году (3-5 мільёнаў тон на год). Пры гэтым цана кожнай пастаўкі вызначаецца паводле формулы, зыходзячы з рынкавых цэнаў паліва. Новы ўласьнік кампаніі як мінімум яшчэ 9 гадоў будзе мець гарантаваныя пастаўкі і вялікія прыбыткі.

Каму належыць трубаправод

Згодна з адкрытымі зьвесткамі, уласьнікам кампаніі цяпер зьяўляецца 44-гадовы грамадзянін Нямеччыны Анатоль Шэфэр, як жыве ў Швайцарыі і зьяўляецца заснавальнікам International Trading Partners AG, якая і выкупіла ў Расеі «ўкраінскія трубныя актывы» і мае статутны капітал у памеры 105,563 мільёна грыўняў (4 мільёны даляраў ЗША ў эквіваленце).

Але ўкраінскія СМІ называюць яго падстаўной асобай, сьцьвярджаючы, што кампанія, з аднаго боку, мае дачыненьне да алігарха Сяргея Курчанкі (бізнэсовец, які ўваходзіў у так званую «сям’ю Януковіча»), а з другога — да ўдзельніка перамоваў па Данбасе ў менскай трохбаковай кантактнай групе, кума Пуціна Віктара Медзьведчука і ягонага партнэра Тараса Козака, цяперашняга дэпутата фракцыі «Апазыцыйны блёк». Дарэчы, менавіта ягонымі самалётамі карыстаецца Віктар Медзьвядчук пры паездках у Менск і гарады Расеі.

Афіцыйна прадпрыемства на пачатак лютага мела падатковую запазычанасьць 100 тысяч грыўняў (крыху менш як 4 тысячы даляраў у эквіваленце) і вялікі стос мільённых пазоваў Энэргетычнай мытні аб парушэньнях мытнага заканадаўства пры выплаце мытных збораў пры афармленьні транзыту нафтапрадуктаў. Апошні быў пададзены ў канцы лютага (яго зараз абскарджвае «Прыкарпатзахадтранс»), але за ўвесь час мінулых працэсаў суды прызнавалі прэтэнзіі мытні неабгрунтаванымі. Такім чынам, сотні мільёнаў грыўняў пазоваў, якія выстаўлялі мытнікі, заставаліся ў бюджэце кампаніі ці кішэнях яе ўласьнікаў.

Ігар Луцэнка
Ігар Луцэнка

«Мытня ня будзе накіроўваць усе свае магчымыя высілкі, каб былі выкананыя іх рашэньні, разумеючы, што за гэтымі схемамі стаяць Медзьвядчук і Парашэнка, які пасьпяхова ў тэлефонным рэжыме кіруе судамі. Мяркую, што такая самая сытуацыя ўзьнікла і тут, калі паступалі ўказаньні наконт таго, якія рашэньні маюць быць ухваленыя ў адказ на прэтэнзіі Энэргетычнай мытні. Праз гэтую трубу ва Ўкраіну паступае трэцяя частка нафтапрадуктаў, гэта істотна, каб уплываць на цэны на паліва ў краіне, і яны кантралююцца людзьмі Медзьведчука», — сказаў Свабодзе народны дэпутат Украіны Ігар Луцэнка.

Рызыкі беларускага інвэстара

Ігар Луцэнка мяркуе, што продаж кантрольнага пакету акцый «Прыкарпатзахадтранс» мае адначасова палітычныя і эканамічныя матывы. Дэпутат заявіў пра намер ініцыяваць працэс перагляду судовых рашэньняў, згодна зь якімі трубаправод быў выведзены зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны.

«Перад выбарамі гэта (продаж акцый. — РС) выглядае як спроба зьнізіць рызыкі на выпадак зьмены ўлады. На мой погляд, гэта юрыдычная схема супрацьдзеяньня магчымасьці аднавіць справядлівасьць і вярнуць актывы ў дзяржаўную ўласнасьць. Фармальна Медзьвядчук ня ёсьць уласьнікам кампаніі, але выкарыстоўваў яе напоўніцу. Паколькі пасьля выбараў магчыма, што ягоны „дах“ у выглядзе Адміністрацыі прэзыдэнта і самога Пятра Парашэнкі зьнікне, то яму, адпаведна, патрэбна зрабіць пэўныя дзеяньні, каб ускладніць магчымасьці будучай улады гэтую трубу вярнуць ва ўласнасьць», — мяркуе дэпутат.

Ігар Луцэнка перакананы, што нават у выпадку цяперашняй зьмены структуры ўласнасьці кампаніі захаваюцца і схемы кантрабанды, якія выкарыстоўваліся дагэтуль.

Інтарэс кума Пуціна

Пытаньне ўласнасьці «ўкраінскай трубы» магло абмяркоўвацца ў фармаце сустрэчы Віктара Медзьведчука з Аляксандрам Лукашэнкам і расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Фармальна гэта магло адбыцца ў часе візыту кіраўніка Беларусі ў Сочы — Віктар Медзьвядчук сам пацьвердзіў факт сустрэчы з Лукашэнкам. Праўда, паводле яго, гутарка тады ішла аб магчымым пасярэдніцтве Лукашэнкі ў дыялёгу паміж Кіевам і Масквой.

Паводле статыстыкі, у 2018 годзе дызэль ва Ўкраіну ўвозіўся пераважна з Расеі — Беларусь страціла сваю частку ў гэтым сэгмэнце ўкраінскага рынку, хоць і засталася на другім месцы сярод пастаўшчыкоў. Разам пастаўкі з Расеі і Беларусі складаюць каля 72% усіх патрэбаў Украіны. А асноўная частка паставак ажыцьцяўлялася якраз праз нафтапрадуктавод «Прыкарпатзахадтранс» — участак «Самара — Наваград-Валынскі — Закарпацьце — Вугоршчына».

«Усе дамоўленасьці наконт легальных і нелегальных схемаў, зразумела, праходзяць праз „гаспадароў“ тэрыторый, гэта значыць Пуціна, Лукашэнкі і Парашэнкі. А Медзьвядчук у гэтым выпадку ёсьць эфэктыўным камунікатарам і арганізатарам гэтай схемы», — перакананы ўкраінскі дэпутат.

Летась журналісты праграмы «Схемы» (супольнага праекту ўкраінскай службы Радыё Свабода і тэлеканалу «UA:Перший») абнародавалі дакумэнты, згодна зь якімі кампанія ўкраінскай тэлевядоўцы Аксаны Марчанкі (жонкі Віктара Медзьведчука) выйграла конкурс на асваеньне аднаго з трох найбуйнейшых нафтавых радовішчаў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі Расеі.

Пазьней і ў іншых расьсьледаваньнях журналісты зьвярталі ўвагу на тое, што рынак газу і нафтапрадуктаў ва Ўкраіне кантралюе шэраг кампаній, зьвязаных зь Віктарам Медзьведчуком.

У прыватнасьці, продаж паліва з гэтага нафтаправоду ў сярэдзіне Ўкраіны кантралюе група Proton Energy Нісана Маісеева, таксама зьвязанага зь Медзьведчуком. Але ён сьцьвярджае, што зь лідэрам Апазыцыйнай плятформы «За жыцьцё» ў яго не дзелавыя, а сяброўскія дачыненьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG