Абдэлязіз Бутэфліка адмовіўся балятавацца ў прэзыдэнты Альжыру. Пра гэта ён абвясьціў у звароце да нацыі ў эфіры тэлеканалу APS.
Таксама ён заявіў, што заплянаваныя на красавік выбары будуць перанесеныя, а ва ўрадзе чакаюцца перастаноўкі.
Інфармацыйныя агенцтвы краіны паведамляюць пра тое, што ўрад Альжыру сышоў у адстаўку.
З канца лютага ў сталіцы і іншых гарадах краіны рэгулярна праходзілі шматтысячныя маніфэстацыі пратэсту, удзельнікі якіх патрабавалі ад Бутэфлікі ня вылучацца на пяты тэрмін на маючых адбыцца ў красавіку выбарах кіраўніка дзяржавы.
Прэзыдэнт Альжыру 82-гадовы Абдэлязіз Бутэфліка вярнуўся ў нядзелю на радзіму па завяршэньні прыватнага візыту ў Швэйцарыю, падчас якога ён праходзіў мэдычнае дасьледаваньне. У 2013 годзе альжырскі лідэр перанёс цяжкі інсульт. З тых часоў ён перасоўваецца ў інвалідным вазку, з цяжкасьцю гаворыць і практычна не зьяўляецца на публіцы.
***
Бутэфліка вядомы сваім удзелам у барацьбе за незалежнасьць Альжыру ад Францыі ў 50-х гадах мінулага стагодзьдзя. У пачатку 2000-х ён паклаў канец грамадзянскай вайне, якая пачалася ў 1991 годзе і якая забрала жыцьці каля 150 тысячаў чалавек.
Ён займае сваю пасаду з 1999 году, а ўсяго ва ўладзе знаходзіцца за 20 гадоў.
Папярэднія выбары ён выйграваў зь вялікім адрывам ад астатніх кандыдатаў, усе чатыры разы апанэнты заяўлялі аб масавых фальсыфікацыях.
У 2008 годзе на другім тэрміне Бутэфлікі ў канстытуцыю былі ўнесеныя папраўкі, якія далі магчымасьць прэзыдэнту застацца ва ўладзе больш за два тэрміны.
Усе гэтыя гады яму ўдавалася пазьбягаць шырокай незадаволенасьці насельніцтва дзякуючы высокім сусьветным цэнах на нафту.
З паніжэньнем цэнаў на нафту краіна пачала адчуваць фінансавыя цяжкасьці. Бюджэт больш ня можа аплачваць вялікія сацыяльныя праекты і ў краіне расьце беспрацоўе.