Пра «Наваросію» і забытыя ўрокі гісторыі
Адно з самых папулярных у сёньняшняй Расеі выслоўяў, якое апошнім часам часта можна пачуць на ўсіх фэдэральных тэлеканалах з вуснаў многіх палітыкаў і прапагандыстаў: «Там, дзе аднойчы быў падняты расейскі сьцяг, ён ужо спускацца не павінен».
Ці абмяркоўваюцца тэмы Данбасу і Ўкраіны, ці вядуцца дыскусіі пра лёс Крыму, Курылаў — абавязкова хтосьці працытуе гэтыя словы імпэратара Мікалая І, сказаныя ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя, калі Расея насуперак міжнародным дамоўленасьцям далучала Прыморʼе, вусьце Амура.
Выслоўе нават трапіла ў новыя дапаможнікі па гісторыі для расейскіх школьнікаў, прасякнутыя ідэяй імпэрскай велічы Расеі.
Ад расейскай Польшчы да расейскай Аляскі
Расейскі сьцяг на працягу мінулых стагодзьдзяў дзе толькі ні ўзьнімаўся.
Падчас найбольшага пашырэньня імпэрыі, у другой палове ХІХ стагодзьдзя, расейскія памежныя слупы былі на захадзе (за 300 кілямэтраў ад Бэрліна), на поўначы (за 170 кілямэтраў ад Стакгольма), на поўдні (за 400 кілямэтраў ад Пэкіна). На ўсходзе імпэрыя адзін час перасягнула Ціхі акіян, захапіўшы вялізную тэрыторыю Аляскі, а імпэрскі сьцяг можна было ўбачыць нават у Каліфорніі (крэпасьць і расейскае паселішча Форт-Рос, 80 кілямэтраў ад Сан-Францыска).
У той век ідэямі каляніяльных захопаў была апантаная ня толькі Расея: фактычна ўсе тагачасныя эўрапейскія дзяржавы імкнуліся стаць імпэрыямі і пашырыць свае межы.
Але сёньня, праз 150-200 гадоў пасьля эпохі вялікіх каляніяльных захопаў, калі ўсе імпэрыі даўно рухнулі, а былыя калёніі сталі самастойнымі дзяржавамі, здаецца, толькі ў Расеі так пакутуюць ад фантомных боляў, ад страты былой неабсяжнай велічы.
Прычым уцямнага адказу на пытаньне, навошта ня самай заможнай краіне гвалтам утрымліваць захопленыя калісьці землі, трацячы на гэта вялізныя сілы і грошы, псуючы адносіны з усім сьветам, палохаючы суседзяў, і ці не разумней было б замест гэтага заняцца абуладкаваньнем і так немалой расейскай тэрыторыі, большая частка якой занядбаная і абязьлюдзелая, вы не пачуеце ні ад палітыка высокага рангу, які ледзь не штотыдзень лётае за мяжу ва ўласны маёнтак дзе-небудзь на Блакітным беразе, ні ад якога-небудзь далёкага ад палітыкі жыхара Пензенскай вобласьці, які за мяжой ніколі ў жыцьці ня быў і наўрад ці будзе. Уся аргумэнтацыя, хутчэй за ўсё, зьвядзецца да таго ж выслоўя Мікалая І пра расейскі сьцяг, які «спускацца не павінен». Вядома, ня ўсе ў Расеі апантаныя гэтым імпэрскім чадам, але голас тых, хто спрабуе давесьці суграмадзянам, што «Крым ня наш», большасьць насельніцтва ня чуе ці чуць ня хоча.
Пра гэту глыбінную прагу расейскай душы да няспыннага пашырэньня сваёй дзяржавы грунтоўна напісаў у нядаўнім нашумелым артыкуле «Доўгая дзяржава Пуціна» памочнік расейскага прэзыдэнта Ўладзіслаў Суркоў, якога многія лічаць ідэйным натхняльнікам і галоўным тэарэтыкам Крамля.
Паводле яго, Расея, «абрынуўшыся з узроўню СССР, разбурацца перастала, пачала аднаўляцца і вярнулася да свайго натуральнага і адзіна магчымага стану вялікай супольнасьці народаў, якая няспынна павялічваецца і зьбірае землі».
І як пры такіх праграмных мэтах Крамля могуць адчуваць сябе людзі там, дзе калісьці пад расейскім сьцягам вымушаныя былі жыць іхныя продкі, і ад якога пазбавіліся найчасьцей толькі цаной вялікіх ахвяраў? А «русский мир» у разуменьні сучасных імпэрцаў — найперш там. І гэта сама меней паўтара дзясятка сёньняшніх незалежных дзяржаў. Правінцыйнымі гарадамі Расейскай імпэрыі калісьці былі і Варшава, і Хэльсынкі, і Талін, І Рыга, і Вільня, і Кіеў, і Кішынёў. І Менск.
На працягу 500 гадоў царызм падбіраў пад сябе суседнія краіны і народы, шляхам соцень войнаў і цаной шматмільённых ахвяраў дасягнуў у гэтым вялізных маштабаў. І тут раптам на пачатку 90-х Расея ў сваіх памерах вяртаецца да тых межаў, якімі яны былі да захопаў, паўтысячагодзьдзя таму, у часы Івана ІІІ і Івана Жахлівага. Усьведамляць, што калісьці заходняя расейская мяжа была пад Познаньню і на Дунаі, а цяпер яна пад Смаленскам і на Доне, для імпэрскай сьвядомасьці невыносна. Пуцін яшчэ ў 2005 годзе назваў гэта «найвялікшай геапалітычнай катастрофай ХХ стагодзьдзя».
Часам здаецца, што расейская палітычная эліта засталася сваім сьветаўспрыманьнем недзе ў ХІХ стагодзьдзі, бо толькі ў той сыстэме каштоўнасьцяў ёй утульна, камфортна, зручна.
Учора Кіеў, заўтра Кішынёў
Некалькі дзён таму, пераключаючы тэлеканалы, выпадкова спыніўся на палітычным шоў першага расейскага каналу «Толстой. Воскресенье» — галоўным чынам таму, што пачуў даўно знаёмы голас. Гаварыў Андранік Міграньян — вядомы расейскі палітоляг, прафэсар МГИМО* (на пачатку і ў сярэдзіне 1990-х ён быў заўсёдным удзельнікам лібэральнай тэлепраграмы пра палітыку «Чырвоны квадрат», якую стварыў і вёў адзін са славутых савецкіх журналістаў эпохі перабудовы Аляксандр Любімаў).
Размова ў студыі — пра тое, як Масква можа выкарыстаць магчымае палітычнае супрацьстаяньне ў Малдове — у тым выпадку, калі пасьля выбараў, што адбудуцца ў гэтую нядзелю, малдаване выйдуць на вуліцу і паспрабуюць зладзіць свой малдаўскі Майдан.
Словы Міграньяна ўразілі:
«Малдаўскі крызіс будзе паглыбляцца на тле ўкраінскага крызісу, які таксама паглыбляецца. Што адкрывае магчымасьці, каб Расея выйшла напрасткі да Румыніі і рэалізавала пэўны праект, які, уласна, ніхто не забыў: Наваросія. Адэская вобласьць мяжуе з Прыднястроўем, Прыднястроўе мяжуе з Малдовай, Малдова з Румыніяй... Я думаю, што вось гэтая спружына сапраўды можа падштурхнуць, каб, па-першае, масавыя настроі ў выніку крызісу ва Ўкраіне стварылі гэтую глебу (гэтую глебу стварылі б і ў Малдове і Прыднястроўі); і каб, вядома, расейская грамадзкая думка запатрабавала ад сваіх уладаў прыняцьця вельмі рашучых захадаў і дзеяньняў, таму што гэта сфэра нашых жыцьцёвых інтарэсаў і гэта экзыстэнцыяльная праблема для Расеі».
«Дык якога чорта мы спыніліся на Крыме і Данбасе»
Грамадзкая ўвага да малдаўскіх выбараў не сказаць каб значная. Краіна маленькая, эканоміка слабая, палітычнай стабільнасьці там няма ўжо мінімум тры дзесяцігодзьдзі: усе з тым даўно звыкліся. І тут — пра магчымасьць такога сцэнару: зноў «Наваросія», зноў мроі пра тое, што Расея выходзіць на румынскую мяжу, адрэзваючы Украіну ад чарнаморскага ўзьбярэжжа.
Вядома, можна пакепліваць зь вялікадзяржаўных пражэктаў крамлёўскіх палітолягаў. Маўляў, тое, што было магчыма пяць гадоў таму, наўрад ці можа быць рэалізавана цяпер, калі Ўкраіна пакрысе аднаўляе свае ўзброеныя сілы, калі праект «ДНР-ЛНР» відавочна выдыхнуўся і страціў прывабнасьць нават для прарасейскай часткі ўкраінскага грамадзтва. Але тое, што ў пракрамлёўскіх палітолягаў на языку, відавочна, у крамлёўскіх палітыкаў у галаве.
Успамінаючы падзеі лютага 2014 году (Майдан у Кіеве, уцёкі Януковіча і наступныя інспіраваныя звонку спробы захопу ўлады прарасейскімі сіламі ў шэрагу рэгіёнаў на поўдні і ўсходзе Ўкраіны), пра што думае і якія пляны выношвае цяперашняя расейская эліта? Вось яшчэ адна цытата зь Міграньяна з той тэлепраграмы:
«...Тады, падчас гісторыі з Крымам, былі размовы пра тое, што будуць жорсткія санкцыі Захаду, будзе тое, будзе іншае... Як высьветлілася, наша памяркоўнасьць і стрыманасьць не спыніла нашых партнэраў. Яны ўсё больш і больш прымяняюць санкцыі. Дык якога чорта мы спыніліся і спынілі людзей, якія хацелі вырашыць гэту праблему раз і назаўсёды?»
Хтосьці, можа, паблажліва ўсьміхнецца: ці мала што гаворыць нейкі палітоляг, няхай сабе і вядомы, і блізкі да Крамля. Але словы гэтыя прамаўляюцца ў праграме, якую вядзе намесьнік старшыні расейскай Дзярждумы, на адным з галоўных фэдэральных каналаў. І заўважце, што гаварыў за некалькі дзён да гэтай праграмы, 14 лютага, сакратар Рады бясьпекі РФ Мікалай Патрушаў:
«Малдаўскае грамадзтва падштурхоўваецца да расколу і канфліктаў, выбарнікі разьдзяляюцца паводле прынцыпу — за ці супраць Захаду. Гэта звыклая палітыка творцаў „каляровых рэвалюцый“. Падобнае мы ўжо назіралі ва Ўкраіне ў 2014 годзе, калі быў ажыцьцёўлены дзяржаўны пераварот. У выпадку ж перамогі сацыялістаў ня выключана, што Захад арганізуе правых на стварэньне малдаўскага „майдану“ ў Кішынёве і падштурхне да імпічмэнту прэзыдэнта».
...Словы Мікалая І пра расейскі сьцяг, які, аднойчы недзе падняты, «ужо спускацца не павінен», маюць мала агульнага з рэчаіснасьцю. Ён апускаўся шмат разоў і ў шмат якіх месцах, бо рэдка які народ, стаўшы ахвярай акупацыі ці анэксіі, хоча мірыцца з чужой уладай і чужымі норавамі.
Сам Мікалай І, як і іншыя самадзержцы, вельмі хацеў застацца ў гісторыі як зьбіральнік земляў, заваёўнік. Дзеля гэтага ў канцы свайго кіраваньня разьвязаў Крымскую вайну, увёўшы войскі ў Малдову і Валахію, якія тады былі васаламі Асманскай імпэрыі. Трызьніў пра тое, як расейскі сьцяг будзе ўзьняты над Канстантынопалем, над Басфорам і Дарданэламі.
Але шматлікая, але адсталая ў тэхніцы і ўзбраеньні расейская армія пацярпела паразу ад кааліцыі эўрапейскіх дзяржаў. Расея апынулася ў адзіноце, страціла ўвесь свой чарнаморскі флёт і права ўвогуле мець вайсковыя караблі ў Чорным моры, ад імпэрыі былі адрэзаны паўднёвая Бэсарабія і дэльта Дуная. У той авантурнай вайне склалі галовы 143 тысячы падданых імпэрыі.
А што да крылатых выслоўяў мікалаеўскай эпохі, то мне са школьных гадоў больш блізкая іншая цытата. Вось што казаў пра самога Мікалая І Аляксандар Пушкін: «У ім шмат ад прапаршчыка і няшмат ад Пятра Вялікага». Але ў сёньняшняй Расеі гэтыя словы згадваць ня любяць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
*МГИМО — Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін