Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мусяць прайсьці як сьвята». Лукашэнка заявіў пра два гады выбарчых кампаніяў


Буфэт выбарчага ўчастку, дзе Аляксандар Лукашэнка галасаваў на парлямэнцкіх выбарах. Менск, 11 верасьня 2016 году
Буфэт выбарчага ўчастку, дзе Аляксандар Лукашэнка галасаваў на парлямэнцкіх выбарах. Менск, 11 верасьня 2016 году

Аляксандар Лукашэнка 14 сакавіка прыняў з дакладамі кіраўніка сваіх справаў Віктара Шэймана і кіраўніцу сваёй адміністрацыі Натальлю Качанаву.

Аляксандар Лукашэнка і Віктар Шэйман
Аляксандар Лукашэнка і Віктар Шэйман

Як піша прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, ён размаўляў зь Віктарам Шэйманам пра Афрыку: дамовіўся, што Шэйман «пабудзе ў шэрагу краінаў, зь якімі мы спрабуем супрацоўнічаць, і ў нас завязаліся добрыя стасункі, каб разумець, на якія дзяржавы Афрыкі нам абапірацца». Ён нагадаў Шэйману, што «наступныя два гады будуць экзамэнам для ўсёй „вэртыкалі“».

Выбарамі зоймецца адміністрацыя Лукашэнкі, бо ў ЦВК мала людзей? У законах такое не запісана

Аляксандар Лукашэнка і Натальля Качанава
Аляксандар Лукашэнка і Натальля Качанава

У размове з Натальляй Качанавай Лукашэнка згадаў будучыя выбарчыя кампаніі, «падкрэсьліўшы, што наступныя два гады ня мусяць уцягнуць краіну ў нейкія ўзбурэньні, а самі выбары мусяць прайсьці як сьвята».

Ён таксама заклікаў Качанаву пачынаць рыхтавацца да выбараў і ня ўтойваць гэтага, бо «ў ЦВК усяго нічога людзей» і «ўсё ляжа на плечы ўлады тут, зьверху, у адміністрацыі прэзыдэнта». Пры гэтым адцягваць урад на пытаньні выбараў Лукашэнка забараніў — «хай займаецца эканомікай».

Сярод функцыяў адміністрацыі прэзыдэнта і ўраду няма правядзеньня выбараў. Паводле Канстытуцыі, іх забясьпечваюць выбарчыя камісіі. Выбарчы кодэкс апісвае паўнамоцтвы выбарчых камісіяў, прэзыдэнта, Палаты прадстаўнікоў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў — але ня ўраду ці адміністрацыі прэзыдэнта.

Акрамя таго, Лукашэнка даручыў Качанавай «прапанаваць варыянт» пасланьня беларускаму народу, якое Лукашэнка мае зачытаць неўзабаве, а таксама заняцца пытаньнямі ад грамадзянаў, якія паступілі падчас «вялікай размовы з прэзыдэнтам» — «узяць пад кантроль усе гэтыя пытаньні і страсянуць усю краіну».

Качанава адказала, што «ніякай надзвычайнай сытуацыі» што да бліжэйшых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў няма — і што ня трэба «рабіць розьніцы між электаральнымі гадáмі і астатнімі».

«Калі кіраўнік даў абяцаньне, яно мае быць выкананае. Людзей падманваць нельга, — падсумавала Качанава сустрэчу з Лукашэнкам. — Гэта галоўны тэзіс, які заўсёды кажа прэзыдэнт нашай краіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG