Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін думае пра Беларусь? Новы курс Масквы — «даціснуць беларускага партнэра», — Класкоўскі


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падчас пасланьня Фэдэральнаму Сходу
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падчас пасланьня Фэдэральнаму Сходу

Госьць «Інтэрвію тыдня» — палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі. Ён камэнтуе той факт, што ўпершыню за некалькі гадоў слова «Беларусь» зноў прагучала ў прэзыдэнцкім пасланьні Ўладзіміра Пуціна, заяўляе, што нават Лукашэнка ўжо зразумеў, што спадзявацца на раўнапраўную інтэграцыю — гэта марная ілюзія, і лічыць, што найбліжэйшымі гадамі Масква будзе мякка трымаць пальчатку на горле незалежнасьці Беларусі.

Сьцісла

  • Выказваньне Пуціна ў пасланьні пра Беларусь навеянае новым курсам Масквы ў дачыненьні да Менску.
  • У адносінах з Захадам Расея дэманструе «змушаную міралюбнасьць».
  • У вачох расейскіх генэралаў Беларусь была і застаецца стратэгічным пляцдармам, бальконам, які навісае над Усходняй Эўропай.

Паспрабуйце дамовіцца з алігатарам — усё адно пры першай магчымасьці ён адхопіць руку ці што іншае

— 20 лютага ў штогадовым пасланьні да Фэдэральнага сходу прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выказаўся пра неабходнасьць умацоўваць каардынацыю ў рамках «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі. Упершыню за некалькі апошніх гадоў слова «Беларусь» прагучала ў прэзыдэнцкім пасланьні Пуціна. Тое, што «Пуцін думае пра Беларусь» — гэта добры ці кепскі знак для афіцыйнага Менску?

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

— Кажучы словамі расейскага клясыка, «Минуй нас пуще всех печалей» увага Крамля ў любым сэнсе. Я думаю, што гэтая фраза Пуціна ў пасланьні, хоць і вельмі абцякальная, але навеяная новым курсам Масквы ў дачыненьні да Беларусі.

Гэты курс выявіўся ў сьнежаньскім «ультыматуме» Мядзьведзева, калі той прапанаваў два альтэрнатыўныя варыянты. Адзін кансэрватыўны — калі застаюцца ў прынцыпе тыя ж парамэтры, але тады Беларусь можа не разьлічваць на маскоўскія пернікі. Альбо варыянт «прасунутай» інтэграцыі, які Лукашэнка адразу па гарачых сьлядах ацаніў як варыянт ціхай інкарпарацыі, з патасам заявіўшы, што за бочку нафты мы сувэрэнітэт прадаваць ня будзем.

Потым, калі каса найшла на камень (гэта было відавочна па гэтых зацяжных перамовах прэзыдэнтаў безь відочнага выніку) — то і Масква трошкі сьцішыла свае амбіцыі на сёньня, і Лукашэнка прыглушыў гук зь незалежніцкай патэтычнай рыторыкай. Але застаўся на той пазыцыі, што прасунутая інтэграцыя вельмі небясьпечная для сувэрэнітэту, а значыць, для ягонай улады.

У сёньняшнім выступе Пуціна ўсё гэта прагучала ў такім зьмікшаваным выглядзе. Але для мяне гэта сымптом таго, што Масква будзе спакваля імкнуцца даціснуць беларускага партнэра ў гэтых пытаньнях.

Сутнасьць курсу — у мяккім паглынаньні ці «прыбіраньні да рук» Беларусі

— Як можна па пунктах, больш пашырана акрэсьліць гэты «новы курс» Крамля?

— Скажам наўпрост — Расея застаецца імпэрыяй. Гэта краіна зь вялікадзяржаўным мысьленьнем, якое характэрнае і для элітаў, і для значнай часткі грамадзтва. Таму спадзявацца на нейкую раўнапраўную інтэграцыю — гэта марная ілюзія. Я думаю, гэта даўно ўжо зразумеў і Лукашэнка. Паспрабуйце дамовіцца з алігатарам — усё адно пры першай магчымасьці ён адхопіць руку ці што іншае.

Любыя пляны Масквы абстаўляюцца такой рыторыкай, што «мы не зьбіраемся замахвацца на сувэрэнітэт Беларусі, прапануем проста паглыбленьне інтэграцыі». Але ўсё гэта толькі рыторыка. Сутнасьць курсу — у мяккім паглынаньні ці «прыбіраньні да рук» Беларусі.

Натуральна, што Пуцін не гатовы з танкамі ісьці на Беларусь, не гатовы душыць Беларусь «кашчавай рукой голаду». Але мяркуе пакрысе падціскаць і на нейкім этапе фактычна завалодаць тут каманднымі пазыцыямі ў эканоміцы, у вайсковай сфэры. Пры гэтым нейкія атрыбуты сувэрэнітэту застануцца. І няхай нейкі кіраўнік Беларусі сядзіць у палацы і глядзіць на вялікі сьцяг, ня маючы рэальнай улады. Карацей, узяць Беларусь ціхай сапай. На гэта, я думаю, працуе ў тым ліку і прапагандысцкая машына Крамля.

— Летась цэнтрам штогадовага пасланьня Пуціна былі замежнапалітычныя пытаньні. Расейскі прэзыдэнт ці палохаў, ці зьдзіўляў сьвет кадрамі нейкай новай звышэфэктыўнай ракеты. Але гэтым разам, згодна з падлікамі назіральнікаў, каля 70 працэнтаў пасланьня было прысьвечана найперш унутрыпалітычным сацыяльным і эканамічным пытаньням. Ці азначае гэта, што ўзровень канфрантацыі Масквы з Захадам зьмяншаецца? Хаця, зь іншага боку, Пуцін выказаўся пра эўрапейцаў, што яны «падрохкваюць» ЗША.

— Так, Пуцін імкнуўся быць паліткарэктным, але сарваўся на такую лексыку, якую ён часам дапускае, на такі грубы слэнг. Але ўвогуле, сапраўды, Пуцін выглядаў даволі міралюбна. У параўнаньні зь леташнім выступам гэта неба і зямля. Там ён атрымліваў асалоду ад таго, што кідае пальчатку Штатам, а цяпер казаў пра нейкую дапамогу шматдзетным сем’ям, інвалідам, кадастравы кошт будынкаў і ўчасткаў, выглядаў «крепким хозяйственником», а не стратэгам усясьветнага маштабу, якому пасьля Гандзі няма з кім і пагаварыць.

І гэта змушаная пераарыентацыя. Тут два чыньнікі. Па-першае, упаў рэйтынг Пуціна, і гэта паказваюць нават залежныя ад Крамля сацыялягічныя структуры. Ну, і па-другое, як бы ні храбрыліся ў Крамлі, што «нас ціснуць санкцыямі, а мы толькі мацнеем» — насамрэч санкцыі падкасілі моцна. І сёньня Крэмль адчувае, што проста няма пораху працягваць агрэсіўную палітыку, уцягвацца ў гонку ўзбраеньняў. Таму гэта такая змушаная міралюбнасьць.

Калі гэта праецыраваць на беларускія пытаньні, то акурат тут ёсьць пэўныя надзеі, што Крэмль вымушаны будзе болей засяродзіцца на ўнутраных пытаньнях, на разьвязваньні сацыяльных праблемаў, і актуальнасьць гэтага «наступу на беларускім фронце» можа зьнізіцца. Ціск на Беларусь, магчыма, аслабне.

Калі казаць пра вайсковы аспэкт, то Пуцін сёньня падкрэсьліваў, што Расея ня хоча першай разьмяшчаць у Эўропе ракеты сярэдняй і меншай дальнасьці. Штаты таксама ня рвуцца. Як мяркуюць экспэрты, выхад з гэтай дамовы найперш накіраваны супраць Кітаю. Таму казаць, што тут заўтра рубам стане пытаньне разьмяшчэньня расейскіх базаў у Беларусі — не выпадае. І гэта станоўчы для Беларусі момант.

А вось у эканамічным пляне — Пуціну будзе лягчэй тлумачыць, чаму Крэмль зьмяншае субсыдыі для Беларусі. Маўляў, мы хочам сваіх бедных і шматдзетных падтрымаць і гэтак далей. І гэта для Менску будзе мінусам.

Найбліжэйшымі гадамі Масква будзе падціскаць і мякка трымаць пальчатку на горле незалежнасьці Беларусі

— Як гэтае патэнцыйнае зьмяншэньне канфрантацыі Расеі з Захадам можа паўплываць на Беларусь? Бо апошнія гады Менск і Масква ішлі ў адваротных кірунках. Масква вядзе халодную вайну з Захадам. А Менск пашырае бязьвіз і праводзіць нармалізацыю адносінаў з Захадам. Ці ёсьць у Менску надзея, што Крэмль ня будзе прымушаць яго стаць у адзіны антызаходні шэраг?

— Па-першае, усё ж такі рызыка эскаляцыі напружанасьці, новай гонкі ўзбраеньняў існуе. У гэтым пляне Беларусь заўжды будзе пад дамоклавым мячом Расеі, бо ў вачох расейскіх генэралаў яна была і застаецца стратэгічным пляцдармам, бальконам, які навісае над Усходняй Эўропай.

Прэзыдэнты Расеі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка перад паседжаньнем у Маскве, сьнежань 2018г
Прэзыдэнты Расеі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка перад паседжаньнем у Маскве, сьнежань 2018г

Халодная вайна ўсё адно будзе найбліжэйшай пэрспэктывай у дачыненьнях паміж Расеяй і ЗША. Няма ніякага даверу ў Захаду да Расеі пасьля Крыму і Данбасу. Вельмі сымбалічны нядаўні артыкул памочніка Пуціна Суркова, дзе прадстаўленая наступная філязофія — «Расея будзе сама па сабе, паасобку, народ яднаецца з правадыром» і гэтай далей.

Таму думаю, што Крэмль настроены на доўгую эпоху супрацьстаяньня з Захадам. Адпаведна, яны ня будуць адпускаць Беларусь. І гэта вялікая праблема і для Лукашэнкі, і для любога, хто апынецца на ягоным месцы.

Але будзе заставацца пэўны калідор для лявіраваньня, і Лукашэнка будзе ўсяляк выкручвацца. Сёньня ў Менску прайшла калегія МЗС, і міністар Макей зноў падкрэсьліў, што трэба прапагандаваць ініцыятыву афіцыйнага Менску «Хэльсынкі-2». Тут разумеюць, што шанцы на яе рэалізацыю вельмі кволыя, але гэта выратавальная ніша.

Іншая рэч, што дзеля таго, каб сапраўды шчыльна зблізіцца з Захадам, дывэрсыфікаваць замежныя сувязі — трэба перабудоўваць сыстэму. А на гэта Лукашэнка ня здольны. І гэта галоўны выклік для Беларусі ў найбліжэйшыя гады, калі Масква будзе падціскаць і мякка трымаць пальчатку на горле незалежнасьці Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG